ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́НЯ (Ціт Пятровіч) (7.9.1902, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 13.11.1965),

расійскі вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р вет. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. РСФСР (1965). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1928). З 1939 у Данскім с.-г. ін-це (да 1948 дырэктар, да 1965 заг. кафедры). Навук. працы па страваванні, абмене рэчываў, водным рэжыме, мерах барацьбы з лейкозамі буйн. раг. жывёлы. Стваральнік і кіраўнік праблемнай лабараторыі па вывучэнні лейкозаў.

Тв.:

Патологическая физиология и патологическая анатомия. 5 изд. М., 1956 (разам з П В.​Мараевым);

Патологическая физиология и патологическая анатомия животных. М., 1961.

Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАВО́ЙТ (Васіль Сцяпанавіч) (27.1.1886, с. Таранаўка Зміёўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 11.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. АН СССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1956). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1963). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1926). Да 1930 працаваў у ім, адначасова з 1912 ва Усесаюзным НДІ алейных культур (з 1935 заг. аддзела). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы сланечніку. Распрацаваў сістэму штогадовага сортааднаўлення сланечніку, вывеў высокаалейныя сарты. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Избр. труды. М., 1966;

Приемы выращивания семян подсолнечника. Краснодар, 1969 (у сааўт.).

В.С.Пуставойт.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял. акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Аляксей Зіноўевіч) (28.10.1910, с. Кошкі Самарскай вобл., Расія — 9.5.1972),

расійскі і ўкраінскі фізік-тэарэтык. Акад. АН Украіны (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1937), дзе і працаваў з 1943, з 1970 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Украіны. Навук. працы па матэм. фізіцы, агульнай тэорыі адноснасці і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў новыя метады вывучэння гравітацыйнай радыяцыі і энергіі гравітацыйнага поля, мадэліравання палёў прыцягнення. Выявіў існаванне трох тыпаў палёў гравітацыі (тыпы П.). Выказаў ідэю апісання тэорыі прыцягнення А.​Эйнштэйна ў тэрмінах плоскай прасторы. Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Пространства Эйнштейна. М., 1961;

Новые методы в общей теории относительности. М., 1966.

А.З.Пятроў.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Барыс Мікалаевіч) (11.3.1913, г. Смаленск, Расія — 23.8.1980),

расійскі вучоны ў галіне механікі і аўтам. кіравання. Акад. АН СССР (1960, чл,кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1939). З 1939 у Ін-це праблем кіравання, з 1963 акад.-сакратар Аддз. механікі і працэсаў кіравання, з 1979 віцэ-прэзідэнт АН СССР. З 1966 старшыня Савета «Інтэркосмас» пры АН СССР. Навук. працы па аналітычнай механіцы, тэорыі аўтам. кіравання рухомымі аб’ектамі, тэорыі саманаладжвальных сістэм. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1983.

Б.М.Пятроў.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ДЗІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.5.1903, г. Самара, Расія — 10.4.1987),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Правадз. чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — ін-це (1923—30). У 1930-я г. працаваў пераважна ў гіст.-рэв. жанры («Прыфрантавы рэўком», 1934—37). Вядомасць набылі лірычныя пейзажы, якім уласцівы свежасць успрыняцця прыроды, эпічная казачнасць, праца пры вячэрнім асвятленні. Сярод твораў: «Сяло Хмялёўка» (1944), серыі «Волга — руская рака» (1944 45), «Рускія мелодыі» (1946—57), «Чатыры пары года» (1952—53), «Кудзінскае возера» (1974—78) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Н.​Ромшин: Альбом. М., 1981.

М.Рамадзін. Сяло Хмялёўка. 1944.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),

расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.​Бюфона, Тацыта, Л.​Эйлера.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (н. 28.9.1929, с. Дылееўка Данецкай вобл., Украіна),

савецкі і расійскі дзярж. і парт. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1959). З 1950 на прадпрыемствах г. Свярдлоўска (у 1971—75 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Уралмаш»). З 1975 1-ы нам. міністра цяжкага і трансп. машынабудавання СССР. У 1979—82 1-ы нам. старшыні Дзяржплана СССР. У 1982—85 сакратар ЦК, у 1985—90 чл. Палітбюро ЦК КПСС. У 1985—91 старшыня СМ СССР. З 1993 дэп. Дзярж. думы Расіі. Старшыня Выканкома Нар.-патрыят. саюза Расіі (з 1996). Аўтар кнігі «Перабудова: гісторыя здрадніцтваў» (1992).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЎКІН (Міхаіл Іонавіч) (7.1.1907, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 13.10.1993),

бел. і расійскі скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. дз. культ. Расіі (1992). Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1928, кл. А.Л.Бяссмертнага). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1937—41, кл. І.Мусіна). З 1929 працаваў у сімф. аркестрах радыёкамітэта, Белдзяржфілармоніі, адначасова выкладаў у муз. школах у Мінску. З 1946 дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1953 — сімф. аркестра Томскай абл. філармоніі, выкладчык муз. вучылішчаў у Томску, з 1963 у Пскове. Адзін з першых прафес. дырыжораў Беларусі. Дзейнасць Р. садзейнічала станаўленню аркестра бел. нар. інструментаў у пасляваенны перыяд.

В.​У.​Мазанік.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)