прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш.еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.
На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.
Літ.:
Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Беларусі (1940). Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). Да 1930 вядучы танцоўшчык Ленінградскага т-ра оперы і балета. У 1930—58 саліст, у 1960—75 педагог-рэпетытар Вял.т-ра; у 1968—72 адначасова маст. кіраўнік Маск. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў рус. балетнай школы 1920—40-х г., заснавальнік новага выканальніцкага стылю — гераічнага, віртуознага, насычанага драматызмам танца; значна ўзбагаціў танц. лексіку, зрабіў вял. ўплыў на наступныя пакаленні выканаўцаў. Сярод партый: Бог ветру («Талісман» Р.Дрыга), Блакітная птушка, Зігфрыд («Спячая прыгажуня». «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Геній вод («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт і Ганс («Жызэль» А.Адана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лі Шанфу («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Паставіў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (з Ф.Лапуховым, 1939; 2-я рэд. балета 1940 вырашана ім сродкамі дзейснага танца, арганічным спалучэннем класічнай і бел.нар. харэаграфіі), «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Сярод яго вучняў: У.Васільеў, А.Гадуноў, М.Лепа. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст.значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,
зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Актоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).
Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаў бел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац.мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РНЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць фіз. з’яў, абумоўленых сіламі паверхневага нацяжэння на мяжы падзелу паміж асяроддзямі, якія не змешваюцца; асобны выпадак паверхневых з’яў. Адкрыты і даследаваны Леанарда да Вінчы, Б.Паскалем і Дж.Журэнам; тэорыя К.з. распрацавана ў работах П.Лапласа, Т.Юнга, Дж.Гібса і інш.
Да К.з. звычайна адносяць з’явы ў вадкасцях, выкліканыя скрыўленнем іх паверхняў, якія мяжуюць з інш. вадкасцямі, цвёрдымі целамі, газам ці ўласнай парай. Напр., падыманне змочвальнай (гл.Змочванне) ці апусканне нязмочвальнай вадкасці ў тонкіх (капілярных) трубках або сітаватасцях цвёрдага цела; гідрастатычны ціск у гэтым выпадку ўраўнаважваецца капілярным ціскам (гл.Лапласа закон). Ва ўмовах бязважкасці пры адсутнасці датыкання да інш. цел абмежаваны аб’ём вадкасці прымае пад уздзеяннем паверхневага нацяжэння форму шара (гл.Кропля). Такую ж форму вадкасць набывае і ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ўнутры інш. вадкасці, якая мае такую ж шчыльнасць. К.з. значна ўплываюць на ўласцівасці сістэм, што складаюцца з дробных кропель (эмульсіі, вадкія аэразолі, пены), а таксама ўмовы іх утварэння; вызначаюць умовы ўтварэння зародкаў кандэнсацыі, кіпення, крышталізацыі і адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (асабліва ў водным рэжыме глебы і абмене рэчываў у раслін), тэхніцы (напр., у працэсах сушкі, прамочвання) і інш.
Літ.:
Современная теория капиллярности. Л., 1980.
П.С.Габец.
Да арт.Капілярныя з’явы: а — капілярнае падняцце змочвальнай вадкасці; б — апусканне нязмочвальнай вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ГА́ЗАЎ,
раз дзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці рэчыва ў газападобным стане. Аб’екты вывучэння — газы, газавыя сумесі, плазма. Асн. метады — статыстычныя на аснове малекулярнай будовы рэчыва і законаў узаемадзеяння паміж часціцамі.
Асновы К.т.г. распрацавалі Л.Больцман і Дж.К.Максвел; далей развіта ў працах М.Борна, М.М.Багалюбава, Л.Д.Ландау і інш. Вывучае дастаткова разрэджаныя сістэмы, для якіх час свабоднага прабегу часціц (ці квазічасціц) значна перавышае час іх сутыкнення, што дае магчымасць апісваць такія сістэмы на аснове адначасцінкавай функцыі размеркавання 𝑓(, , t), якая з’яўляецца шчыльнасцю імавернасці таго, што часціца ў момант часу t у пункце мае скорасць . Функцыя 𝑓 для канкрэтнай сістэмы пры зададзеных умовах з’яўляецца рашэннем асн. ўраўнення К.т.г. — кінетычнага ўраўнення Больцмана:
, дзе — знешняя сіла, што ўздзейнічае на часціцу масай m, I(𝑓) — інтэграл сутыкненняў (вызначае змену 𝑓 з-за сутыкненняў часціц). У выпадку сумесі газаў разглядаецца сістэма такіх ураўненняў для кожнага кампанента сумесі. Па знойдзенай функцыі 𝑓 вылічаюць сярэднія велічыні, якія характарызуюць стан газу і працэсы ў ім, і на іх аснове вывучаюць эвалюцыю нераўнаважных сістэм, унутранае трэнне, дыфузію, цеплаправоднасць і інш.
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,
змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.
Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл.Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл.Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл.Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.