БАЗЫЛЕ́НКА (Ганна Мартынаўна) (4.4.1908, г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобласці — 16.1.1980),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1952). Скончыла БДУ (1931). Працавала ў Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі (1933—38), БДУ (1944—70). Аўтар манаграфіі «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1964), шэрагу навук. артыкулаў па праблемах сучаснай бел. мовы. У 1920-я г. друкавала пад сваім прозвішчам і псеўд. Ганна Арахоўская вершы, апавяданні і аднаактовыя п’есы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́НЧЫН (Мікалай Іванавіч) (нарадзіўся 28.2.1914, горад Зямлянск Варонежскай вобласці, Расія),
беларускі фізіёлаг. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1966). Доктар біялагічных навук (1955), прафесар (1960). Скончыў Белацаркоўскі сельска-гаспадарчы інстытут (1937). З 1948 у медыцынскіх установах Расіі. З 1959 у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (з 1969 прарэктар). У 1966—69 і з 1975 у Інстытуце фізіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне фізіялогіі і паталогіі кровазвароту, параўнальнай і эвалюцыйнай геранталогіі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАВЕ́Ц,
5 стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Асавец Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці. Даследаваны ў 1934, 1960—80-я г. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, апрацаваныя косці, гліняны посуд мясц. варыянта нарвенскай культуры і паўночнабеларускай культуры, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі коп’яў і стрэл, крамянёвыя прылады працы, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, упрыгожанні, а таксама самыя стараж. на тэр. Беларусі драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭРАВА ЗАЛО́ЗА,
вочная залоза мігальнай перапонкі ў большасці наземных і другасна-водных пазваночных жывёл. Выдзяляе тлусты сакрэт, які змазвае пярэднюю паверхню вока (рагавіцу), захоўвае яе ад высыхання, у водных жывёл — ад уздзеяння вады. У большасці жывёл гардэрава залоза знаходзіцца ў вобласці ніжняга павека каля ўнутр. (насавога) вугла вока. Добра развіта ў рыючых паўзуноў (напр., у амфізбенаў, слепазмеек). У многіх млекакормячых, у т. л. ў чалавека, рэдукавана. Гардэраву залозу ўпершыню апісаў швейц. анатам І.Гардэр у аленя (1694).
дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.Н.Рэсел. На дыяграме Герцшпрунга—Рэсела блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на дыяграме Герцшпрунга—Рэсела можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.
Герцшпрунга—Рэсела дыяграма для зорак плоскай складальнай Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУП (англ. croup ад шатл. croup каркаць),
пашкоджанне гартані з сімптомамі ўдушша, гаўклівага кашлю і ахрыплага голасу. Развіваецца пры запаленні слізістай абалонкі гартані пры інфекц. і запаленчых хваробах, алергіі, траўмах. Бывае К. сапраўдны (пры дыфтэрыі) і несапраўдны (выкліканы інш. прычынамі; пры алергічным ацёку падскладкавай вобласці гартані развіваецца раптоўна). К. прыводзіць да стэнозу гартані рознай ступені, іншы раз да ўдушша і смерці. Лячэнне: пры сапраўдным — процідыфтэрыйная сываратка, пры несапраўдным — сімптаматычныя сродкі, іншы раз — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Валерый Аляксеевіч) (12.4.1906, г. Нікольск Валагодскай вобл., Расія — 1985),
расійскі геолаг. Брат ЮА.Кузняцова. Акад.АНСССР (1970, чл.-кар. 1958). Скончыў Томскі ун-т (1932). З 1958 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АНСССР. Навук. працы па тэктанічнай будове, магматызме і металагеніі Алтае-Саянскай складкавай вобласці. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Тв.:
Геотектоническое районирование Алтае-Саянской складчатой области // Вопросы геологии Азии. М., 1954. T. 1;
Гипербазиты Алтае-Саянской складчатой области. М., 1958 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕ́ (Lomé),
горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс.ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр.Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц.Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),
мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл.Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр.вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.