навако́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі. Навакольныя калгасы. □ Навакольны недалёкі лес дыхаў роснай вільгаццю. Пестрак. З вялікай надзеяй і гонарам глядзяць цяпер усе навакольныя людзі на тры велічныя капры. Кулакоўскі.
2. Які адбываецца навокал каго‑, чаго‑н. Аляксей Аўдзейчык стаіць пад сцяною кароўніка і любуецца навакольнай прыгажосцю восені. Дуброўскі. Шасціць пад коламі лісце, не глушачы навакольных гукаў. Аляхновіч.
3. у знач. наз. навако́льнае, ‑ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н. Жанчына жыла толькі.. [дзіцем], глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці.. Карпаў.
4. у знач. наз. навако́льныя, ‑ых, мн. Людзі, якія знаходзяцца навокал каго‑, чаго‑н. Верка аглядалася, меркавала, якое робіць уражанне на навакольных. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.
2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.
2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.
3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.
2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.
3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Няёмка падагнуцца, схіліцца ўбок. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк. // Вывіхнуцца, аказацца пашкоджаным (пра ногі, рукі). — Ступіць не магу, — крывячыся ад болю, сказаў Паўлік.. — Ступіў нядобра, а.. [нага] неяк падвярнулася і ажно трэснула. Бяганская.
2. Разм. Выпадкова сустрэцца, аказацца побач. Падвярнуўся знаёмы. Падвярнуўся пакупнік. □ З Ялты [Ірма і Яругін] вярталіся позна. Добра яшчэ, што падвярнулася таксі: яно падвезла пад самы корпус, дзе жыў Яругін. Карамазаў. Толькі паспела [Кацярына] скончыць дзесяцігодку, як падвярнуўся нейкі геолаг, высватаў.. і Міканор іх толькі і бачыў. Ракітны. // Выпасці, прыйсціся на чыю‑н. долю. Падвярнулася бяда. □ [Нам] падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. Казлоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падлаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.
1. Падпільнаваўшы, злавіць, затрымаць. — Дзе вы такога бандыта падлавілі? — па-панібрацку звяртаецца [незнаёмы] да Косці і Сашкі. Карпюк.
2. перан. Знянацку застаць. Колькі разоў спрабаваў афіцэр падлавіць Мацачка, як кажуць, на месцы злачынства і пакараць, але зрабіць гэта яму ніяк не ўдавалася. Сачанка.
3. перан. Назіраючы, слухаючы, заўважыць што‑н. У тоне Міколы Віхора Карніцкі падлавіў нейкую абыякавасць, тое, чаго ён вельмі не любіў. Паслядовіч. // Злавіць на чым‑н. няўдала сказаныя, напісаныя. [Іван Сцяпанавіч:] — Вы падумалі мяне падлавіць крыху: ці няма ў казцы супярэчнасці? Дубоўка.
4. Разм. Налавіць дадаткова. [Андрэй:] — Падловіш яшчэ на вуды [рыбы], а то без дробязі і юшка не юшка. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. папер, ‑перла; заг. папры; зак.
Разм.
1. Хутка, паспешна накіравацца куды‑н. Грышка што было духу папер цераз поле ў бярэзнік. Чарот. Ззаду на .. [паравоз] паперлі вагоны. Новікаў.
2. каго. Груб. Прагнаць, выгнаць. Я моцна зазлаваў і папер беднае дзіця: — Кідай дровы! Панашу іх сам. А ну марш дадому! Карпюк. // Пагнаць, адправіць куды‑н. — Дзівак чалавек, — усміхнуўся пасыльны. — Садзіся во ў брычку, паедзем, а то заўтра пехатой папруць. Асіпенка.
3. каго-што. Панесці, павалачы (звычайна што‑н. цяжкае). Для большай пачцівасці Стуканок пакінуў сваю аблавушку на ганку, а торбу з рыбай папер у хату. Рылько. Ускінуў .. Ільюк [цяля], як барака, на плечы.. і папер дадому. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плю́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і плюхнуцца. Бутэлька не разбілася, а плюхнула ў ваду. Карпюк. Плюхнуў Даніла ў крэсла ля Дзерашавага стала, аж тое з скогатам адсунулася. Шынклер. Збоку, так пачулася Ігнату, плюхнула вада, нібы хто ідзе непадалёк побач з дарогай. Галавач. Дзесь у чаротах плюхне качка. Па лозах пройдзе вецярок... Іверс.
2. што або чаго. Разм. Рэзкім рухам выліць ваду, вадкасць. Жанчына не адказала, высыпала бульбу з мяшка ў цабэрак, плюхнула туды вады вядро і пачала ажагом мяшаць. Лобан. // Наліць невялікую колькасць. Калі Тарасюку плюхнулі баланды, ён падхапіў бляшанку і вымеркаваў так, каб сесці поруч з пакалечаным палонным. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Адкрыта сказаць, расказаць аб чым‑н., сазнацца. Прызнацца ў каханні. □ Тварыцкі закапаў грошы з цвёрдым намерам ніколі не аддаваць іх і прызнаўся ў гэтым толькі выпадкова. Чорны. — Не магу, братка, ісці, — прызнаўся Іван. Колас. Чамусьці няёмка было хлапцу прызнацца, што аддаў сваю пілотку чарнамазаму карапузу. Кулакоўскі.
2. інф. прызнацца і 1 ас. адз. прызнаюся. Разм. Ужываецца як пабочнае слова ў значэнне праўду кажучы, шчыра кажучы. — Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля. Гартны. — Думаем паставіць вас прарабам... Давайце згоду, Нічыпар Аўсеевіч. Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў. Асіпенка. Прызнаюся, я тады быў хлапец не святы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)