ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ (George),
імя англ. каралёў у 20 ст.Найб. значныя прадстаўнікі:
Георг I (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.
Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).
Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.
Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),
французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.
Літ.:
Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр.М., 1962;
Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;
Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.
Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПІ́ЧМЕНТ (ад англ. impeachment асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачанне),
асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.). Інстытут І. з’явіўся ў сярэдневяковай Англіі і быў адноўлены ў 1-й пал. 17 ст. У краінах з двухпалатным парламентам (ЗША, Вялікабрытанія, Японія) узбуджае справу і аддае пад суд, як правіла, ніжняя палата парламента, а разглядае справу верхняя палата. Вынікам І. можа быць вызваленне (адхіленне) службовай асобы ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзярж. здрады або інш. цяжкага злачынства: у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярх. судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́У (Леў Давыдавіч) (22.1.1908, Баку — 1.4.1968),
расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад.АНСССР (1946), чл.АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.
Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АНСССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл.Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш. галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.
Тв.:
Собр. тр.Т. 1—2. М., 1969.
Літ.:
Абрикосов А.А. Академик Л.Д.Ландау. М., 1965;
Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл.Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),
бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭН (Maine),
штат на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША, у Новай Англіі, каля мяжы з Канадай. Пл. 86 тыс.км². Нас. 1242 тыс.чал., у т. л. гарадскога каля 80% (1997). Адм. цэнтр — г. Агаста; найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Портленд. Б. ч. тэрыторыі занята адгор’ямі Апалачаў (выш. да 1606 м). Клімат умераны вільготны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы каля 5 °C, ліп. 15—18 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Больш за 50% тэр. ўкрыта хвойнымі лясамі. Шмат азёр і парожыстых рэк. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 млн.га. Найб. развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. М. займае 1-е месца ў ЗША па зборах бульбы. Агародніцтва і садоўніцтва. Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд.кВт∙гадз (1997). Лесанарыхтоўкі (хвоя, елка, піхта), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Здабыча пяску, жвіру, буд. каменю, торфу, цэм. сыравіны. Развіты суднабудаванне, гарбарна-абутковая, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьтэкст. і абутковых машын. Рыбалоўства і рыбакансервавая прам-сць, аквакультура. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»
(ісп. «La Armada invencible»),
буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс.чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.
Літ.:
Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).