асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́КТ (лац. contractus),
дагавор, пагадненне з узаемнымі абавязкамі для бакоў, якія дамаўляюцца паміж сабой. Падзяляюцца на віды: па пастаўках прадукцыі — экспартныя, імпартныя, унутр. і інш. здзелкі; н а выкананне работ і аказанне паслуг — інжынерна-кансультацыйныя, вытв., турысцкія, па перавозцы, пагрузцы-разгрузцы грузаў, страхаванні, банкаўскіх і разліковых аперацыях, арганізацыі кірмашоў, выставак, аўкцыёнаў і інш.; па выніках творчай дзейнасці — на гандаль ліцэнзіямі і патэнтамі, аб’ектамі аўтарскага права, вынікамі н.-д. і доследна-канструктарскай дзейнасці; па працы — пагадненне паміж наймальнікам і чалавекам, якога прымаюць на работу, дзе агаворваюцца яго прац. функцыі, месца працы, службовыя абавязкі, памер заработнай платы і інш.; знешнегандлёвы К., у якім адным з бакоў з’яўляюцца замежныя юрыд. асобы і ўстанаўліваюцца правы і абавязкі бакоў у галіне знешнеэканам. дзейнасці; ф’ючэрсны — К. аб пастаўках тавару ў будучым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРА́СНЫЙ АРХИ́В»,
савецкі навук.-гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1922—41 у Маскве на рус. мове Упраўленнем Цэнтр. архіва РСФСР пры ВЦВК (з 1929 Цэнтр. архіўнае ўпраўленне пры ЦВКСССР, з 1938 Гал. архіўнае ўпраўленне НКУССССР) 6 разоў на год (у 1922—24 нерэгулярна, з № 8 уведзена падвойная нумарацыя). Адзін з заснавальнікаў і фактычны кіраўнік часопіса да 1932 — М.М.Пакроўскі. Друкаваліся архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі і СССР, партыі бальшавікоў, Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны 1918—22, эканам. і культ. пераўтварэнняў у СССР, міжнар. адносін, аб дзеячах кампартыі і сав. дзяржавы. Змяшчаліся таксама асобныя матэрыялы па гісторыі Беларусі з архіваў Масквы і Ленінграда: «Да гісторыі польскага паўстання 1863 г. (Невядомыя рукапісы А.Авейды)» [1933, № 2(57)], «Германскія акупанты на Палессі» [1938, № 6(91)] і інш. У «К.а.» супрацоўнічалі Б.П.Казьмін, У.І.Пічэта, Я.В.Тарле і інш. гісторыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІІ, КРЫМІНАЛІ́СТЫКІ І СУДО́ВАЙ ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ ПРАБЛЕ́М НДІМіністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
(НДІПКК і СЭ),
навуковы цэнтр, які праводзіць даследаванні ў галіне крыміналогіі, крыміналістыкі і суд. экспертызы, ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне работы следчых і суд. органаў, а таксама экспертныя даследаванні пры суд. разглядзе крымін. і цывільных спраў, матэрыялаў абадм. правапарушэннях. Створаны ў адпаведнасці з пастановай СМ Рэспублікі Беларусь ад 20.3.1990. Упершыню ўстанова для навук. даследаванняў і забеспячэння работы экспертаў была заснавана пры Нар. камісарыяце БССР у 1929; неаднаразова мянялася назва (лабараторыя, ін-т). У складзе НДІ лабараторыі: суд.-почырказнаўчых даследаванняў, суд.-тэхн. даследавання дакументаў, суд. фанетыкі, суд.-балістычных і трасалагічных даследаванняў, крыміналістычных даследаванняў матэрыялаў, рэчываў і вырабаў, суд. аўтатэхн. даследаванняў, суд.-эканам., таваразнаўчых экспертыз і інш.; аддзелы: крыміналогіі, крыміналістыкі, навук.-тэхн. інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел.нац.к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел.к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПО́ (Дзмітрый Еўдакімавіч) (кастр. 1861, г. Беліца, цяпер у межах г. Гомель — люты 1936),
расійскі і бел. пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1898). У 1885 за ўдзел у кіеўскай арг-цыі «Народнай волі» высланы ў Сібір. У 1890—92 жыў у Гомелі, з 1892 у Чыстапалі Казанскай губ., Мінусінску, Краснаярску; працаваў юрыстам, выкладчыкам. Друкаваўся з 1888 (у газ. «Минский листок», «Северо-Западном календаре на 1888 год»). У «Беларускіх апавяданнях» (1895) з дэмакр. пазіцый адлюстраваў жыццё бел. вёскі. Займаўся краязнаўствам, вывучаў побыт сіб. насельніцтва: «Горад Чыстапаль напярэдадні рэформы 17 чэрвеня 1870 г.» (1897), «Грамадскае кіраванне мінусінскіх іншародцаў» (1904), «Злачынства і пакаранне паводле стэпавага права сібірскіх качавых іншародцаў» (1905), «Аб увядзенні ўсеагульнай адукацыі ў Краснаярску» (1909).
Літ.:
Кузняева С. Судьба автора «Белорусских рассказов» // Неман. 1986. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),
польскі мовазнавец-славіст. Акад.АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед.АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг.Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед.АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр.Цішкевіч Міхайла),
бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.