адплікну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Абл. Адшпіліць (гузік, аплік, запінку). Кастусь абрадавана ўзяў шапку, надзеў яе на галаву, і, адплікнуўшы, адгарнуў яе верх і закрыў ім патыліцу і вушы. Галавач. Адплікнуў ён [мухамор] пінжачок Модны свой, у крапку. Калачынскі. // Адкрыць, адшчапіць (пра сумачку, рыдыкюль і пад.). [Ніна] адплікнула свой рыдыкюльчык і дастала невялікую насовачку. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́прастацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прыняць прамое становішча; разагнуцца, выпраміцца. □ Вудзільна сагнулася і тут жа выпрасталася. Ляўданскі. Жнеі выпрасталіся і пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Мележ.
2. Разм. Легчы, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Стомленасць і позні час спараджалі жаданне легчы, выпрастацца і моцна заснуць. Галавач.
3. Разм. Памерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зату́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Замучыць нападкамі, прыдзіркамі, папрокамі; давесці да атупення. — І я ж пра гэта кажу, пра сяброўства, а без яго, дык затукаюць і разгоняць нас яны, — зноў сказаў Ашурка. Галавач. Успамінаўся Юрка, і яна бедавала, што сын у жыцці бездапаможны без яе. Што ён можа сам? Яго ж адразу затукаюць другія. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́зацца, мажуся, мажашся, мажацца; незак.
1. Мазаць сябе чым‑н. тлустым або вадкім; націрацца. Мазацца крэмам. // Разм. Фарбавацца, грыміравацца.
2. Разм. Рабіцца брудным, пэцкацца. Калі ўзяў [Сідар] вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба надта мажацца.
3. Зал. да мазаць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матылёк, ‑лька, м.
1. Насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых пылком рознага колеру, ад якога залежыць іх афарбоўка. Над полем казачнымі аганькамі снуюць, мітусяцца матылькі. Галавач. Начны матылёк рынуўся з вуліцы на зыркае святло і замітусіўся па пакоі. Чыгрынаў.
2. толькі мн. (матылькі́, ‑оў). Атрад насякомых, якія маюць па дзве пары крылаў, пакрытых дробнымі лусачкамі; лускакрылыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Уст. Таварышка нявесты ў вясельным абрадзе; шаферка. Варочаючыся дамоў, Стэпа стрэлася з Волькаю, якая была за дружку ў Зосі, і расказала Нязвычнісе, як прайшоў шлюб, які настрой валодаў Зосяю і што выявілася ў часе шлюбу. Гартны.
2. Абл. Сяброўка. У абедзвюх так багата агульнага. Усё выказалі дружка дружцы. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ёмка 1,
1. Прысл. да ёмкі.
2. безас. у знач. вык. Разм. Добра, зручна. Сядзець [Віктару], відаць, было не вельмі ёмка, і ён раз-пораз варочаўся, намагаўся вылезці з кажуха. Шамякін.
ёмка 2, ‑і, ДМ ёмцы; Р мн. ‑мак; ж.
Абл. Чапяла. Дзядзіна.. пякла аладкі, нервуючыся, бразгала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заблішча́ць і заблішчэ́ць, ‑чыць; зак.
1. Пачаць блішчаць, блішчэць, зрабіцца бліскучым. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач. У вачах Міколы заблішчэў, мне здалося, шалёны агеньчык. Брыль.
2. Паказацца, выдзеліцца сваім бляскам. Хоць бы поле заблішчала, Хоць бы вёска ўжо хутчэй! Колас. Вось хутка заблішчыць праз кусты.. возера. Кулакоўскі.
•••
Толькі пяткі заблішчалі гл. пятка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́гарадзь, ‑і, ж.
1. Агароджа з жэрдак, дроту і пад.; плот. Дзядзька Харытон яшчэ вясной абнёс проса загараддзю з ядлоўцу. Бажко. Уперадзе загарадзь з калючага дроту. Дамашэвіч.
2. Абгароджанае, выгараджанае месца для жывёлы, птушак; загарада. Дзяўчаткі .. паспелі вынесці качанят з хлеўчука на двор і пусціць у загарадзь. Шыловіч. Па баках хлява загарадзі для кожнай паасобна каровы. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак.
1. чаго. Горнучы, заграбаючы, сабраць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Нагарнуць кучу попелу. □ [Назарэўскі] нагарнуў сабе пад галаву ўсялякіх лахманоў і лёг на лаве. Чорны.
2. што. Разм. Накрыць што‑н. чым‑н. Падкасаў [Кудзіш] рукаў ніжняй кашулі, нагарнуў яго на рану ў тры столкі і зверху моцна завязаў хустачкай. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)