САЦЫЯ́ЛЬНА-ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ, эканамічная і сацыяльная геаграфія,

навука, якая вывучае тэр. арганізацыю грамадства, геагр. размяшчэнне і ўзаемасувязі аб’ектаў, працэсаў, з’яў у розных краінах, раёнах, мясцовасцях; частка грамадскай геаграфіі і сістэмы геагр. навук. Падзяляецца на шэраг дысцыплін, аб’яднаных у агульную С.-э.г. (паліт. геаграфія, тэарэт. геаграфія, гісторыя С.-э.г., геаграфія сусветнай гаспадаркі, эканам. картаграфія, методыка эканоміка-геагр. даследаванняў), галіновую С.-э.г. (геаграфія насельніцтва, геаграфія прыродных рэсурсаў, геаграфія прамысловасці, геаграфія сельскай гаспадаркі, геаграфія транспарту і інш.) і рэгіянальную С.-э.г. Аб’екты даследавання — насельніцтва, гаспадарка і яе галіны, прыродныя рэсурсы, прасторавыя формы ўзаемадзеяння насельніцтва, гаспадаркі і прыроднага асяроддзя — эканам. раёны, тэр.-вытв. комплексы, нас. пункты і інш. С.-э.г. даследуе іх у гіст. развіцці і функцыянаванні, у розных узроўнях — лакальным, рэгіянальным, нацыянальным, міжнацыянальным, глабальным. Выкарыстоўвае геагр. (напр., картаграфічны), эканам. і сацыялагічныя метады і падыходы. На Беларусі даследаванні ў галіне С.-э.г. праводзяцца ў БДУ, інш. ВНУ, часткова ў Нац. АН і праектна-даследчых установах.

Літ.:

Саушкин Ю.Г. Экономическая география: история, теория, методы, практика. М., 1973;

Сидор С.И. Социально-экономическая география СССР: наука и учеб. дисциплина. Мн., 1989;

Жекулин В.С. Введение в географию. Л., 1989.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэгрэ́с

(лац. regressus = адваротны рух)

1) упадак у развіцці чаго-н., рух назад (напр. р. культуры); проціл. прагрэс 1;

2) спрашчэнне будовы арганізмаў жывёл і раслін у працэсе іх гістарычнага развіцця (напр. знікненне стрававальнай сістэмы ў многіх паразітаў);

3) права асобы, якая выконвала даручэнні іншай асобы, патрабаваць ад яе кампенсаваць затраты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя

(лац. formatio = утварэнне, від)

1) пэўная стадыя ў развіцці грамадства, а таксама структура грамадства на гэтай стадыі з уласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці;

2) сістэма поглядаў, унутраны склад;

3) комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння;

4) расліннае згуртаванне, якое характарызуецца адным або некалькімі агульнабіялагічнымі відамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ступе́нь, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Мера праяўлення якой-н. якасці, дзеяння і пад., параўнальная велічыня чаго-н.

С. падрыхтоўкі да ўборкі ўраджаю.

У значнай ступені.

У нейкай ступені (часткова).

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго-н.

С. развіцця эканомікі.

3. з парадк. ліч. Разрад, падраздзяленне ў класіфікацыі, структуры чаго-н.

Ордэн Славы і ступені.

Другая с. апёкаў.

4. Навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў.

С. кандыдата філалагічных навук.

5. У матэматыцы: здабытак роўных сумножнікаў.

Лік у пятай ступені.

6. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй.

7. Тое, што і прыступка.

Ступені лесвіцы.

○

Ступені параўнання — у граматыцы: формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 2 знач.).

2. Перыядычнае паніжэнне ўзроўню вады ў адкрытым моры. За суткі на моры бывае два прылівы і два адлівы. // перан. Спад у развіцці чаго‑н.; убыванне чаго‑н. Пестрак раскрывае ў рамане ўсю складанасць рэвалюцыйна-вызваленчага руху, паказвае яго прылівы і адлівы. Хромчанка. Шумеў натоўп, як марскі прыбой, чутны прылівы і адлівы людскога гоману. Гурскі.

3. Блік, водсвет на паверхні чаго‑н.; дадатковае адценне, якое адсвечваецца на фоне асноўнага колеру. На галінках тонкіх дрэмлюць зяблікі І палаюць жарам снегіры, Паглядзіш — здаецца, гэта яблыкі Бліскаюць адлівамі зары. Смагаровіч. Андрэй распрануўся і сеў на лаву, прыгладзіўшы рукою цёмна-русыя валасы з залацістым адлівам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.

2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.

3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.

•••

Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.

2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рмаз, ‑а і ‑у; мн. тармазы, ‑оў; м.

1. ‑а. Прыстасаванне для запавольвання або спынення руху машыны, цягніка і пад. Ручны тормаз. Аўтаматычны тормаз. □ Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Ваданосаў. У машыне раптам закрычаў чалавек — нема, бы яго разануў хто. Заскрыпелі тармазы. Пташнікаў. // Пляцоўка чыгуначнага вагона, дзе знаходзіцца такое прыстасаванне. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. Колас.

2. ‑у. Тое, што і тармажэнне. Выхад адзін — кінуць машыну і выбрацца з горада пешшу. Тормаз. Машына спынілася. Пятніцкі. Вацік даў трактару тормаз, прарэзлівым лопатам аглушыў Харытона. Баранавых.

3. ‑у; перан. Тое, што з’яўляецца перашкодай у развіцці чаго‑н. Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з яўляецца тормазам усяго ходу работ. Грахоўскі.

[Грэч. tormos — адтуліна, утулка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя, ‑і, ж.

1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».

2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.

3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.

[Лац. formatio — утварэнне, від.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпо́ха

(гр. epoche = прыпынак)

1) перыяд часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г.д., які адрозніваецца ад другога такога ж перыяду значнымі зменамі, падзеямі (напр. э. Адраджэння);

2) частка геалагічнага перыяду (напр. верхняя э. мелавога перыяду мезазойскай эры);

3) астр. момант, з якога пачынаецца адлік часу, звязаны з рухам якога-н. нябеснага цела.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)