ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯў Вялікую Айчынную вайну.
Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.Я.Уткін (загінуў), камісар С.Р.Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл.Гомеля абарона 1941). 19 жн.ням.-фаш.войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАЎ (Buchow) Данііл Прынтц фон [14.9-1546, г. Львоў або Лемперк (Чэхія) — 1608], дыпламат герм. імператара, пісьменнік. Як пасол Максіміляна II і Рудольфа II у 1576 і 1578 ездзіў у Маскву. Дамагаўся садзейнічання Івана IV у абранні на трон Рэчы Паспалітай аўстр. эрцгерцага Эрнста, сына Максіміляна II; прапаноўваў цару вывесці войскі з Інфлянтаў. У 1577 склаў на лац. мове справаздачу аб пасольстве, якая фактычна стала апісаннем Масковіі ў час Інфлянцкай вайны 1558—82. У ёй ёсць звесткі пра баявыя дзеянні, у т. л. на Беларусі, узяцце рус. войскам у 1563 Полацка. Пры напісанні карыстаўся рус. рукапісамі. Твор лічыцца праўдзівым па верагоднасці і дакладнасці звестак. Упершыню выдадзены ў 1668 у Нейсе.
Тв.:
Рус.пер. — Начало и возвышение Московии // Чтения в имп. о-ве истории и древностей Российских. 1876. Кн. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.
вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял.кн.ВКЛ Казіміра IV. Рус.войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял.кн.ВКЛАляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,
дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял.кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЛЯ́Р’Я АБАРО́НА (чэрв. 1941 — кастр. 1944),
баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял.Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав.войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горад-герой».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛМА́РЫС (Palmares),
Рэспубліка Палмарыс, дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс.чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг.войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.