ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,

федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЦЫО (Lazio),

адміністрацыйная вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі: Вітэрба, Лаціна, Рыеты, Рым, Фразіноне. Пл. 17,2 тыс. км². Нас. больш за 5,3 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр г. Рым. Большая ч. тэрыторыі перадгор’і Цэнтр. Апенін (выш. да 2247 м), у сярэдняй — нізіна (Рым. Кампанія). Клімат міжземнаморскі. Ападкаў 500—1000 мм за год.

Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. і радыёэлектронная), харч., паліграф., папяровая, буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейная, тэкст., галантарэйная, хім., нафтаперапр., гумавая. Вытв-сць сувеніраў, муз. інструментаў, цацак. Кінапрамысловасць. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 млн. га, у т. л. пад ворывам каля 65%, пад лугамі і пашай 16%, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі насаджэннямі 15%. Вырошчваюць вінаград, пшаніцу, аліўкі, агародніну. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Міжнар. турызм.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,

дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНЕНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1993 у г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 307 м², больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў стараж. прадметы побыту і прылады працы, у т. л. з археал. раскопак на тэр. Лёзненшчыны, матэрыялы па гісторыі буйных нас. пунктаў раёна, пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу; дакументы і матэрыялы пра выдатных землякоў акад. П.І.Альсміка, М.А.Ізобава, оперную спявачку Л.Р.Ганеставу, Герояў Сац. Працы, воінаў-інтэрнацыяналістаў і інш. Значнае месца займаюць матэрыялы пра Вял. Айч. вайну: абарончыя і вызв. баі, дзейнасць падполля і партыз. рух, удзел у вайне воінаў-землякоў; завяршае экспазіцыю мемар. зала «Памяць». Экспануюцца таксама нар. касцюмы, вышыванкі, керамічныя цацкі і інш.

Л.​Г.​Бараноўская.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАБО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Партугаліі. Засн. ў 1288 у Лісабоне. У 1308—1537 яго некалькі разоў пераводзілі ў г. Каімбра; з 1537 ун-т Каімбры. У 1911 адноўлены ў Лісабоне. У 1997 больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: мастацтва, прыгожага мастацтва, лінгвістыкі, стараж. і сучасных моў, л-ры, гіст., геагр., філасофіі, права (у т. л. еўрапейскае права, юрыд. і паліт. навукі), мед., стаматалагічны, фармакалогіі, фіз., хім., геал., біял., камп’ютэрных навук, псіхалогіі і адукацыі. Пры ун-це працуюць ін-ты, у т. л. Ін-т сац. навук, партугальскай мовы і культуры (для замежных студэнтаў); агульная б-ка (100 тыс. тамоў) і спецыялізаваныя пры ф-тах; музеі прыродазнаўства, гісторыі, мінералогіі, навукі. Выдае навук. часопісы.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.

2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.

3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.

Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш. дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.

А.​М.​Кулагін.

Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Alces alces),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі.і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды, больш шматлікі на ПнУ. Трымаецца статкамі па 3—8 (зрэдку да 20) асобін.

Самы буйны з аленяў: даўж. да 3 м, выш. ў карку да 2,3 м, маса да 825 кг, самкі драбнейшыя. Шэрсць грубая, на спіне цёмна-бурая, на бруху і нагах белаватая. Рогі (толькі ў самцоў) вял., пераважна лапатападобныя, масай да 20 кг, на зіму спадаюць. Галава вял., шыя кароткая, тоўстая. На горле скурны выраст. Тулава масіўнае, кароткае. Ногі доўгія, з вузкімі вострымі капытамі. Корміцца травой, парасткамі і карой дрэў. Нараджае 1—2 цялят. Аб’ект спарт. і прамысл. палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Лось.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧО́СА,

рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 3510 м². Выцякае з воз. Зелянское каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзв. Асн. прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева). Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца на берагах, больш развіта на левабярэжжы, шыр. яе 300—500 м. Рэчышча шыр. 20—30 м, у нізоўі да 60 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач. красавіка. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай гарадской управы будынак.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)