ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЎБЕР (Glauber) Іаган Рудольф (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),
нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАБІ́ЛЬНЫХ АГРЭГА́ТАЎ.
Засн. ў 1884 як ліцейна-мех. майстэрні. У 1939 пераўтвораны ў ліцейна-мех. з-д для рамонту прамысл. абсталявання млыноў, цагельных з-даў і машын с.-г. прызначэння. З 1944 працаваў у якасці ваенна-рамонтных майстэрняў. З 1953 велазборачны, з 1960 веласіпедны з-д. З 1965 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): тармазныя камеры і амартызатары для аўтамабіляў розных марак, стойкі амартызатарныя, веласіпеды дзіцячыя «Нёман», «Кранон».
т. 5, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТАДЫЕ́Н-НІТРЫ́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́, дывініл-нітрыльныя каўчукі,
сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і акрыланітрылу, [—CH—CH=CH—CH2—]n—[CH2——CH(CN)—]m.
Аморфныя прадукты ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру, шчыльн. 940—1020 кг/м³. Раствараюцца ў арган. злучэннях: кетонах, араматычных вуглевадародах, хлорвытворных вуглевадародаў. Устойлівыя да ўздзеяння тэхн. маслаў, бензіну, аліфатычных вуглевадародаў. Атрымліваюць суполімерызацыяй у воднай эмульсіі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці масла- і бензінаўстойлівых гумавых вырабаў (ушчыльняльнікаў, сальнікаў, амартызатараў і інш.), у якасці пластыфікатараў для пластмасаў.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),
ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да 1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс. т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс. т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.
т. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,
паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПАК,
чаранок ці частка кары з пупышкай культурнай расліны, што прышчэпліваюць на інш. расліну (прышчэпу); таксама надземная частка расліны, якая вырастае з прышчэпленага чаранка ці пупышкі. Забяспечвае прышчэпленую расліну арган. рэчывамі, уплывае на якасці каранёвай сістэмы, марозаўстойлівасць і інш. У пладаводстве П. нарыхтоўваюць у матачных садах пры пладовых гадавальніках. Якасць ГІ́. залежыць ад стану матачных дрэў (павінны быць здаровыя, устойлівыя да хвароб, урадлівыя) і ўмоў захоўвання. Гл. таксама Прышчэпліванне.
т. 13, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛАГЕКСАНО́Н,
тыповы прадстаўнік кетонаў.
Бясколерная вадкасць з пахам ацэтону і мяты, tпл 40,2 °C, tкіп 155,6 °C, шчыльн. 946 кг/м³. Добра раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў, дрэнна — у вадзе. У прам-сці атрымліваюць акісленнем цыклагексану кіслародам паветра, дэгідрыраваннем цыклагексанолу. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адыпінавай к-ты, у якасці паўпрадукту ў вытв-сці капралактаму, растваральніка нітратаў і ацэтатаў цэлюлозы, воскаў, прыродных смол і інш. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і скуры (ГДК 10 мг/м³).
т. 17, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШЧАНКА Уладзімір Іванавіч (н. 10.6.1939, г. Жытомір, Украіна),
бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных навук (1988), праф. (1989). Скончыў Львоўскі мед. ін-т (1961). З 1961 у Віцебскім мед. ін-це (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні новых лек. сродкаў, паляпшэнні іх якасці, удасканаленні тэхналогіі.
Тв.:
Перспективы развитая высшего фармацевтического образования в Республике Беларусь // Проблемы медицинского образования в Беларуси. Витебск, 1995.
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)