КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нябо́га ’небарака, бедалага, няшчасны’ (Шпіл., Мядзв., Яруш., Булг., Бяльк.), нэбо́га ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), нябо́га — звычайна ў звароце ’прыяцель, голуб, даражэнькі, шаноўны’ (Нас., Мал., Касп.), нябо́га, небо́га, нібо́га ’пляменніца’ (парыце Янк. Мат.; пухав., Сл. ЦРБ; Сцяшк., Янк. 1, Чуд.; ст.-дар., Нар. сл.; петрык., Шатал.; браг., рэч., Мат. Гом.; мазыр., З нар. сл.; Сл. Брэс., ТС), нябожа ’тс’ (хойн., Шатал.), сюды ж небо́ж, мн. небожа́та ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (Федар., Пятк., ТС), нябо́ж, небож ’тс’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’пляменнік’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Чуд., Мат. Маг., парыц., Янк. Мат.; Янк. 1, Ян.; браг., Мат. Гом.; лельч., Нар. лекс.; мазыр., хойн., Шатал.), нябо́г ’тс’ (петрык., Шатал.), ні́бог, ні́бож — у іранічным звароце ’шаноўны, даражэнькі’ (Нас.), небажа́ — пагрозлівы зварот да няпоўналетніх (Нас.), нябо́гая ’нявестка’ (пруж., Сл. Брэс.), укр.небо́га ’пляменніца; небарака, галубка’, небі́ж ’пляменнік; небарака, бядак’, небожа́ ’пляменнік, пляменніца’, небожата ’мілыя, родныя, галубкі’, польск.nieboga ’бедная, няшчасная жанчына; нябошчыца’, nieboże ’небарак, бядак’, славен.nebore (< *nebože) ’тс’; у іншых славянскіх мовах пераважна ў форме прыметнікаў параўн. рус.небогий ’бедны’, чэш.nebohý ’бедны, убогі, мізэрны’, славац.nebok, nebohý ’памерлы’, в.-луж.njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж.njabogi ’тс’, серб.-харв.нѐбог, дыял.nebȍh ’убогі, бедны’. Прасл.*ne‑bogъ, дзе другая частка *bogъ ’доля, частка’, параўн. багаты (гл.); тыпалагічная паралель — нядо́ля ’няўдалы, няздатны (пра чалавека)’ (Сцяшк.), першасная матывацыя, магчыма, у пруж.нябо́гая ’нявестка’, г. зн. ’якая не мае сваёй долі, часткі (багацця)’, аналагічна убо́га ’нявестка’ ад убогі ’бедны, няшчасны; абяздолены’ (гл.). Усходнеславянскае значэнне ’пляменніца’, відаць, адлюстроўвае нейкую старажытную маёмасную непаўнацэннасць дачкі брата або сястры ў старым патрыярхальным ладзе. Гл. Махэк₂, 393; Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 201; Трубачоў, Этимология–1965, 27; Іванаў, Тапароў, Слав. языкозн., 8, 236; Слаўскі, Зб. Геаргіеву, 388.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел.робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус.ра́б ’раб’, польск.rab ’раб, хлопец’, чэш.rab ’тс’, ст.-чэш.rob ’нашчадак’, славац.rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац.rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв.rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен.r̀ȍb ’тс’, балг.роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед.раб, роб ’тс’, ст.-слав.рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск.рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл.*orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл.*orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг.ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е.*orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц.arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням.Arbeit ’работа’, лац.orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл.orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд.árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр.субо́та, рус.суббо́та, ст.-рус.субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац.sobota, палаб.sübota, серб.-харв.су́бота, славен.sobóta, балг.съ́бота, макед.сабота, ст.-слав.сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр.šabbāt, арам.šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац.sabbata, мн. л. ад sabbatumпераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч.дыял.*σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч.σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац.*sambata, параўн. рум.sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням.sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав.сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч.σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абы́1, злучнік.
1.умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне.Чорны.[Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце.Шамякін.
2.мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было.Паслядовіч.Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло.Скрыган.
3.часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма.Чарнышэвіч.[Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач.Брыль.
абы́2, часціца.
Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца.М. Ткачоў.[Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу.Лынькоў.// Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы!Бажко.
•••
Абы дзень да вечарагл. дзень.
Абы з рукгл. рука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважназінф.
1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы.Ермаловіч.[Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог.Шахавец.// Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць!Гілевіч.// Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны.Купала.[Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць.Крапіва.
2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць.Крапіва.
3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна.Лынькоў.[Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава.Лойка.
•••
Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.
Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.
Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папе́ра, ‑ы, ж.
1. Матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад., які вырабляецца ў асноўным з раслінных валокнаў, апрацаваных адпаведным спосабам. Абгортачная папера. Папяросная папера. Газетная папера. □ Ускудлачаны Аляксееў, седзячы за сталом, нешта чарціў на лістку паперы.Карпаў.Ходзячы па вуліцах горада, мы неаднойчы бачылі на вокнах дамоў выразаныя з паперы залатыя і чырвоныя зоркі.Лынькоў.
2. Пісьмовы дакумент афіцыйнага характару. Штабныя паперы. □ [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі.Клімковіч.[Галена] чакала ў паважнай канцылярыі падарожнай паперы.Чорны.//толькімн. (папе́ры, ‑пер). Разм. Асабістыя дакументы (аб службе, нараджэння і пад.). [Лабыш:] Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты.Козел.
3.пераважнамн. (папе́ры, ‑пер). Розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі.Дуброўскі.Пісар хацеў нешта сказаць, але .. замест адказу, узяў вокладкі, распёртыя рознымі паперамі.Колас.
•••
Александрыйская папера — асобы гатунак гладкай шчыльнай белай паперы вялікага фармату для чарчэння і малявання.
Ватманская папера — цвёрдая высокагатунковая папера для чарчэння і малявання.
Каштоўныя паперы — аблігацыі, вэксалі.
Лакмусавая папера (паперка) — фільтравальная папера, насычаная растворам лакмусу, якая ўжываецца ў якасці рэактыву на кіслоты і шчолачы.
Мелаваная папера — папера, накрытая белай клеявой фарбай.
Міліметровая папера — папера для чарчэння ў клетку, роўную аднаму квадратнаму міліметру.
Застацца на паперыгл. застацца.
[Ад грэч. pápyros — выраб з расліны папірусу]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,
помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел.царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.