Гіль 1 ’снягір’ (БРС, Касп.), рус. гиль, укр. гиль, польск. gil, giel, чэш. hýl і г. д. Этымалогія назвы гэтай птушкі вельмі няпэўная. Старая версія аб запазычанні з ням. (с.-в.-ням.) gel ’жоўты’ не вельмі надзейная (гл. Фасмер, 1, 406; Слаўскі, 1, 278); іншыя думаюць аб гукапераймальным характары гэтай назвы (агляд версій гл. у Слаўскага і Фасмера). Пытанне аб этымалогіі застаецца адкрытым. Сл. паўн.-зах. прыводзіць форму гіль ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 221), *gylь — прасл. слова (магчыма, ад *gyliti).

Гіль 2 ’конскі авадзень’ (гродз., гл. Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Сцяшк., Шатал., Жд. 1; параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах.). Паводле Цыхуна (там жа), запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gylỹs ’авадзень’). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) думае пра роднаснасць з прасл. *gylь ’снягір’; няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мушту́к, ‑а, м.

1. Невялікая трубачка (пластмасавая, касцяная, бурштынавая або драўляная), у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты. Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе, і з маруднай паважнасцю ўладкоўваў палавінку [цы]гарэты ў жоўты бурштынавы муштук. Дуброўскі. // Цвёрдая, свабодная ад тытуню частка папяроснай гільзы, якую бяруць у рот пры курэнні. Глянула [маці] на попельніцу і моўчкі пакруціла галавой: там адзін у адзін ляжалі муштукі.. папярос. Кулакоўскі. // Тое, што і цыбук (у 1 знач.).

2. Тое, што і цуглі. Па горкай сцежцы цокаюць падковы, Гарачы конь кусае муштукі. Грахоўскі.

3. Дэталь духавога музычнага інструмента, якую ў час ігры бяруць у рот або прыкладваюць да губ. — Хлопцы, вальс атрымліваецца! — размахваючы кларнетам, выгукнуў Андрэй і зноў прыставіў муштук інструмента да губ. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.

1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.

2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.

3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7∙10​3 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5∙10​3 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у т. л. фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25∙10​3 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83∙10​3 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3 — сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Булдоўнік 1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).

Булдоўнік 2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лось 1 ’буйная дзікая жывёліна з лапатападобнымі рагамі, Alces alces’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), лусь, лэсь (Дразд.). Укр., рус. лось, польск. łoś, в.-луж. łós, чэш., славац. los. Паўн.-прасл. olsь ’тс’, і.-е *ol‑kʼ‑is: ст.-ісл. elgr, швед. älg, ст.-в.-ням. ëlho, ëlaho, ст.-англ. eolh, лац. alcēs, ст.-грэч. ἄλκη ’лось’, ст.-інд. ŕ̥śyas ’самец антылопы’, памір. rus ’каменны баран’. Паводле асновы — роднаснае да алень (Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 215–216).

Лось 2 ’грыб пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Серж. Грам.; маладз., Янк. Мат.; уздз., Нар. словатв.; ТС; віл., Сл. ПЗБ). Да лось 1. Названа паводле афарбоўкі і касматасці шапачкі грыба, падобных да шэрсці лася. Сюды ж лосёў грыб ’рагацік жоўты, Clavulina cristata Schroet.’ (ТС). Матывацыя — падабенства формы грыба і рагоў лася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лотаць, лотась, ло́тоць, лотац, лотать, лоташнік ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (мін., маг., Кіс.; Сцяшк., Бяльк., Бейл., Шат., Мікуц., Сл. ПЗБ, ТС), а таксама лотаце́нё, ло́точнік, ло́тошнік, локо́тнік, лота́тя ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’, ’гарлачык чыста-белы, Nymphaea candida Presl.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Бейл.). Укр. лата́ття, лата́ч, лота́ття, ло́тач, ло́таш, ло́тарь, ло́так, ло́тань, ло́точ, зах.-рус. лотать, польск. крэсовае łotoć, łotocie, в.-луж. lokaśina, славац. lotač, lotáč, lotaj. Слова не мае надзейнай этымалогіі. Слаўскі (5, 217) адносіць да прасл. olta (параўн. укр. лата́тий ’з вялікімі і шырокімі лістамі’. Мяркулава (Очерки, 26–30) узводзіць да і.-е. асновы *lat‑ ’мокры’, ’балота’, што з’яўляецца малаімаверным. Махэк₂, Jména, 41, беручы пад увагу іншыя слав. назвы лотаці (blatúch, blatník, калужница), звязаныя з паняццем ’балота’, узводзіць разглядаемыя лексемы да прасл. loky ’лужына, месца са стаячай вадой’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)