НЕЙРУЛЯ́ЦЫЯ,

утварэнне зачатка цэнтр. нервовай сістэмы — нерв. пласцінкі і замыканне яе ў нерв. трубку ў зародкаў хордавых. Зародак у перыяд Н., якая надыходзіць за гаструляцыяй, наз. нейрулай. Пры Н. вычляняюцца ў складзе трох зародкавых лісткоў зачаткі асобных сістэм органаў. Будова зародка нагадвае будову дарослага арганізма: на спінным баку, пад эпітэліем знаходзіцца нерв. трубка, пад ёй — хорда, пад хордай — кішэчнік; адрозніваюцца пярэдні і задні аддзелы цела.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),

форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... + лац. protector абаронца),

рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

імунітэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

1. Неўспрымальнасць арганізма да заражэння хваробамі. Набыты імунітэт. Прыроджаны імунітэт. // перан. Здольнасць процістаяць чаму‑н. Ідэйны імунітэт. □ Уменне аўтара думаць, бачыць паэтычна служыць добрым імунітэтам супраць дэкларацыі, просталінейных рашэнняў. «ЛіМ».

2. Выключнае права не падпарадкоўвацца некаторым законам, якое даецца пэўным асобам. Дыпламатычны імунітэт.

[Ад лац. imimunitas — вызваленне ад чаго‑н.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уласці́васць, ‑і, ж.

Характэрная асаблівасці рыса, прыкмета каго‑, чаго‑н. Уласцівасць спадчыннасць арганізма. Фізічныя і хімічныя ўласцівасці металаў. □ Свае ўласцівасці ўсе людзі маюць. Адны рыбалку паважаюць, З бляшнёй ля пелькі могуць векаваць. Корбан. Дзіўныя ўласцівасці мае чалавечы голас. Адно і тое ж слова можна вымавіць з дзесяткамі адценняў. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімпаты́чны², -ая, -ае (спец.).

1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы.

С. нерв.

2. Які ўзнікае на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках.

Сімпатычныя болі ў зубах.

3. Які аслабляе боль у хворага (пра нейтральныя лекавыя сродкі).

Сімпатычныя прэпараты.

○

Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.

Сімпатычная нервовая сістэма (спец.) — аддзел нервовай сістэмы, які ўдзельнічае ў рэгуляванні кровазвароту, абмену рэчываў і іншых функцыях арганізма.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Здух, зду́хавіна 1 ’ўпадзіна ў баку каровы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. амур., кастр. зду́хі ’грудзі, лёгкія, жывот’, сіб. взду́хи ’лёгкія, грудзі’, валаг. вздух ’бок судна’, укр. зду́хи, зду́ховина, зду́хвина ’месца ў частцы цела паміж рэбрамі і жыватом’ (СУМ, Грынч.), здухи ’газы, што выходзяць з арганізма’ (Жэлях.). Звязана з дух (гл.), адно са значэнняў якога ’дыханне’, відаць, праз прэфіксальна-суфіксальны дзеяслоў *въз‑дух‑а‑ти > *уздухаць > *здухаць, ад якога бязафіксны наз. здух (і здуха) і з суф. ‑іна здух‑ав‑іна (‑ав‑ прыметнікавы суфікс) са значэннем ’прадмет, для якога адзначанае дзеянне тыповае’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДАПТА́ЦЫЯ ў біялогіі,

развіццё новых біял. уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гіст. плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору. Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіял. змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутр. асяроддзя — гамеастазу. Сярод шматлікіх формаў адаптацыі вылучаюць генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет, і фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.

Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напр., працэсы акліматызацыі да новых кліматагеагр. умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напр., паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных (гл. таксама Адаптыўная радыяцыя). У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці. Найб. складаныя формы мае адаптацыя сацыяльная.

Літ.:

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987;

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. Л., 1969.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДА́ННЕ,

стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭРАГЕ́НЫ (ад лац. cancer рак + ...ген(ы)], бластамагены, рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да К. адносяцца розныя хім. злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фіз. фактары (рэнтгенаўскія прамені, ядзерныя выпрамяненні), некат. біял. агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трыптафану, стэроідныя гармоны). Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хім. актыўнасцю і электроннай будовай пэўнай ч. малекулы, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі). К. падзяляюць на 3 групы: мясцовага дзеяння, арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах), множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах). Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз ​l/5 — ​1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15—20 гадоў, у мышэй 4—6 месяцаў). Многія К. маюць мутагенныя ўласцівасці (гл. Мутагенез). Папярэджанне ўздзеяння К. на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, глебы прамысл. адходамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесей у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілакт. мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.

Літ.:

Нейман И.М. Основы теоретической онкологии. М., 1961;

Киселев Л.Л. Онкобелки — продукты онкогенов. Тирозиновые протеинкиназы // Молекулярная биология. 1985. Т. 19, вып. 2.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)