1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-йпал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,
від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн.маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.
Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.
На Беларусі Т.т. узнік у 2-йпал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Суд» У.Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.М.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.Макаёнка ў паст.Бел.т-ра імя Я.Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ.т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (усе т-р імя Я.Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча (Дзярж.рус.драм.т-р), «Паядынак» М.Матукоўскага (Бел.т-р імя Я.Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел.літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.Адамчыка, «Узлёт» А.Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.Траццякова, «Сон» А.Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.Купалы), «На залатым возеры» Э.Томпсана (рус.драм.т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.Дастаеўскага (Бел.дзярж.т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.Клімковіча ў паст.т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.Тармолы, відэабалет «Страсці» В.Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.
Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАГРАФІЯ
Першыя на Беларусі даследаванні па этнаграфіі, статыстыцы і рассяленні насельніцтва пачаліся ў 18 ст. Этнаграфічныя асаблівасці Беларусі ў канцы 18 ст. даследавала экспедыцыя Рас.АН пад кіраўніцтвам І.І.Ляпёхіна. У 19 ст. крыніцай звестак пра колькасць і дынаміку насельніцтва былі даныя рэвізій (рэвізскіх сказак), найб. дакладнымі лічаць звесткі рэвізій 1834, 1850, 1859, штогадовыя справаздачы губернатараў (зберагаюцца ў архівах, часткова апублікаваныя), даследаванні афіцэраў Генеральнага штаба. З 1857 губ. статыстычныя камітэты пачалі складаць штогадовыя ведамасці пра колькасць і склад насельніцтва па губернях, паветах, гарадах. У сярэдзіне 19 ст. складзены заўвагі да карт, апублікаваных у шматтомным выданні «Ваенна-гістарычны агляд Расійскай імперыі» (1843—52), дзе побач з інш. пытаннямі вывучалася насельніцтва ў яго сувязі з гаспадаркай. У 1860-я г. апублікаваны «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, складзеныя афіцэрамі Генеральнага штаба», у якіх грунтоўна разглядалася насельніцтва Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Смаленскай губ. У 2-йпал. 19 ст. дэмаграфічнымі даследаваннямі на тэр. Беларусі займаліся Паўночна-Заходні аддзел Рус. геаграфічнага т-ва (засн. ў 1867 у Вільні, для збору інфармацыі залучаў выкладчыкаў нар. вучылішчаў), сацыяльныя медыкі-гігіеністы А.А.Бекарэвіч, Л.І.Галынец, В.В.Кошалеў і інш. У 1920-я г. дэмаграфічныя даследаванні ў БССР пашырыліся, аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923, 1926. У 1923—28 праблемамі агульнай і мед. дэмаграфіі займаўся спецыяліст у галіне сац. гігіены і сан. статыстыкі Б.Я.Смулевіч (яго найб. вядомая манаграфія «Захворванне і смяротнасць насельніцтва гарадоў і мястэчак БССР», 1928). Асаблівасці натуральнага руху насельніцтва рэспублікі вывучаў статыстык Д.М.Паслаўскі, пытанні сям’і і шлюбу — С.Я.Вальфсон. У перыяд рэпрэсій 1930-40-х г. і Вял.Айч. вайны дэмаграфічныя даследаванні перапыніліся, адноўлены пасля перапісу 1959.
З 1963 у Вылічальным цэнтры пры Дзяржплане (пазней НДІ эканоміка-матэматычных метадаў планавання, цяпер НДІМін-ва эканомікі) праводзіліся дэмаграфічныя даследаванні пад кіраўніцтвам А.А.Ракава. У розныя гады тут працавалі А.У.Багдановіч, Л.І.Маськоў, А.М.Мацвеева, А.Н.Пешкава, С.А.Польскі, Я.І.Рубін, Л.І.Спіжанкоў, Л.Я.Ціханава, Л.П.Шахоцька і інш. Распрацоўвалася сістэма дэмаграфічных мадэлей і матэм. праграм для прагназіравання насельніцтва ў асобных рэгіёнах, абгрунтоўваліся асн. перадумовы і складаліся прагнозы насельніцтва рэспублікі, абласцей, гарадоў і раёнаў, вывучаліся праблемы суадносін эканам. развіцця і дэмаграфічных працэсаў, палітыкі народанасельніцтва, сацыяльна-эканам. аспекты нараджальнасці, смяротнасці і працягласці жыцця насельніцтва, яго старэнне, міграцыі. Вывучаліся праблемы вял. і малых гарадоў, сельскага насельніцтва і працэсаў урбанізацыі ў рэспубліцы. Аналізаваліся погляды розных школ сучаснай дэмаграфіі ў розных краінах. У 1969 апублікавана праца А.А.Ракава «Насельніцтва БССР», выдаюцца зб-кі «Праблемы народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў» (1970—76). У 1960—70-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі вывучаліся уплыў сац.-эканам. фактараў на міграцыю насельніцтва (А.Н.Пешкава), сістэмы гар. паселішчаў БССР метадамі матэм. статыстыкі (Г.Ц.Максімаў); на кафедры палітэканоміі Бел. політэхнічнага ін-та — праблемы развіцця сям’і, занятасці жанчын і нараджальнасці (І.В.Насонава, З.М.Юк); у БДУ — шлюбу і сям’і (М.Р.Юркевіч), тэр. даследаванні праблем народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў БССР (Б.А.Манак). Бел. медыкі-гігіеністы даследавалі асобныя праблемы дэмаграфіі і агульныя пытанні ўзнаўлення насельніцтва (А.П.Скалыжэнка), дзіцячую і перынатальную смяротнасць (М.К.Зубрыцкі); этнографы — праблемы міграцыі (Г.А.Каспяровіч). У 1980-я г. група дэмографаў на чале з А.А.Ракавым перайшла ў Ін-т эканомікі, пазней у Ін-т сацыялогіі АН Беларусі.
У сярэдзіне 1990-х г. створаны аддзел дэмаграфіі ў НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь (заг. аддзела Л.П.Шахоцька). Тут даследуюцца праблемы: дэмаграфічнае прагназіраванне, тэндэнцыі смяротнасці і працягласці жыцця, нараджальнасць і развіццё сям’і, праблемы дэмаграфічнай бяспекі, уплыў Чарнобыльскай катастрофы на дэмаграфічныя працэсы, распрацоўка дэмаграфічнай палітыкі, падрыхтоўка праграмы і аналіз вынікаў перапісу насельніцтва 1999, пытанні міграцыі, шлюбнасці, нац. і моўнай структуры насельніцтва, адукацыйны ўзровень насельніцтва, метадалагічныя пытанні пабудовы табліц шлюбнасці, смяротнасці насельніцтва і інш. (А.У.Бурачэўская, В.А.Крашэўская, Дз.М.Кудзелка, Л.Ф.Ляшковіч, А.А.Рубанава, В.У.Філіпава). Выдаюцца зб-кі прац ін-та «Актуальная статыстыка» (1999—2002). У 1990-я г. дэмаграфічнымі даследаваннямі займаліся таксама ў НДІМін-ва эканомікі (Г.І.Хмяльніцкая, Н.М.Прывалава), НДІ працы Мін-ва працы (Л.М.Анісаў, С.С.Ткачэнка), на геагр. ф-це БДУ (К.А.Анціпава, І.В.Загорац, Б.А.Манак, Л.Дз.Мельнікава). У Ін-це мацярынства і дзяцінства вывучаюцца мед. праблемы дзіцячай смяротнасці, уплыў вынікаў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе дзяцей (І.А.Ваніловіч). У Бел.дзярж.эканам. ун-це на кафедры статыстыкі вывучаюцца статыстычныя праблемы дзіцячай смяротнасці, гендэрныя праблемы (Н.У.Агабекава, Л.І.Карпенка). Этнадэмаграфічнымі даследаваннямі займаюцца: па г. Мінску Н.Г.Бялкоўская, па Віцебскай вобл. М.І.Бобрык; праблемамі гар. паселішчаў Брэсцкай вобл. — К.К.Красоўскі, дэмаграфічнага развіцця Гомельскай вобл. ў сувязі з вынікам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — А.Г.Злотнікаў.
Літ.:
Вольфсон С.Н. Социология брака и семьи. Мн., 1929;
Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;
Яго ж. Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974;
Яго ж. Демографические основы народохозяйствемного планирования Мн., 1990;
Пешкова А.Н. Миграция населения Белорусской ССР. Мн., 1970;
Юркевич Н.Г. Советская семья, функции и условия стабильности. Мн., 1970;
Юк З.М. Труд женщины и семья. Мн., 1975;
Польский С.А. Демографические проблемы развития. Мн., 1976;
Шахотько Л.П. Воспроизводство населения Белорусской ССР. Мн., 1985;
Яе ж. Население Республики Беларусь в конце XX века. Мн., 1996;
Яе ж. Экономическая демография. Перепись населения. Мн., 2002;
Демографическое развитие и трудовые ресурсы БССР. Мн., 1988;
Трудовой потенциал Белорусской ССР в условиях интенсификации. Мн., 1988;
Манак Б.А., Антипова Е.А. Экономико-географический анализ демографической ситуации и размещения населения на территории Республики Беларусь. Мн., 1999;
Тенденции заболеваемости, смертности и продолжительности жизни населения Республики Беларусь. Мн., 2003;
Трудовая миграция в СНГ: социальные и экономические эффекты. М., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-йпал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-йпал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-йпал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-йпал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ НА МЯЖЫ 20—21 СТАГОДДЗЯЎ
Народная гаспадарка. У 1991—95 нар. гаспадарка Беларусі апынулася на грані абвалу. Праявамі яго сталі значнае зніжэнне ўсіх гал. макраэканам. паказчыкаў і грамадскай вытворчасці, павелічэнне дэфіцыту дзярж. фінансаў, рост інфляцыі (гл. табліцу).
Дынаміка макраэканамічных паказчыкаў за 1991—95 (у % да папярэдняга года)
Макраэканамічныя паказчыкі
Гады
1995 у адносінах да 1990
1991
1992
1993
1994
1995
Валавы ўнутраны прадукт
98,8
90,4
92,4
87,4
89,6
64,6
Прадукцыя: прамысловасці
99,0
90,6
90,0
82,9
88,3
59,1
сельскай гаспадаркі
95,1
91,5
103,7
85,6
95,3
73,6
Тавары народнага спажывання
100,5
95,0
94,0
87,0
76,0
59,6
Капіталаўкладанні
71,0
85,0
89,0
69,0
95,0
35,2
Рознічны тавараабарот
91,9
78,0
86,0
90,5
77,2
43,2
Гэта было абумоўлена найперш рэзкім падзеннем (на 40,9%) выпуску прадукцыі прамысловасці — асн. галіны нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. З улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі выпуск прамысл. прадукцыі скараціўся амаль у 2 разы. Гал. прычыны — нежаданне кіраўніцтва краіны праводзіць радыкальныя рыначныя пераўтварэнні, захаванне метадаў адм.-каманднага кіравання з манаполіяй дзярж. уласнасці. Негатыўна паўплывалі таксама недахоп уласных энерганосьбітаў, сыравіны і матэрыялаў, праблемы збыту прадукцыі, падаражанне матэрыяльных рэсурсаў пасля распаду СССР. Акрамя таго, значна знізілася канкурэнтаздольнасць прамысл. прадукцыі рэспублікі. Гэта было абумоўлена тым, што дамінуючае становішча імпарту з краін СНД занялі энерганосьбіты і металы; экспарт адносна дарагой бел. прадукцыі на рас. рынак зменшыўся з-за розніцы ў цэнах на прадукцыю базавых галін. У выніку большасць прамысл. прадпрыемстваў апынулася ў цяжкім фін. становішчы; на шэрагу маш.-буд. з-даў сабралася вял. колькасць гатовых вырабаў, эквівалентных 3—5-месячнаму аб’ёму вытворчасці; гандл. адносіны з Расіяй сталі весціся з вял. дэфіцытам, на пагашэнне якога Беларусь вымушана была ўступіць кантроль за нафта- і газаправодамі, нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі і інш. У 1995 знешняя запазычанасць бел. прадпрыемстваў, гал. чынам рас. пастаўшчыкам за тавары, работы і паслугі, склала 9,5 трыльёна руб., а з вылічэннем запазычанасці інш. краін перад Рэспублікай Беларусь — 4,4 трыльёна руб.; пастаянная залежнасць ад увозу рас. энерганосьбітаў і сыравіны даволі моцна прывязала Беларусь у знешнім гандлі да краін СНД і Расіі.
У цяжкім становішчы апынулася і сельская гаспадарка. За 1991—95 яе валавы прадукт скараціўся на 37,7%, вытворчасць мяса — на 53, малака — на 42,1, збожжа — на 27,7, агародніны — на 46, бульбы — на 27,7%. Дэфіцыт фінансаў у аграпрамысл. комплексе (АПК) стаў вынікам непарытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю. Толькі ў 1991—94 цэны на прадукцыю, што спажывала сельская гаспадарка, выраслі ў параўнанні з 1990 на электраэнергію ў 281 тыс. разоў, на дызельнае паліва — у 237 тыс., на бензін — у 100 тыс., на камбайны — у 149 тыс., на трактары МТЗ — у 67—80 тыс., на мінеральныя ўгнаенні — у 30—80 тыс. разоў. Закупачныя цэны на с.-г. прадукцыю за гэты час павялічыліся: на збожжа толькі ў 6 тыс. разоў, на цукровыя буракі — у 5,7 тыс., на буйную рагатую жывёлу — у 5,4 тыс., на свіней — у 11,4 тыс., на птушку — у 16,5 тыс. разоў. Усё гэта прывяло да таго, што вёска, па сутнасці, перастала купляць тэхніку, у 3 разы зменшыла набыццё мінеральных угнаенняў. У такім крызісным становішчы сельская гаспадарка апынулася, нягледзячы на тое, што ў сферы капіталаўкладанняў яна заставалася адной з найб. прыярытэтных галін. У 1991—95 на патрэбы АПК выдзялялася 25—30% бюджэтных сродкаў, амаль столькі ж ён атрымліваў дадаткова ў выглядзе розных ільгот і датацый. У цэлым на патрэбы сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд расходавалася 50—60% бюджэту рэспублікі. Палітыка штучнага стрымлівання закупачных і рознічных цэн на прадукцыю АПК ва ўмовах значнага росту выдаткаў, высокіх тэмпаў інфляцыі не апраўдала сябе з эканам. пункту гледжання. Яна прывяла да абвастрэння дэфіцыту бюджэту калгасаў і саўгасаў, выдзялення дадатковых ільготных крэдытаў, стварыла ўмовы для масавага вывазу с.-г. прадукцыі за межы Беларусі і звужэння спажывецкага рынку.
Дэфармацыя цэн прывяла таксама да цяжкага становішча транспарт і жыллёва-камунальную гаспадарку, якія патрабавалі ўсё новых і новых крэдытаў, што абвастрыла сітуацыю ў фін. сферы краіны. Зніжэнне выпуску прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася і з прычыны рэзкага скарачэння капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку Беларусі. На працягу 1991—95 у параўнанні з 1990 яны знізіліся на 64,8%. Рэзка паменшалі даходы насельніцтва, што было абумоўлена абвальным ростам цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Толькі за 1992—94 хлеб жытні падаражэў прыкладна ў 5 тыс. разоў, хлеб пшанічны — у 6 тыс., мясапрадукты — у 10 тыс., цукар — у 5 тыс., праезд у гар. транспарце — у 10 тыс. разоў. За 1991—95 прыкладна ў 5 разоў знізілася рэальная зарплата, намінальныя грашовыя даходы насельніцтва не паспявалі за расходамі. У 1995 за рысай мінім. спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60% жыхароў краіны. Захоўваліся і высокія тэмпы інфляцыі. У 1992 сярэднямесячны прырост рознічных цэн склаў 27%, у 1993—32, у 1994—27, у 1995—31%. У такіх умовах павялічылася таварна-грашовая разбалансаванасць. Пры ўстойлівым зніжэнні рэальных аб’ёмаў вытворчасці адбывалася шматразовае павелічэнне грашовай масы, якая за 1992—95 вырасла больш чым у 300 разоў, што прывяло да агульнага росту цэн і абясцэньвання грашовых сродкаў.
У 2-йпал. 1994 распрацавана і пачала рэалізоўвацца праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі краіны з крызісу. Яна ўключала комплекс узаемаўвязаных мерапрыемстваў, скіраваных найперш на прыпыненне спаду вытворчасці, прадухіленне нарастання інфляцыі, абарону насельніцтва ад поўнага збяднення, недапушчэнне масавага беспрацоўя і рэзкага маёмаснага расслаення. Праграма прадугледжвала таксама і меры агульнаэканам. характару — лібералізацыю цэнаўтварэння і рынку валют, масавую прыватызацыю дзярж. сектара, паслабленне падаткаў, скарачэнне дзярж. расходаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, скарачэнне ролі дзяржавы ў рэгуляванні эканомікі. Але ажыццяўленне гэтай праграмы праходзіла недастаткова прадумана і эфектыўна; адбывалася шараханне ад адм. каманднай сістэмы да дэкларатыўных рыначных новаўвядзенняў. З 1996 эканам. сітуацыя стала паляпшацца. Зацверджаныя I Усебел. нар. сходам (кастр. 1996) «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады» гал. мэтай вызначылі павышэнне жыццёвага ўзроўню народа з паступовым набліжэннем да ўзроўню жыцця індустрыяльна развітых еўрап. краін. Гэтай мэце павінна была адпавядаць мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Дасягненне мэты прадугледжвала шэраг этапаў. На 1-м этапе (1996—97) меркавалася дасягнуць макраэканам. стабілізацыі і стварыць умовы для аднаўлення эканам. росту, зніжэння інфляцыі і стабілізацыі курсу нац. валюты. Асн. задачы 1-га этапа: пераадоленне сістэмнага крызісу, стымуляванне прадпрымальніцтва, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, правядзенне малой і сярэдняй прыватызацыі, фарміраванне рынку нерухомасці, умацаванне нац. валюты і зніжэнне інфляцыі да 1,5—0,5% за месяц, паляпшэнне фін. становішча прадпрыемстваў, падтрымка гал. сістэм сац. сферы і інш. На 2-м этапе павінны былі вырашацца наступныя задачы: стабілізацыя прыросту валавога ўнутр. прадукту (ВУП) не менш як 5% за год; структурная перабудова эканомікі на аснове навукаёмістых і рэсурсазберагальных тэхналогій; стварэнне дзейснага механізму інвесціравання эканомікі, стымуляванне найперш высокаэфектыўных інвестыцый; пашырэнне рынкаў збыту бел. тавараў шляхам павышэння іх якасці і канкурэнтаздольнасці; паглыбленне інтэграцыі з краінамі СНД; забеспячэнне ўстойлівага росту ўзроўню жыцця насельніцтва і інш.
Паводле афіц. даных, з 1997 у краіне пачаўся эканам. ўздым. Так, у 1997 аб’ём ВУП павялічыўся ў параўнанні з 1996 на 10%, выпуск прамысл. прадукцыі — на 17,6%; у сельскай гаспадарцы вытворчасць прадукцыі вырасла на 5,4%. З 544 важнейшых відаў павялічыўся выпуск 400. Пабольшалі капіталаўкладанні ў эканоміку. На 20% павялічыліся інвестыцыі ў развіццё нар. гаспадаркі; на 24,3% вырас аб’ём знешняга гандлю; экспарт павялічыўся на 24,1%, імпарт — на 24,5%; але сальда знешнегандл. абароту было адмоўным і складала 1341,3 млн. долараў ЗША. Станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці эканомікі захаваліся і ў наступныя гады. Устойлівы эканам. рост у 1996—2000 спрыяў таму, што ВУП павялічыўся на 36%, прадукцыя прамысловасці — на 65, інвестыцыі ў асн. капітал — на 26%. У 2000 Беларусь вырабляла 53% хім. ніцей і валокнаў на тэр. СНД (у сав. час — 30%), 48% трактароў, 31% халадзільнікаў, 30% трыкатажных вырабаў, 1/4 частку тэлевізараў, абутку і мінеральных угнаенняў. У 1998—2003 на МАЗе, БелАЗе створаны новыя віды аўтамабіляў, аўтобусаў. Мінскі трактарны завод вырабляў 22 мадэлі універсальных прамысл. трактароў, 6 мадэлей малагабарытных трактароў, 8 мадэлей мотаблокаў і міні-трактароў, 15 мадэлей спец. машын прамысл. прызначэння (камунальных, пагрузачных, лесаапрацоўчых, шахтавых). На Мінскім маторным з-дзе наладжана вытворчасць асабліва моцных матораў для аўтамабільных з-даў Беларусі і Расіі. Паспяхова працавалі аб’яднанні «Маналіт», «Гомсельмаш», «Віцязь», «Гарызонт», «Інтэграл», «Атлант» і шэраг інш. прадпрыемстваў.
Перспектывы сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь вызначаны на II Усебел. нар. сходзе (май 2001). Паводле прагнозных разлікаў за 2001—05 ВУП павялічыцца на 35—40%, прадукцыя прамысловасці — на 28—32, сельскай гаспадаркі — на 22—28, сферы паслуг насельніцтву — на 60—65%. У 2003 шэраг прагнозных паказчыкаў выкананы. Так, ВУП выкананы на ўзроўні 106,5% у адносінах да 2002, аб’ём вырабленай прамысл. прадукцыі дасягнуў 106,9%, вытворчасць с.-г. прадукцыі — 106,2%. На 7,5% павялічылася вытворчасць спажывецкіх тавараў. На 111,3% вырас грузаабарот прадпрыемстваў транспарту агульнага карыстання. Адмоўныя паказчыкі склаліся на прадпрыемствах аўтамабільнага (93,4%) і паветранага (99,9%) транспарту. Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 да ўзроўню 2002 складаў 123,4%, у т. л. імпарт павялічыўся на 24,5%, экспарт — на 22,1%. Адмоўна ўплывалі на стан эканомікі інфляцыя, няўстойлівасць валютнага рынку, дэфіцыт гандл. і плацежнага балансу, рост цэн, нізкая рэнтабельнасць шэрагу прамысл. прадпрыемстваў, адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, марудныя тэмпы развіцця агр. сектара. Рэфармаванне нар. гаспадаркі Беларусі ў напрамку рыначных адносін адбываецца не хутка.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. На грамадска-паліт. жыццё Беларусі пач. 1990-х г. істотна паўплывалі падзеі, што адбываліся на прасторах б.Сав. Саюза: распад СССР, змены ў паліт. і эканам. ладзе, працэсы дэмакратызацыі і інш. Саюзнае кіраўніцтва рабіла спробы па захаванні абноўленага Саюза ССР. 18.3.1991 па гэтым пытанні праведзены ўсесаюзны рэферэндум, 82,7% удзельнікаў галасавання па БССР выказаліся за захаванне адзінай дзяржавы. У крас. 1991 дасягнута дамоўленасць аб уступленні ў Садружнасць Суверэнных Дзяржаў 10 з 15 б. саюзных рэспублік. Меркавалася, што гэта будзе канфедэрацыя з захаваннем сістэмы цэнтральнай прэзідэнцкай улады. Аднак 19—21 жніўня група асоб з вышэйшага кіраўніцтва КПСС і сав. дзяржавы зрабіла ў Маскве спробу ўвесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. Створаны імі т.зв.
Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС) меў на мэце сілавымі мерамі прадухіліць распад краіны, прыпыніць дзейнасць дэмакр. партый і рухаў, але ніякай праграмы дзеяння не прапанаваў. Выступленне ДКНС правалілася, у Беларусі яно не мела падтрымкі. Жнівеньскія падзеі ў Маскве прадвызначылі лёс КПСС—КПБ і СССР. М.С.Гарбачоў зняў з сябе паўнамоцтвы Ген. сакратара ЦККПСС. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР часова прыпыніў дзейнасць КПБ, што фактычна азначала забарону кампартыі. Яе маёмасць канфіскоўвалася на карысць дзяржавы. У лют. 1993 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прызнаў страціўшай сілу пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ і дазволіў яе існаванне. Але аднавіць дзейнасць кампартыі ўжо было немагчыма.
19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета пастанавіла змяніць назву «БССР» на «Рэспубліка Беларусь» (у скарочаных і састаўных назвах — «Беларусь»), прыняла законы аб дзяржаўных гербе і сцягу Рэспублікі Беларусь. Новым сцягам стаў бела-чырвона-белы, а гербам — «Пагоня» часоў ВКЛ. Змена дзярж. сімволікі выклікала дыскусіі, неадназначна ўспрымалася ў грамадстве. Адбываліся перамены ў органах дзярж. кіравання. Саюзна-рэсп. мін-вы і ведамствы пераўтвараліся ў рэспубліканскія. К-тдзярж. бяспекі падпарадкоўваўся Вярх. Савету, а пагранічныя войскі — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пачалося фарміраванне бел. арміі. Распрацавана ваен. дактрына, паводле якой Беларусь — нейтральная бяз’ядзерная дзяржава, а яе ўзбр. сілы створаны толькі з абарончай мэтай. 8.12.1991 кіраўнікі Беларусі (С.Шушкевіч, В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын, Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук, В.Фокін) на сустрэчы ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.) падпісалі Белавежскія пагадненні, дзе заявілі аб заканчэнні дзеяння саюзнага дагавора 1922, роспуску СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 21.12.1991 членамі СНД сталі 11 з 15 б. саюзных рэспублік.
Дэмакр. пераўтварэнні ў рэспубліцы немагчыма было працягваць без змены канстытуцыйных асноў дзярж. ладу. 15.3.1994 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Улада падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Упершыню ўводзілася прэзідэнцкая форма кіравання. За грамадзянамі замацоўваліся шырокія правы і свабоды. Вырашэнне найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця прадугледжвалася на рэферэндумах. Канстытуцыя захавала без змен існуючыя органы ўлады — мясц. Саветы. 10.7.1994 адбыліся выбары 1-га Прэзідэнта суверэннай Рэспублікі Беларусь. З 6 кандыдатаў перамогу атрымаў А.Р.Лукашэнка. За яго прагаласавала больш як 81% выбаршчыкаў. Прэзідэнт правёў рэфармаванне дзярж. структур. Створана «прэзідэнцкая вертыкаль», якая ўключае распарадчыя і выканаўчыя органы як у цэнтры, так і на месцах. Яны непасрэдна падпарадкаваны Прэзідэнту.
З пач. 1990-х г. у рэспубліцы ўзяты курс на пабудову дэмакр. грамадства. Дэмакратыя ажыццяўляецца на аснове разнастайных паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Гэта адкрыла магчымасці для стварэння і дзейнасці паліт. партый, грамадскіх і нац.-культ. аб’яднанняў, за выключэннем тых, якія мелі на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці прапаганду вайны, нац., рэліг. і расавай варожасці. Але дэмакр. пераўтварэнні адбываліся з вял. цяжкасцямі, у барацьбе розных поглядаў і канцэпцый аб шляхах сац.-эканам. і паліт. развіцця краіны.
14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта праведзены 1-ы рэферэндум, на абмеркаванне якога выносіліся пытанні: аб наданні рус. мове статуса, роўнага з беларускай («за» прагаласавала 83,3% удзельнікаў галасавання); аб устанаўленні новых дзярж. сімвалаў замест бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» («за» — 75,1%); аб адабрэнні інтэграцыі з Расіяй («за» — 83,3%); аб унясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994, якія даюць магчымасць Прэзідэнту датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярх. Савета «ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі» («за» — 77,7%). Рэферэндум узмацніў нарастанне канстытуцыйнага крызісу, адной з прычын якога сталі рознагалоссі аб паўнамоцтвах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Апазіцыя ў Вярх. Савеце на чале з яго Старшынёй С.Г.Шарэцкім пачала дамагацца імпічменту Прэзідэнта, ліквідацыі ў новай канстытуцыі інстытута прэзідэнцтва. 8.8.1996 Прэзідэнт накіраваў у Вярх. Савет прапанову аб правядзенні ўсенар. рэферэндуму. 2-і плебісцыт праходзіў 9—24.11.1996. На ўсенар. галасаванне па ініцыятыве Прэзідэнта вынесены 4 пытанні: аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) на 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў; аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя), прапанаванымі Прэзідэнтам; аб свабодных, без абмежаванняў, куплі і продажы зямлі; аб адмене смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Па ініцыятыве дэпутатаў Вярх. Савета 13-га склікання — 3 пытанні: аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі фракцыямі камуністаў і аграрыяў; аб выбарах кіраўнікоў мясц. органаў выканаўчай улады непасрэдна жыхарамі адпаведнай адм.-тэр. адзінкі; аб правамернасці фінансавання ўсіх галін улады публічна і толькі з дзярж. бюджэту. Удзельнікі рэферэндуму большасцю галасоў падтрымалі першыя 4 пытанні і выказаліся супраць 3 апошніх. 19—20.11.1996 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. нар. сход. Дэлегаты ўхвалілі ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада і Прэзідэнта. Пасля рэферэндуму адбыліся змены ў органах улады. Вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь стаў парламент — Нац. сход, выканаўчым — Савет Міністраў. Судовая ўлада належыць судам. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца Саветамі дэпутатаў. Прэзідэнту падначалены К-тдзярж. кантролю. 27.11.1996 Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання», указы «Аб адабрэнні спіса дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія ўключаюцца ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» (110 чал.), «Аб скліканні нечарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь». З 1996 змяніўся курс у правядзенні сац.-эканам. палітыкі — ад «шокавай тэрапіі» да стварэння сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі пры актыўным рэгуляванні гэтага працэсу дзяржавай.
У 1-йпал. 1990-х г.сац. развіццё рэспублікі адбывалася ў складаных умовах рэфармавання эканомікі з планава-размеркавальнай у рыначную, крызісу нар. гаспадаркі, нестабільнай грамадска-паліт. сітуацыі. Непазбежным вынікам гэтых працэсаў сталі спад вытворчасці, зніжэнне нац. даходу, інфляцыя. Гэта прывяло да імклівага росту цэн на прадукты харчавання, тавары і паслугі. Зніжалася рэальная заработная плата, расло беспрацоўе, у грамадстве нарастала сац. напружанасць. Найб. безабароннымі аказаліся работнікі бюджэтнай сферы, пенсіянеры, навучэнцы, студэнты, малазабяспечаныя сем’і. Прыняцце ўрадам шэрагу мер (павышэнне мінімальнай зарплаты, ставак 1-га разраду, павелічэнне пенсій, выплаты па беспрацоўі і інш.) істотна не паўплывала на паляпшэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Лібералізацыя цэн у Расіі і Прыбалтыцы пры празрыстасці граніц і імкненні кіраўніцтва захаваць існуючы ўзровень цэн у рэспубліцы прывялі да поўнага развалу спажывецкага рынку. З Беларусі ў краіны далёкага і блізкага замежжа вывозіліся таварная маса і матэрыяльныя каштоўнасці. Гэта стварыла дэфіцыт тавараў унутры краіны, садзейнічала росту ценявой эканомікі і злачыннасці. На эканоміцы Беларусі адмоўна адбіўся пачатак рыначных пераўтварэнняў у Рас. Федэрацыі. Жорсткая манетарысцкая палітыка рас. ўрада прывяла да недахопу наяўных грошай. 1.6.1992 на тэр. Беларусі ўведзены ў абарачэнне бел. разліковыя білеты. З 2-йпал. 1990-х г. урад рэспублікі адмовіўся ял метадаў «шокавай тэрапіі» і абраў шлях стварэння «беларускай мадэлі» сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая павінна спалучаць перавагі высокаразвітой рыначнай гаспадаркі з забеспячэннем сац. справядлівасці і эфектыўнай сац. абароны грамадзян. У якасці прыярытэтных праграм вызначаны экспарт, жыллё, харчаванне. 2-і Усебел. нар. сход (18—19.5.2001, Мінск) ухваліў абраны курс, прыняў праграму сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05.
Урад прымаў меры па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы ў рэальным сектары эканомікі, бюджэтнай сферы, органах дзярж. кіравання. Павышалася мінімальная заработная плата і стаўкі 1-га разраду. Адпаведна павялічвалася зарплата ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, пенсіі, стыпендыі, выплаты розным катэгорыям насельніцтва. Але рост зарплаты істотна адставаў ад росту цэн на тавары і паслугі, таму абсалютная большасць насельніцтва апынулася па-за рысай беднасці. У 2004 прадугледжана павелічэнне сярэдняй зарплаты і давядзенне яе ў эквіваленце да 190—200 долараў ЗША. Удасканальвалася пенсіённая сістэма, павышаліся пенсіі і выплаты розным сац. катэгорыям грамадзян. Аднак памеры большасці пенсій не забяспечвалі пражытачнага мінімуму, што вымушала пенсіянераў працягваць працаваць. Урад прымаў меры па скарачэнні беспрацоўя і забеспячэнні занятасці насельніцтва. Прыярытэтнай задачай заставалася павышэнне якасці спажывецкіх тавараў, задавальненне попыту на іх грамадзян з розным узроўнем даходаў. Вялася работа па стварэнні гандл. сетак сусв. ўзроўню, комплексным развіцці сферы гандлю, быт. паслуг і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павелічэнні аб’ёму і якасці будаўніча-мантажных і рамонтна-буд. работ. У краіне вялося значнае жыллёвае будаўніцтва. Сярэдняя забяспечанасць жыллём у 2000 склала амаль 21 м² на чалавека. У 2000—04 у сярэднім за год узводзілася больш за 2,7 млн.м² жылля. Але жыллёвая праблема яшчэ не вырашана. Асабліва востра яна стаіць перад маладымі сем’ямі, сельскімі працаўнікамі. Пагаршэнне матэрыяльнай базы лячэбных устаноў, рост цэн на лекі, пашырэнне платных мед. паслуг негатыўна адбіліся на стане лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву. Зніжэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва, якое пачалося з сярэдзіны 1990-х г. выклікала неабходнасць распрацоўкі Нац. праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У ёй прадугледжаны меры па павышэнні нараджальнасці і зніжэнні смяротнасці. У межах дзярж.сац. стандартаў застаецца даступнай і бясплатнай мед. дапамога. Стабілізавалася сітуацыя ў фізкульт. руху. Удалося захаваць і значна ўмацаваць пры падтрымцы дзяржавы матэрыяльную базу фізкультуры і спорту. У 2000 налічвалася больш за 22,5 тыс.спарт. збудаванняў, у т. л. 225 стадыёнаў з трыбунамі на 1,5 тыс. і больш месц, 8 спарт. каткоў са штучным ільдом, каля 4,7 тыс.спарт. залаў, больш як 220 плавальных басейнаў. У кожным абл. цэнтры пабудаваны лядовыя палацы. Удасканальвалася праграма фіз. выхавання ў навуч. установах, аддавалася ўвага развіццю сучаснай індустрыі адпачынку і аздараўлення. Стаіць задача фарміравання сучаснай індустрыі турызму. Праводзіцца мэтанакіраваная маладзёжная палітыка, у цэнтры ўвагі якой — усебаковае развіццё юнакоў і дзяўчат, выхаванне ў іх патрыят. якасцей, сац. падтрымка і абароненасць моладзі. 6.9.2002 створаны Бел.рэсп. саюз моладзі (БРСМ) — адзінае маладзёжнае аб’яднанне, статус якога распаўсюджваецца на ўсю тэр. Беларусі. БРСМ аб’яднаў 2 арг-цыі, якія існавалі раней, — Бел.патрыят. саюз моладзі і Бел. саюз моладзі. БРСМ праводзіць работу па стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзейнічае развіццю ў Беларусі грамадства, заснаванага на патрыят. і духоўна-маральных каштоўнасцях бел. народа. Аб’яднанне карыстаецца дзярж. падтрымкай. У вырашэнні задач сац.-эканам. развіцця Беларусі важная роля належыць мясц. выканкомам і Саветам дэпутатаў. У 2000 дэпутатамі мясц. Саветаў з’яўляліся больш за 25 тыс.чал., якія прадстаўлялі амаль усе слаі насельніцтва. Больш за 60% з іх мелі вышэйшую, 28% — сярэднюю спец. адукацыю. Праблемы ўдасканалення работы Саветаў, павышэння іх ролі ў дзярж., гасп. і культ. будаўніцтве, сац. развіцці абмеркаваны на I з’ездзе Саветаў (1—3.10.2000, Мінск). Акрамя выканкомаў і Саветаў дэпутатаў у краіне дзейнічаюць органы мясц.тэр. самакіравання — больш за 22 тыс. вулічных, дамавых, сельскіх, пасялковых к-таў. У іх складзе 77 тыс. грамадзян (на канец 2000). З 2004 у гарадах і інш. населеных пунктах краіны праводзіцца поўнамаштабная праца па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні. Вядзецца рэканструкцыя будынкаў, вуліц, плошчаў, будуюцца сучасныя гандлёва-прамысл. цэнтры, офісы, спарт., культ., адукац. ўстановы, стадыёны. 2004 стаў годам падрыхтоўкі праграмы адраджэння сяла, рэалізацыя якой плануецца на 2005—10.
Адукацыя, навука. У адпаведнасці з законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (прыняты 29.10.1991) навуч. ўстановы атрымалі правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платнага навучання, пашырэнні форм падрыхтоўкі кадраў і інш. Першай ступенню адукац. сістэмы заставалася дашкольнае выхаванне (у яслях, яслях-садах, дзіцячых садах, цэнтрах развіцця дзіцяці). Нягледзячы на пашырэнне тыпаў дашкольных устаноў (агульнага развіцця, паглыбленага кірунку ў рабоце з дашкольнікамі, аздараўленчыя і інш.), на працягу 1990—2002 назіралася тэндэнцыя да іх колькаснага скарачэння з 5350 да 4241 і дзяцей у іх з 608 тыс. да 367,5 тыс. У 2003 дашкольным выхаваннем ахоплена 69,3% дзяцей. У 1-йпал. 1990-х г. у працу з дашкольнікамі актыўна ўводзілася бел. мова, аднак да канца 1990-х г. гэты працэс запаволіўся і колькасць беларускамоўных дашкольных устаноў скарацілася з 55,6% у 1995 да 42,1% у 2000. У працэсе рэфармавання ўсеаг. школы адкрыты ўстановы новага тыпу: гімназіі, ліцэі, навучальна-пед. комплексы (школа, гімназія-каледж), якія давалі вучням больш дасканалую падрыхтоўку па асобных галінах ведаў. Пачаўся пераход школ на 12-гадовы тэрмін навучання. Пэўныя захады зроблены і па развіцці сістэмы навучання: пашыралася выкарыстанне інфармац. тэхналогій, больш увагі аддавалася вывучэнню замежных моў, удасканальваліся падручнікі, прымаліся меры па стварэнні ўмоў для паглыбленай адукацыі таленавітых дзяцей, для адукацыі тых, хто меў адхіленні ў развіцці. У 2000/01 навуч.г. каля 50% школ вялі навучанне на бел. мове, але іх удзельная вага паступова скарачалася. У 2002/03 навуч.г. на Беларусі налічваліся 4543 агульнаадук. ўстановы (1430 тыс. навучэнцаў), у т. л. 108 гімназій, 23 ліцэі, 6 навучальна-пед. комплексаў, якія давалі веды 99,6 тыс. вучняў. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця працавалі 94 навуч. ўстановы (19 тыс. навучэнцаў). Прафесійна-тэхн. адукацыя перабудоўвалася з улікам ускладнення тэхнікі і тэхн. вытворчасці, увядзення новых форм арганізацыі працы. Яна прадугледжвала падрыхтоўку кадраў на аснове сярэдняй і базавай (9-гадовай) школ з атрыманнем сярэдняй адукацыі. У 2002/03 навуч.г. ў рэспубліцы працавалі 246 ПТВ шырокага профілю (132,6 тыс. навучэнцаў). Рэфармаванне вышэйшай і сярэдняй спец. школ вялося ў кірунку стварэння дынамічнай, набліжанай да сусв. ўзроўню і разам з тым скіраванай на ўнутр. патрэбы падрыхтоўкі кадраў. Акрамя традыцыйных для сістэмы сярэдняй спец. адукацыі тэхнікумаў адкрыты створаныя на іх аснове новыя ўстановы — каледжы і вышэйшыя каледжы. Калі першыя з іх у асн. адпавядалі тэхнікумам, то вышэйшыя каледжы мелі права працягваць тэрмін навучання для найб. здольных студэнтаў і такім чынам даваць ім 1-ю ступень вышэйшай адукацыі. Частка сярэдніх спец.навуч. устаноў не карысталася сродкамі з дзярж. бюджэту. У 2002/03 навуч.г. ў сістэме сярэдняй спец. адукацыі працавалі 150 навуч. устаноў (160,9 тыс. навучэнцаў), з іх 7 недзяржаўных (7,5 тыс. навучэнцаў). Большыя правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платных і недзярж. форм навучання, спецыялізацыі. Значная іх частка перайшла да акадэмічнага і універсітэцкага тыпаў падрыхтоўкі кадраў з больш шырокімі тэхн., сац.-паліт. і гуманітарнымі ведамі. Сярод дзярж.ВНУ пераважалі шматпрофільныя: у 2002/03 навуч.г. 64% складалі універсітэты, 18% — акадэміі; навучанне вялося больш чым па 200 спецыяльнасцях. Усяго ў сістэме вышэйшай школы працавалі 58 устаноў (з іх 14 недзярж.), навучалася 320,7 тыс. студэнтаў. Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у 2003 склаў 47,3 тыс.чал. Адным з кірункаў рэфармавання вышэйшай адукацыі з’яўляўся пераход да шматузроўневай сістэмы навучання з атрыманнем ступені бакалаўра і магістра. У 1990-я г. паспяхова праводзілася камп’ютэрызацыя навуч. працэсу, у т. л. выкарыстанне Інтэрнета, відэа- і аўдыётэхнікі, што садзейнічала больш эфектыўнай падрыхтоўцы кадраў.
Гады эканам. і паліт. нестабільнасці істотна зменшылі навукова-тэхн. патэнцыял Беларусі, выклікалі ў яго сістэме сур’ёзныя трансфармацыйныя змены. Зніжалася фінансаванне даследаванняў, у выніку чаго частка навук. арг-цый ліквідавана. Кадры даследчыкаў апынуліся ў ліку сацыяльна неабароненых слаёў грамадства, іх колькасць штогод памяншалася. За 1990—2002 колькасць вучоных у Беларусі скарацілася ў 3,5 раза і склала 30 711 чал. Змяншалася доля кандыдатаў і дактароў навук. У 2003 іх колькасць скарацілася адпаведна на 6 і 5,3%. Разам з тым навука на працягу 1990-х г. не выключалася з дзярж. прыярытэтаў. Захавалася яе асн. структура — сістэма акадэмічнай і вузаўскай навукі, найб. буйныя галіновыя н.-д. і канструктарска-тэхнал. арг-цыі, не распаўся іх кадравы патэнцыял. З боку дзяржавы рабіліся захады стымуляваць пошук новых форм і метадаў рэгулявання і развіцця навукі. Выдадзены шэраг заканадаўчых і нарматыўных актаў, прыняты рашэнні, на аснове якіх праводзіліся канкрэтныя мерапрыемствы па паляпшэнні становішча ў навукова-тэхн. сферы. З мэтай фін. падтрымкі навук. распрацовак у 1991 створаны Фонд фундаментальных даследаванняў, у 1998 — Бел. інавацыйны фонд. Дзярж. палітыку ў сферы навукова-тэхн. дзейнасці рэалізоўваў К-т па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадастаўлены магчымасці для стварэння прадпрымальніцкай інфраструктуры, пашырэння айч. і замежных інвестыцый у навуку, фарміравання інавацыйнай сістэмы. Нягледзячы на складаныя ўмовы працы, бел. вучоныя мелі пэўныя поспехі ў галіне лазерных і плазменных тэхналогій, праграмнага забеспячэння ЭВМ, інфарматыкі, мед. тэхнікі і вытворчасці лекаў, у даследаванні праблем оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, інш.навук. кірунках, актывізавалася праца бел. вучоных у галіне авіякасмічнай тэхнікі, з 2003 пачалася рэалізацыя праекта па стварэнні бел. касмічнага апарата. Шэраг айч. даследчыкаў адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі. Навук. даследаваннямі і распрацоўкамі ў 2002 была занята 301 установа. Большасць іх (62%) знаходзілася ў Мінску, па 9% — у Віцебскай і Гомельскай, 4,6% — у Магілёўскай, 4,3% — у Гродзенскай абласцях. Нац.АН Беларусі аб’ядноўвала амаль 1/3 частку ўсіх навук. устаноў і даследчыкаў краіны. У 2002 навук. арг-цыі Беларусі выканалі 1055 заданняў у рамках 32 дзярж. праграм і 69 інавацыйных праектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-йпал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш.). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА Янка (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-йпал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел. легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-йпал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІПІ́НЫ (тагальскае Pilipinas, англ. Philippines), Рэспубліка Філіпіны (тагальскае Republika ñq Pilipinas, англ. Republic of Philippines),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у зах.ч. Ціхага ак., на Філіпінскіх а-вах. У складзе Ф. больш за 7,1 тыс. астравоў, у т. л. 11 буйных (96% тэр.) — Лусон, Мінданао, Самар, Неграс, Палаван, Панай, Міндора, Лейтэ, Себу, Бахоль, Масбатэ; некат. астравы акружаюць каралавыя рыфы. Пл. 300 тыс.км². Нас. 81 160 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — тагальская і англійская. Сталіца — г.Маніла. Падзяляецца на 73 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны кангрэс, складаецца з сената (24 месцы) і палаты прадстаўнікоў (не больш як 250 месцаў; 200 дэпутатаў выбіраюцца, 50 назначаюцца прэзідэнтам ад паліт. партый і грамадскіх арг-цый). Сенатары выбіраюцца на 6 гадоў ( не больш як 2 тэрміны запар), члены палаты прадстаўнікоў — на 3 гады (не больш як 3 тэрміны запар). Выканаўчы орган — кабінет міністраў на чале з прэзідэнтам.
Прырода. Берагавая лінія большасці астравоў моцна парэзана. Уздоўж усх. ўзбярэжжа цягнецца Філіпінскі жолаб. Паверхня астравоў пераважна гарыстая, сярэдняя выш. 500—1500 м, найб. 2954 м (вулкан Апа на в-ве Мінданао). Раўніны займаюць міжгорныя катлавіны і вузкія ўзбярэжныя палосы. Больш за 10 дзеючых і шмат патухлых вулканаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., медныя, цынкавыя, нікелевыя руды, храміты, ртуць, золата, серабро, малібдэн, кадмій, кам. вугаль, нафта, азбест. Клімат трапічны і субэкватарыяльны, мусонны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, у гарах да 19 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000—4000 мм, на ўсх. падветраных — менш за 1000 мм за год. Частыя тайфуны. Рэкі кароткія, парожыстыя, гал. — Кагаян (на в-ве Лусон), Агусан (на в-ве Мінданао). Шмат азёр. Глебы пераважна горныя, латэрытныя, пашыраны чырвона-карычневыя. Каля 46% тэр. пад лесам; на У і ў гарах — вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З — лістападныя. Шмат эндэмічных відаў. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. З жывёл характэрны макакі, даўгапят, яшчаркі; каля 450 відаў птушак, у т. л. какаду, сметнікавыя куры, гарпія-малпаед. Нац. паркі (Маён-Волькана, Канлаон, Маўнт-Апа і інш.), фауністычныя рэзерваты, лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 100 народаў і народнасцей, у т. л. вісая (41%), тагалы (21%), ілокі (12%), мора (7%), кітайцы (1,5%) і інш. Насельніцтва размаўляе больш як на 70 мовах і дыялектах, якія належаць да аўстранезійскай моўнай сям’і. Большасць вернікаў — католікі (83%); пратэстанты — 9%, мусульмане — 5%, будысты — 3% Сярэдняя шчыльн. 271 чал. на 1 км², найб. на а-вах Себу, Лейтэ, Лусон, Неграс, Панай, Бахоль. Сярэднегадавы натуральны прырост 2,2%. У гарадах жыве 58% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Маніла (10 870), Кесан-Сіці (1989), Давао (850), Калаокан (780), Себу (610), Замбаанга (450). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 10%, у буд-ве 6%, у сферы паслуг 41%.
Гісторыя. Ф. насялялі плямёны аўстралоіднай расы, у 2-м тыс. да н.э. іх адцяснілі ў горныя раёны паўднёвамангалоідныя народы. У 1521 Ф. наведала ісп. экспедыцыя Ф.Магелана, які загінуў у сутычцы з жыхарамі в-ва Мактан. У 1565 з прыбыцця флоту М.Л.Легаспі пачалося ісп. заваяванне Ф. Да канца 16 ст. іспанцы падпарадкавалі большую ч. краіны, акрамя ісламізаванага ў 14—15 ст. насельніцтва, якое захавала на Пд незалежнасць да 19 ст. У хуткім часе большасць філіпінцаў хрысціянізавана.
На Ф. усталявалася сістэма кіравання на ўзор ісп. калоній у Амерыцы. З 17 ст. іспанцы ізалявалі краіну ад знешняга свету. Выхад з ізаляцыі ў пач. 19 ст. спрыяў уздыму гаспадаркі Ф. і мясц.культ.-асв. руху (гал. яго прадстаўнік Х.Рысаль). У 1892 засн. тайная патрыят.арг-цыя Каціпунан (кіраўнік А.Баніфасіо), якая ўзначаліла нац. паўстанне 1896—97. У час іспана-амерыканскай вайны 1898 на Ф. высадзіліся войскі ЗША, 12.6.1898 абвешчана незалежная Філіпінская Рэспубліка на чале з Э.Агінальда. У выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 Ф. сталі калоніяй ЗША. У 1916 утвораны Заканад. сход Ф., а паводле закона і канстытуцыі 1934 у 1935 утвораны аўт. ўрад на чале з прэзідэнтам М.Л.Кесанам. У 1941—42 Ф. акупіравалі яп. войскі. У 1942—44 на в-ве Лусон узбр. барацьбу супраць захопнікаў вяла партыз. армія Хукбалахап. У канцы 1944 — пач. 1945 тут адбыліся жорсткія баі паміж амер. і яп. войскамі. 4.7.1946 абвешчана незалежнасць Ф. У 1965 прэзідэнтам краіны абраны Ф.Маркас, які ў 1972 увёў надзвычайнае становішча (да 1981) і замацаваў свае вял. паўнамоцтвы. Дыктатура прэзідэнта і карупцыя сярод яго паплечнікаў прывялі да нар. выступленняў у лют. 1986, рэжым Маркаса быў скінуты. Урад прэзідэнта К.Акіна правёў дэмакратызацыю паліт. жыцця. Але ён і ўрад прэзідэнта М.Рамаса (1992—98) не здолелі рэфармаваць эканоміку Ф. Нягледзячы на мірнае пагадненне 1996 з мусульм. арг-цыямі, радыкальныя ісламісцкія групоўкі на Пд Ф. працягваюць узбр. барацьбу супраць урада. Эканам. рэформы на Ф. вядуцца і пасля выбрання ў студз. 2001 прэзідэнтам краіны Г.Макапагал-Араё. Ф. — чл.ААН (з 1945), Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў маі 1996.
Дзейнічаюць Ліберальная партыя, Партыя нацыяналістаў, Барацьба за філіпінскую дэмакратыю.
Гаспадарка. Ф. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 270,5 млрд.дол. (3,5 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой ствараецца каля 20% ВУП і каля палавіны кошту экспарту. Зямля належыць пераважна буйным памешчыкам і плантатарам. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 19% тэр.; асн. плошчы на а-вах Лусон, Себу, Панай, Неграс, Бахоль, Мінданао. Пераважае раслінаводства. Глебы ўрадлівыя. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. На экспарт вырошчваюць какосы, абаку (адно з першых месц у свеце па вытв-сці і экспарце копры і манільскай пянькі), цукр. трыснёг, тытунь, арахіс, ананасы, бананы, манга; на ўнутр. патрэбы — рыс (пл. 3,2 млн.га, збор 8,6 млн.т), кукурузу (2,4 млн.га, 3,8 млн.т), батат, маніёк, агародніну, каву, какава. Ёсць насаджэнні каўчуканосаў. Гадуюць (млн. галоў, 1997) свіней (10,4), коз (6,8), буйвалаў (3), буйн. раг. жывёлу (2,4), курэй (137,7). Рыбалоўства — важная галіна гаспадаркі. Большую ч. спажываемых бялкоў філіпінцы атрымліваюць з морапрадуктаў. Улоў рыбы ў 1999 склаў 2,14 млн.т. Промысел жэмчугу. Нарыхтоўка высакаякасных гатункаў драўніны (пераважна на экспарт), дубільнай кары, каўчуку, гутаперчы, воску, фарбавальнага дрэва, ратангавай пальмы. Аснова прамысловасці Ф. — горназдабыўная галіна. Здабыча меднай руды (штогод каля 500 тыс.т), храмітаў (120 тыс.т), серабра (40 т), золата (25 т), жалеза, марганцу, цынку, свінцу, каменнага вугалю, нафты. Вытв-сць электраэнергіі 39,6 млрд.кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС (70%), якія працуюць на імпартуемай нафце і нафтапрадуктах, і ГЭС (11%). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў — філіялы замежных кампаній або належаць іх субпадрадчыкам. Апрацоўчая прам-сць: цукр., рысаачышчальныя, тытунёвыя, алейныя, агароднінакансервавыя прадпрыемствы, вытв-сць копры, канатаў і інш. Развіты тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая галіны. У машынабудаванні хуткімі тэмпамі развіваецца радыёэлектронная прам-сць. Вытв-сць тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, электратэхн. вырабаў, зборка аўтамабіляў, суднабудаванне і суднарамонт у Маніле, Кесан-Сіці, Калаокане, Ілаілі і інш. Металургічныя прадпрыемствы ў Калаокане, Пасаі, Ілігане. Хім. (мін. ўгнаенні. гумаватэхн. вырабы), нафтахім. і нафтаперапр.прам-сць (Іліган, Маніла, Себу). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Саматужныя промыслы. Даўж. чыгунак 492 км (на а-вах Лусон і Панай), аўтадарог 200 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 39,6 тыс.км. Пан-Філіпінская шаша (з паромамі) злучае а-вы Лусон, Самар, Лейтэ і Мінданао. У краіне 703 тыс. легкавых і 1,35 млн. грузавых аўтамабіляў. Асн. роля ў знешніх і ўнутр. перавозках належыць суднаходству. Гал. парты: Маніла, Себу, Ілаіла, Давао, Замбаанга, Іліган. Міжнар. аэрапорты: Маніла, Давао, Себу, Пасай, Замбаанга. Экспарт (34,8 млрд.дол., 1999) электронікі, машын, адзення, копры, абакі, цукру, какосавага алею, каляровых металаў. Імпарт (30,7 млрд.дол., 1999) сыравіны, камплектуючых дэталей, прамысл. і спажывецкіх тавараў, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Сінгапур, Рэспубліка Карэя, Вялікабрытанія і інш. Грашовая адзінка — філіпінскае песа.
Літаратура. Развіваецца пераважна на тагальскай (піліпіна), а таксама ісп. і англ. мовах. Стараж. фальклор прадстаўлены анімістычнымі замовамі і заклінаннямі, міфамі, легендамі і паданнямі. У 14—16 ст. пашыраны вершаваныя і празаічныя сказанні. У перыяд ісп.калан. панавання (16—19 ст.) л-ра набыла рэліг. характар. Пад уплывам ісп. л-ры склалася містэрыяльная паэзія пасьён (рэліг. песнапенні пра жыццё і смерць Ісуса), з’явіліся курыда (балады), авіт (гераічныя паэмы), папулярнымі сталі мора-мора (тэатр. паказы). Заснавальнік тагаламоўнай л-ры Ф.Бальтасар паклаў пачатак антыкалан. кірунку. Творчасць Х.Рысаля паўплывала на развіццё рэаліст. іспанамоўнай л-ры. У пач. 20 ст. пашырылася л-ра на англ. мове (паэзія і проза Х.Г.Вільі, Н.М.Хаакіна, Н.В.М.Гансалеса). З’явіліся бытапісальныя раманы Л.Сантаса, абнавілася паэзія. Традыцыі Бальтасара прадоўжыў у сац. насычаных раманах А.Эрнандэс. Сучасная паэзія блізкая да сінкрэтызму, у прозе пераважаюць малыя жанры, для якіх характэрна ўзмацненне сац. гучання. У 1974 створаны Саюз пісьменнікаў Ф.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на Ф. адносяць да позняга неаліту (арнаментаваная кераміка, урны з ляпной «ладдзёй памерлых»). У нар. мастацтве развіты разьба па дрэве і бамбуку абарыгенаў аэта, ткацтва горных малайскіх народаў са стылізаванымі выявамі божастваў і сіл прыроды, майстэрская апрацоўка дрэва і металу; размалёўкі і тканіны мусульман мора з міфічнымі матывамі, расл. і геам. ўзорамі; вышыўка, пляценне, разьба, ювелірная справа; выраб масак і касцюмаў для містэрый, лубкоў, фігур святых і інш. ў хрысціянізаваных раўнінных народаў. Традыц. жытло — дом на па́лях, накрыты пальмавым лісцем. У каланіяльны перыяд узніклі гарады, умацаванні, касцёлы, кляштары, палацы ў стылях барока і класіцызму (палац Прэзідэнта «Малаканьян», 1863). Тыповыя для ісп. дойлідства арх. формы спалучалі з нац. матывамі дэкору (касцёл Міяг-ао ў Ілаіла на в-ве Панай). У 2-йпал. 19—1-йпал. 20 ст. Маніла забудоўвалася ў духу зах.-еўрап. і амер. архітэктуры; з’явіліся жывапіс на патрыят. тэмы Х. дэ Луны, Ф.Ідальга, скульптура Г.Таленціна. З 1930-х г. пабудовы архітэктараў (П.Антоніо, С.Консьё, Л.В.Лаксін, Х.Накпіль) спалучалі метады сучаснай архітэктуры з дэкар. элементамі нац. стылю (Культ. цэнтр Ф. у Маніле, 1969, арх. Лаксін). У 1950-я г. будавалі фешэнебельныя кварталы ў Маніле, Макаці, Кесан-Сіці. У жывапісе Ф.Аморсала ўзначаліў школу рэаліст. традыцый мастацтва 19 ст. Сучаснае мастацтва развіваецца ў нац. традыцыях і пад уплывам амер. мадэрнізму. Вылучаецца творчасць жывапісца-манументаліста К.Франсіска, жывапісцаў В.Эдадэса, Г.Акампа і інш., скульптараў Н.Абуэва, Э.Кастрыльё.
Музыка. Ф. зазнала ўплыў паўд.-ўсх. Азіі. У выніку араба-мусульманскіх уплываў 7—8 ст. побач з традыц.муз. інструментамі пашырыўся духавы язычковы інструмент серунай. У 15 ст. пашырыліся цырыманіяльныя аркестры нобат. З 16 ст. пранікалі еўрап.муз. традыцыі, з 17 ст. — іспанізаваныя песенныя стылі пасьён, курыда, кундзіман; танцы хота, хабанера і інш.; інстр. ансамблі рондалья, тэатр. жанры сарсуэла, мора-мора і інш. На Пд захавалася выканальніцтва на кулінтангу (наборы металафонаў, гонгаў), ансамблі бамбукавых інструментаў пангкат каваян. Лакальныя асаблівасці вак. музыкі звязаны са спецыфікай муз. суправаджэння, моўнымі дыялектамі і інш. Эпічным песням ламанг на гіст. і міфал. сюжэты ўласцівы элементы тэатралізацыі. Уздым муз. творчасці ў 1940-я г. спрыяў фарміраванню нац. кампазітарскай школы, для якой характэрны ісп. і амер. ўплывы. Сярод муз. дзеячаў 20 ст.: кампазітары М.Адонай, Н.Абелярда, Ф.Буэнкаміна, Л.Р.Касілаг, Ф.П. дэ Леон, Х.М.Маседа, А.Х.Маліна, Ф.Сант’яга, Х.Эстрэлья; выканаўцы А.Авеліна, П.Консепсьён, Х.Сілас. Працуюць: аркестр філармоніі (Маніла), сімф. аркестр пры Манільскім сімф. т-ве, ансамблі «Баяніхан» і «Філіпінескас», Нац.муз. федэрацыя, Сіліманскі муз. фонд, Культ. цэнтр, Ліга кампазітараў, Оперная гільдыя, Нац. асацыяцыя бэндаў, Асацыяцыя хар. дырыжораў, Т-вы муз. выхавання, кампазітараў, аўтараў, выдаўцоў, арганістаў. З 1979 у Маніле праводзіцца міжнар. фестываль хар. музыкі.
Літ.:
Сумленова Е.В. Острова сампагиты. М., 1985;
Барышникова О.Г., Левтонова Ю.О. Филиппины и США: 200 лет противостояния, компромиссов, партнерства. М., 1993;
Мазуров В.М. От авторитаризма к демократии: (Практика Юж. Кореи и Филиппин). М., 1996;
Александрович Н.Н. Филиппины после второй мировой войны. М., 1980;
Сантос А. Филиппинская литература. М., 1965.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Філіпін.Да арт.Філіпіны. Керамічная пасудзіна з пячоры Манунгуль (востраў Палаван). 9—8 ст. да н.э.Да арт.Філіпіны. Ф.Аморсала. Юныя прачкі. 1942.Да арт.Філіпіны. Возера Тааль.Да арт.Філіпіны. Палац Прэзідэнта «Малаканьян».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУВА́ШЫЯ, Чувашская Рэспубліка. Размешчана на Уеўрап.ч.Рас. Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Пл. 18,3 тыс.км². Нас. 1353, 4 тыс.чал. (2001), гарадскога 61%. Сярэдняя шчыльнасць 74 чал. на 1 км². Жывуць чувашы (67,8%), рускія (26,7%), татары (2,7%), мардва (1,4%) і інш. Сталіца — г.Чэбаксары. Найб. гарады: Новачэбаксарск, Канаш, Алатыр, Шумерля.
Прырода. Тэр. Ч. пераважна раўнінная. Правабярэжжа Волгі — паўн.ч. Прыволжскага ўзв. з Чувашскім плато (выш. да 266 м); левабярэжжа (Заволжа) — нізінная раўніна. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, фасфарыты, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Сура, Цывіль. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, на Пд — вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 1/3тэр. (хвоя, елка, бяроза, вольха, дуб, ліпа), на Пд — лесастэп. З жывёл у лясах пашыраны воўк, ліс, зайцы русак і бяляк, лось, барсук, куніца, бабёр, выдра, дзік, мядзведзь; з птушак — цецярук. курапатка, глушэц, качкі, слонка, каршун. Нац. парк Чаваш Вармане, Прысурскі запаведнік.
Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 1 тыс.н.э. тут жылі угра-фін. плямёны. Цюркамоўныя продкі чувашоў — качавыя булгара-суварскія плямёны разам з гунамі прыйшлі з Цэнтр. Азіі і ў 7 ст. ўтварылі на тэр. ад Прыаралля да Паўн. Каўказа ваен.-плем. аб’яднанне «Вял. Булгарыя». Пад націскам хазараў ч. булгара-сувараў (племянны цэнтр — Сувар) перасялілася ў Сярэдняе Паволжа, дзе ў працэсе асіміляцыі насельніцтва угра-фін. земляробчых абшчын паступова пераходзіла да аселага жыцця. У 10 ст. яны стварылі дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, дзе пануючай рэлігіяй стаў іслам. Частка булгара-сувараў адмовілася яго прыняць і на чале са сваім правадыром Вырогам перасялілася на тэр. сучаснай Ч., дзе ў выніку асіміляцыі з угра-фінамі ў канцы 15 ст. ў асн. сфарміравалася чув. народнасць. З канца 1230-х г.тэр. Ч. пад уладай Залатой Арды, з 1438 — Казанскага ханства. Чувашы мелі сваіх плем. князёў, спавядалі этн. язычніцкую рэлігію з элементамі зараастрызму, іудаізму і ісламу. У 1551 яны добраахвотна далучыліся да Рас. дзяржавы, якой у 16 — пач. 18 ст. плацілі ясак, потым пераведзены ў казённых сялян. Былі засн. гарады Алатыр (1552), Чэбаксары (1555), Цывільск (1584), Ядрын (1590). З 1708 Ч. (Алатырскі, Чэбаксарскі, Курмышскі, Цывільскі, Ядрынскі пав.) у складзе Казанскай і Ніжагародскай, з 1775—96 — Казанскай і Сімбірскай губ. У 18—19 ст.б.ч. чувашоў прымусова хрысціянізавана, частка этнаграф. групы чувашоў — анатры — хрысціянства не прыняла і захавала традыцыйныя вераванні. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац.л-ра, чув. пісьменнасць з 1870-х г. развівалася на аснове рус. алфавіта. У 1913 налічваліся 463 чув. школы і вучылішчы. Сав. ўлада ўстаноўлена ў ліст. 1917 — маі 1918.
24.6.1920 у складзе РСФСР утворана Чув.аўт.вобл., 21.4.1925 — Чув. АССР са сталіцай у Чэбаксарах. У Вял.Айч. вайну 75 воінам з Ч. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 14 чал. за вызваленне Беларусі, у лясах якой змагаліся сотні партызан-чувашоў. На тэр. Ч. з Беларусі было эвакуіравана каля 70 тыс.чал. У пасляваен. час у Ч. створана развітая прам-сць, развівалася нац. культура. У вер. 1990 Вярх. СаветЧув. АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце рэспублікі і ўвёў яе сучасную назву. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта (са студз. 1994 М.В.Фёдараў).
Гаспадарка Ч. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 38,5%, сельская гаспадарка — 18,5%, сфера паслуг — 43%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): машынабудаванне і металаапрацоўка (43,4%), электраэнергетыка (12,6%), хім. (10,2%), харч. (14,5%), лёгкая (7,6%), вытв-сцьбуд. матэрыялаў (4,7%), лясная і дрэваапр. (2,4%). У 2000 дзейнічала 1126 прадпрыемстваў, у т. л. 410 буйных і сярэдніх. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць магутныя трактары (260 шт., 2000), бульдозеры (250 шт.), трубаўкладчыкі, дызелі для суднаў, аўтафургоны, буравыя ўстаноўкі, электрастанцыі для пасёлкаў, ткацкія станкі, хмелеўборачныя машыны, бульбакапалкі, электроніку для авіяцыі, быт. тэхніку. Асн. цэнтры: Чэбаксары, Алатыр, Шумерля, Канаш, Марыінскі Пасад. Выпрацоўка электраэнергіі 4,3 млрд.кВт∙гадз (2000) пераважна на ЦЭЦ (Чэбаксарская 1 і 2, Новачэбаксарская і інш.) і Чэбаксарская ГЭС (на р. Волга). Каля 1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі экспартуецца ў суседнія рэгіёны Расіі. Хім.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці больш як 200 відаў прадукцыі — хімікаты для здабычы нафты, ядахімікаты, лакі, фарбы і інш. (Канаш, Чэбаксары). Развіта харч. (мясная, малочная, кандытарская, кансервавая, лікёра-гарэлачная, піваварная) прам-сць. Вытв-сць мяса — 9,2 тыс.т, малака — 63,5 тыс.т, кандытарскіх вырабаў — 14 тыс.т, лікёра-гарэлачных вырабаў — 1,1 млн. дэкалітраў, піва — 3 млн. дэкалітраў, крухмалу — 723 т штогод. Лёгкая (баваўняная, трыкат., швейная, абутковая, дывановая, вытв-сцьмаст. вырабаў), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і вытв-сці збожжа. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1 млн.га. Пасяўная пл. 693,1 тыс.га (2000), у т. л. пад збожжавымі культурамі 43,2%, тэхн. 0,7%, бульбай і агароднінай 11,2%, кармавымі 44,9%. Асн. збожжавыя культуры: пшаніца, жыта, ячмень, авёс, грэчка; вырошчваюць хмель (80% вытв-сці Расіі, 10-е месца ў свеце), цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва. Збор (тыс.т, 2000) збожжа 508,8, бульбы 596,5, агародніны 197,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 328, свіней 215,8. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 396 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4474 км (2000). Буйны чыг. вузел Канаш. Суднаходства па рэках Волга і Сура. Парты: Чэбаксары і Новачэбаксарск. Аэрапорты ў гарадах Чэбаксары, Новачэбаксарск, Алатыр. Нафта- і газаправоды з Зах. Сібіры і Сярэдняга Паволжа ў Цэнтр. і Паўн.-Зах. раёны.
Культура. Да 10—12 ст. адносяцца паселішчы волжскіх балгар (замак у в. Цігашава). У 2-йпал. 16—17 ст. былыя рус. крэпасці (Алатыр, Чэбаксары і інш.) ператварыліся ў гарады з каменнымі жылымі будынкамі, саборамі (5-купальны Увядзенскі сабор у Чэбаксарах), драўлянымі цэрквамі (Казанская царква ў с. Белаволжскае, усе 17 ст.). Для нар. жылля характэрна глухая, рэльефная, накладная, ажурная разьба, што аздабляла карнізы, аканіцы і ліштвы, слупы варот. У 18 ст. архітэктура развівалася пад уплывам барока: жылыя дамы, Успенская царква ў Чэбаксарах, дом ігуменні манастыра ў г. Цывільск. З рысамі класіцызму пабудаваны цэрквы Узнясенская ў с. Сямёнаўскае, Троіцкая ў г. Ядрын, Крыжаўзвіжанская ў Алатыры і інш. З чувашоў паходзіць рас. архітэктар і жывапісец 18 ст. П.Ягораў. Сярод будынкаў 20 ст.: у Чэбаксарах — Дом Саветаў (1940), палацы культуры «Электрык» (1964) і з-да прамысл. трактароў (1992), музеі В.І.Чапаева (1974) і маст. (1985). Сярод пачынальнікаў выяўл. мастацтва жывапісцы М.Спірыдонаў, М.Свярчкоў, Ю.Зайцаў, А.Кокель, скульпт. Р.Спірыдонаў і інш. У пасляваен. гады вядучае месца належала жывапісу (М.Аўчыннікаў, Ф.Осіпаў, П.Грыгор’еў-Савушкін, А.Спірыдонава); з’явіліся творы манум. скульптуры (І.Кудраўцаў). З 1970-х г. пашыраны манум. і манум.-дэкар. (Р.Фёдараў, В.Пятроў, М.Вядзернікаў), тэатр.-дэкарацыйнае (К.Васільеў, П.Дзмітрыеў, Я.Бургулаў) мастацтва, станковы жывапіс (А.Мяснікоў, У.Мазанаў, В.Гунько, В.Макараў), графіка (Ф.Быкаў, Осіпаў, П.Сізоў, П.Харламп’еў, А.Мітоў), скульптура (Г.Спірыдонаў, Кудраўцаў, В.Бажынаў). Для пар. мастацтва характэрны ўзорыстае ткацтва, вышыўка, шыццё бісерам і серабром, трохгранна-выемчатая разьба на прадметах хатняга ўжытку і мэблі (К.Яфрэмава, А.Ільбекава, М.Сімакова). У 1933 утвораны Саюз мастакоў Ч. У 1918 у Казані пастаўлены першы спектакль на чув. мове («Не жыві так, як хочацца» А.М.Астроўскага). Працуюць т-ры: Чув.акад.драм. імя К.В.Іванова, рус.драм., эксперым.т-р драмы, юнага гледача, лялечны.
Літаратура развіваецца на чувашскай мове. Першыя запісы чув. фальклору (сказанні, гіст. і быт. песні і паданні, казкі) адносяцца да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. выступіў першы чув. пісьменнік С.Міхайлаў. У 1870-я г. на аснове створанай І.Якаўлевым новай пісьменнасці зарадзілася арыгінальная нац.л-ра (І.Іваноў, М.Фёдараў, І.Юркін). Пачынальнік нац. л-ры — К.Іваноў. У пач. 20 ст. выступілі паэты М.Акімаў, Ц.Тайр, Я.Турхан, М.Шэлебі. Рэфарматарам верша быў М.Сеспель. У 1920—30-я г. развівалася паэзія (І.Ахах, М.Шубасіні, С.Эльгер), проза (Д.Ісаеў, М.Трубіна, С.Фам ш), драматургія (І.Максімаў-Кашкінскі, П.Осіпаў). Асн. тэмы — мірнае будаўніцтва, індустрыялізацыя і калектывізацыя, праблемы псіхалогіі людзей (творы П.Хузангая, І.Іўніка, В.Краснова-Аслі, В.Міты, А.Талвіра, І.Тукташа). У пасляваен. гады ў л-ры вяліся пошукі новых жанравых форм і стыляў. Распрацоўваліся тэмы вайны, пасляваен. жыцця, духоўныя праблемы грамадства (Максімаў-Кашкінскі, Осіпаў, Я.Ухсай, Ф.Уяр, П.Хузангай, М.Цярэнцьеў). Вылучыліся творы на гіст. тэматыку С.Аслана, М.Ільбекава, К.Турхана, Уяра і інш. У 1970—90-я г. л-ру Ч. прадстаўлялі празаікі Ф.Агівер, А.Арцем’еў, Дз.Гардзееў, А.Емяльянаў, М.Максімаў, Ю.Скварцоў, М.Юхма; паэты Ю.Айдаш, П.Афанасьеў, В.Ахун, Ю.Семендэр, М.Сеніэль, М.Тэветкель, В.Цімакоў, П.Эйзін, В.Эндып, Г.Юмарт, Г.Яфімаў; драматургі М.Сідараў, Б.Чындыкоў, Цярэнцьеў; літаратуразнаўцы і крытыкі Ю.Арцем’еў, М.Сіроткін, Г.Фёдараў, Г.Хлебнікаў, А.Хузангай і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Ч. На бел. мове выдадзены «Чувашскія апавяданні» (1966), «Песні волжскага краю» (1988), творы Талвіра («У нас на Буле», 1961), Л.Агакава («Салдацкія дзеці», 1977), Г.Арлова («Расказы дзядзькі Трывіма», 1988). Сярод перакладчыкаў на бел. мову В.Зуёнак, К.Камейша, Х.Лялько, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, М.Чарняўскі, Я.Янішчыц і інш.
Ладавая аснова чув.нар. музыкі — пентатоніка. У фальклоры пераважае аднагалоссе. Паводле тыпу мелодыкі песні падзяляюцца на працяжныя (вясельныя, рэкруцкія, пахавальныя), паўпрацяжныя (прац., калыханкі, лірычныя, карагодныя), хуткія (дзіцячыя, жартоўныя, гульнявыя). З нар. інструментаў: кесле (гуслі), скрыпка, сарнай (валынка), шахліч (род флейты). Прафес.муз. культура пачала складвацца ў 1920-я г.: В.Вараб’ёў, Р.Ліскоў, С.Максімаў, Ф.Паўлаў (аўтар першага сімф. твора). Першая чув.муз. камедыя «Радасць» У.Крываносава (паст. 1935). На станаўленне прафес.муз. творчасці ў песенна-хар. жанры паўплывалі С.Габер, М.Каваль, А.Леман, І.Люблін, М.Мяскоўскі і інш. З 2-йпал. 20 ст.найб. пашыраны жанры шматгалосай хар. музыкі; сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары Р.Аляксандраў, М.Аляксееў, А.Арлоў-Шузьм, А.Асламас, А.Васільеў, Ф.Васільеў, П.Лукін, Максімаў, А.Пятроў, А.Токараў, Ц.Фандзееў, В.Хадзяшаў, Р.Хірбю; спевакі І.Васільеў, М.Дзянісаў, П.Заломнаў, Т.Чумакова; салістка балета Н.Паўлава (пачала свой творчы шлях у Чэбаксарах). Працуюць: Чув.т-р оперы і балета (з 1969, да 1993 Чув.муз. г-р), сімф.арк. (1932), філармонія (1936), ансамбль песні і танца (з 1924), хор радыё і тэлебачання; муз. вучылішча (1929), муз.-пед.ф-т пры Чув.пед. ін-це (1964), муз. школы. Штогод праводзяцца фестывалі: міжнар. оперны імя М.Д.Міхайлава (з 1991), усерас.нар. творчасці «Крыніцы Паволжа» (з 1993) і інш. У 1940 засн. Саюз кампазітараў Ч.
Літ.:
Чувашская АССР: Очерки о природе. Чебоксары, 1952;
Кураков Л.П., Федоров Н.В. Состояние и перспективы развития экономики Чувашской Республики. М., 1997;
Краткая чувашская энциклопедия. Чебоксары, 2001;
Ковалевский А.П.Чуваши и булгары по данным Ахмеда ибн-Фадлана. Чебоксары, 1954;
История Чувашской АССР. Т. 1—2. Чебоксары, 1966—67;
История Чувашской АССР. Т. 1. Чебоксары, 1983;
Дмитриев В.Д. Чувашские исторические предания. Чебоксары, 1983;
Яго ж. Чувашия в эпоху феодализма. Чебоксары, 1986;
История Чувашской Республики, 1775—1990: Библиогр. указ. Чебоксары, 1996;
Каховский В.Ф. Происхождение чувашского народа. Чебоксары, 1965;
Археология и этнография Чувашской ЛССР: Библиогр. указ. Чебоксары, 1986;
Этническая история и культура чувашей Поволжья и Приуралья. Чебоксары, 1993;
Иванов В.П. Чувашия: история и культура. Чебоксары, 2000;
Яго ж. Чувашский этнос. Чебоксары, 1998;
Чуваши: этнич. история и традиционная культура. М., 2000;
Да арт.Чувашыя. Будынак сельскагаспадарчага інстытута ў Чэбаксарах.Да арт.Чувашыя. Увядзенскі сабор у Чэбаксарах.Да арт.Чувашыя. Троіцкі сабор у г. Цывільск.Да арт.Чувашыя. Будынак мастацкага музея ў Чэбаксарах.Да арт.Чувашыя. П.Сізоў. Нарспі. 1969.Да арт.Чувашыя. М.Свярчкоў. А.С.Пушкін у чувашскай вёсцы. 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.
У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗ на ПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На ПдУ і на ПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр. на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.
У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн.г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.
У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на ПнЗ краіны больш за 150 м, на ПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.
У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на ПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.
Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.
Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы на тэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.
Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны на ПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на ПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на ПдЗ — 8—50 м.
На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Бел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.
Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і У на тэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.
У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.
У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на З Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.
Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На тэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на тэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.