пачці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Паважны, шаноўны, паважаны, добразычлівы. Сцяпана ведалі ўсе як пачцівага і даволі памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Які выказвае павагу, пашану да каго‑н. Сцяпанаў прывітаў .. [жанчыну] пачцівым паклонам. Васілевіч. У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Краўчанка.
2. перан. Разм. Значны (аб адлегласці, памеры і пад.). Студэнты малодшых курсаў, якія ў час лекцый прыходзілі сюды на фізпрактыку, з пачцівай адлегласці разглядаючы пакуль што незразумелую ім канструкцыю, заўважалі, як яна з кожным днём змяняецца. Шахавец. Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад [дзяўчыны],.. я сціпла адказаў: — Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перака́т, ‑у, М ‑наце, м.
1. Працяжны перарывісты гул. Перакаты грому. □ Гул даносіўся перакатамі, то заціхаў, то ўзмацняўся. Краўчанка. І зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлю. Мележ.
2. Валападобны пагорак на паверхні чаго‑н., які плаўна пераходзіць у паглыбленне. Дарога слалася перакатамі. □ Па снегавых перакатах Водгулле громам ішло. А. Александровіч.
3. Мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Дно Прыпяці часта мяняецца: у самых нечаканых месцах плынь наганяе пяску, робіць перакаты. Ракітны. Невялікая рака, вузкая і мелкая, яна мела шмат перакатаў і крутых паваротаў. Чарнышэвіч.
4. У спорце — паступовае перамяшчэнне цяжару цела з аднаго пункта на другі. Скачок з перакатам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напала́м, прысл.
Разм.
1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.
2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.
3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зна,
1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.
2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.
3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.
4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́спех, ‑у, м.
1. Удача ў дасягненні чаго‑н. Нізка ў пояс схіляецца жыта, Сінім морам вітаюць ільны. Беларускі народ працавіты, Твае поспехі свету відны. Астрэйка. Сход уважліва слухаў расказ Паходні пра поспехі Савецкай Арміі, пра блізкую перамогу. Хадкевіч.
2. Агульнае прызнанне дасягнутай кім‑н. удачы. У той незабыўны вечар на долю Наташы выпаў асаблівы, незвычайны поспех. Краўчанка.
3. толькі мн. (по́спехі, ‑аў). Добрыя вынікі ў рабоце, вучобе і пад. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніка і поспехаў сацыялізма ў СССР, у выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце, аслаблі пазіцыі сусветнага капіталізму. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́тнік 1, ‑у, м., зб.
Аднагадовыя дэкаратыўныя садовыя расліны. // Абл. Летняя садавіна. [Каліна:] — Пяцьдзесят гектараў саду. А які ўраджай! .. Летнік псуецца, гніе шмат. М. Ткачоў.
ле́тнік 2, ‑а, м.
Разм. Лёгкі летні пінжак або жакетка. На .. [хлопцу] шэры, з абвіслымі штрыфелямі летнік; сіняя кепка-васьміклінка з кароценькія брылём. Ракітны.
ле́тнік 3, ‑а, м.
Разм. Дарога, якой карыстаюцца толькі летам; проціл. зімнік. Адшукаў [Віця] знаёмы летнік — летнюю дарогу, па якой калгаснікі вазілі сена. Жычка. [Андрэй і Драбок] выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лом 1, ‑а, м.
Завостраная з аднаго ці з двух канцоў металічная палка, якой разбіваюць, ломяць што‑н. цвёрдае. Узнімаючы цяжкі лом, [Галаўнёў] гахкаў і з сілаў апускаў яго ў мёрзлую зямлю, намерваючыся адвярнуць вялікую скібу. Дудо. Пасля работы — з лапатамі і ламамі людзі ішлі на суботнікі. Васілевіч.
лом 2, ‑у, м., зб.
1. Ломаныя ці прыгодныя толькі для перапрацоўкі (пераважна металічныя) прадметы. Поезд быў надарваны, і новенькія варожыя танкі былі звалены пад адхон грубай жалезнага лому. Краўчанка.
2. Тое, што і ламачча (у 1 знач.). Каля печы .. стаялі кашы з бульбаю, ляжала бярэма насечанага дробна і звязанага перавяслам лому. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.
2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.
•••
Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваво́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто сваволіць; гарэза, дуронік. Варта.. [Даты] было выскачыць са школы, як за ёй са свістам гналася чарада свавольнікаў. Ракітны. — Ой, даскачашся, свавольнік, — Алена Антонаўка ківае.. пальцам. Жычка.
2. Свавольны чалавек; упарты, неслух. — Што ты робіш з мамаю, свавольнік! — ужо з ласкавай грозьбай гаварыла яна, і ў голасе чутны былі слёзы.. — Цябе ж траха машына не пераехала. Скрыган.
3. Несур’ёзны, легкадумны чалавек. [Гарошка:] — Не хапала, бачыце, яму [Рыгору Маркавічу], свавольніку, дзяўчат у сваім сяле, закахаўся ў беразаўчанку. Краўчанка. / у перан. ужыв. Эх, свавольнік палявы [вецер], Здзёр панаму з галавы! Калачынскі. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш.-ласк. да спіна; спіна дзіцяці, маленькай жывёліны, насякомага. Аксамітныя спінкі пчол.
2. Апора для спіны ў крэсла, канапы, лавы і пад. Спінкі сядзенняў у аўтобусе. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. — Тата, — рашуча сказала Мая, — ты купі мне ў горадзе саначкі, такія маленькія, са спінкай. Добра? Краўчанка.
3. Частка адзення, якая закрывае спіну.
4. Спінная частка рыбы, якая выразаецца для вялення або вэнджання. Спінка асятра.
5. Пра тыльны бок некаторых прадметаў. Спінка шафы. // Верхняя частка некаторых вузкіх прадметаў. Спінка брытвы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)