МУНК (Munk) Анджэй (16.10.1921, г. Кракаў, Польшча —21.9.1961),

польскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1950), у 1957—60 выкладаў у ёй. З 1949 аператар і рэжысёр кінахронікі. Паставіў дакумент. фільмы: «Накірунак—Новая Гута» (1951), «Слова чыгуначнікаў» (1953), «Зоркі павінны гарэць» (1954, з В.​Лясевічам) і інш. У 1955 дэбютаваў у маст. кіно. Вядомасць М. прынеслі фільмы «Чалавек на рэйках» (1957), «Eroica» (1958), «Касавокае шчасце» (1959, у сав. пракаце — «Шэсць ператварэнняў Яна Пішчыка»), «Пасажырка» (1961—63, завершаны Лясевічам). Яго фільмы адметныя вострымі і напружанымі сітуацыямі, гратэскам, сатыр. і трагікамічнай формай. Прэміі міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1955, 1958, 1964), Карлавых Варах (1957), Канах (1964). Дзярж. прэмія Польшчы 1954.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІВЕ́Ц Валянцін Цімафеевіч (9.5. 1937, в. Хазянінкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на з-дзе ў Мінску (1959—64). З 1967 на Бел. радыё і тэлебачанні, у час. «Полымя», Бел. фондзе культуры і інш. Друкаваўся з 1962. Аўтар дакумент. аповесцей, нарысаў, апавяданняў: зб-кі «Дубы не маўчаць» (1967), «Мае заводчыкі» (1969), «Гарачая сталь» (1971), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Каханне на золку» (1986), «Выгнанне грэшнікаў» (1990) і інш., у якіх узнімае праблемы развіцця горада і вёскі, тэму экалогіі асэнсоўвае як комплекс вытворчых і маральна-этычных праблем па захаванні і ўзбагачэнні нац. духоўнай спадчыны.

Тв.:

Мужанцы: З хронікі сорак пятага года. Мн., 1982.

В.Ц.Мыслівец.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНО́ЎСКІ Мікалай Міхайлавіч (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.​Слабодчыкава, Ю.​Герасіменкі, П.​Дурчыка, А.​Кузняцова і інш.), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НКІН Іван Яфімавіч (26.11.1919, в. Тратны Вугал Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна ў Маскве (1952). У 1939—71 служыў у Сав. Арміі (з 1958 у газ. «Во славу Родины»), у 1972—85 у выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1950. Піша на рус. мове. Аўтар кніг нарысаў «Завешчана бацькамі» (1974), і «Пра што шумяць сосны» (1980), «Залатая карона з Клімавічаў» (1998), дакумент. аповесцей «Мацней за сталь» (1978), «Тугія вятры» (1983), «У смузе палігоннай» (1984), аповесці «Права весці ў бой» (1980). Асн. тэматыка яго творчасці — мужнасць і гераізм у гады Вял. Айч. вайны, мірныя будні воінаў.

Тв.:

Резерв комбата: Док. повести. Мн., 1988;

Гибель маршала в Кремле. Мн., 1999.

т. 14, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРКО́ Іосіф Уладзіміравіч (24.2.1938, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.7.1989),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце СМ Беларусі. У 1974—89 на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1962. Аўтар зб. лірыкі «Бацькоўскі парог» (1973). Вершы С. вылучаюцца мілагучнасцю і меладычнасцю, прасякнуты грамадз. пафасам, любоўю да роднага краю; на многія з іх напісаны песні. Напісаў сцэнарый дакумент. фільма «Драўгістэ — дружба». На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Бокава, Б.​Кежуна, А.​Твардоўскага, К.​Шавялёвай, М.​Нагнібеды, К.​Галчынскага і інш.

Тв.:

Весніцы: Вершы, песні. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУЧКО́ВА Раіса Сцяпанаўна (н. 5.10.1925, Масква),

расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (1978). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1944). З 1944 салістка, у 1978—81 балетмайстар-рэпетытар Вял. т-ра ў Маскве. З 1995 маст. кіраўнік кафедры харэаграфіі Рас. акадэміі тэатральнага мастацтва. Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Марыя, Жанна («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.​Гліэра). Знялася ў фільме-балеце «Хрустальны чаравічак» і ў тэлеэкранізацыі балетаў «Паручнік Кіжэ», «Тваё імя». Яе творчасці прысвечаны тэлефільм «Танцуе Раіса Стручкова» і дакумент. фільм «Раіса Стручкова».

Р.Стручкова ў ролі Папялушкі.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАХІМЁНАК Сяргей Аляксандравіч (н. 7.2.1950, г. Карасук Новасібірскай вобл., Расія),

бел. юрыст і пісьменнік. Д-р юрыд. н. (1999). Скончыў Свярдлоўскі юрыд. ін-т (1977), Вышэйшыя курсы КДБ СССР (1981). З 1990 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (з 1996 нач. кафедры). З 1999 нач. сітуацыйна-аналіт. цэнтра дзяржсакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 2000 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах метадалогіі забеспячэння нац. бяспекі. Аўтар вострасюжэтных раманаў і сцэнарыяў хранік.-дакумент. фільмаў.

Тв.:

Российский триллер;

Игры капризной дамы. М., 1996;

Безопасность государства: Методол.-правовые аспекты. Мн., 1997. Груз небесный. Мн., 1998;

Заказ на двадцать пятого. М., 1999;

Женская логика. Мн., 2000;

Второй уровень. Мн., 2001.

т. 15, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСКІ Міхась (Майсей Моталевіч; 25.12.1904, в. Майскае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1.7.1984),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Ленінградзе (1934—37). У 1917—30 працаваў наборшчыкам, з 1935 на парт. і журналісцкай рабоце ў Мінску. У 1941—43 рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», з 1947 у час. «Вожык» (у 1947—55 гал. рэдактар), у 1961—70 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1937. Выступаў у жанры сатыры. Аўтар зборнікаў сатыр. апавяданняў, камедый, гумарэсак, фельетонаў «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), дакумент. аповесці «Фарбамі гневу» (2-е выд., 1978).

Тв.:

Стрэляны Вераб’ёў. Мн., 1976.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНГІ́Н Барыс Аляксандравіч (н. 10.10.1927, г.п. Ніжнеангарск Паўн.-Байкальскага р-на, Бурація),

бел. гукааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1958). З 1960 гукарэжысёр Мінскай студыі тэлебачання, з 1964 гукааператар кінастудыі «Беларусьфільм». Першы на Беларусі ўжыў раздзельны запіс аркестра і салістаў, арк. груп. Сярод агучаных ім фільмаў: «Каханая» (1965), «Саша-Сашачка» (1967), «Чакай мяне, Ганна!» (1969), «Магіла льва» (1972), «Чорная бяроза» (1979, стэрэафанічны), «Пункт адліку» (1980), «Палёт у краіну пачвар» (1986), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1987), «Звер, які выходзіць з мора» (1992); тэлевізійныя фільмы «Час-Не-Чакае» (1975), «Зацішша» (1981), мультыплікацыйны «Песня пра Зубра» (1982), дакумент. «Вялікі тэатр — 200-ы сезон» (1976).

А.​А.​Карпілава.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРО́ГЕЙМ, Штрохейм (Stroheim) Эрых фон (22.9.1885, Вена — 12.5.1957), амерыканскі кінарэжысёр, акцёр. Атрымаў ваен. адукацыю. З 1909 жыў у ЗША, з 1914 у Галівудзе. Здымаўся ў невял. ролях, быў сцэнарыстам, дэкаратарам. У акцёрскіх і рэжысёрскіх работах спалучаў сарказм, гратэск, сатыру з рэаліст. дакумент. дакладнасцю. Найб. значны фільм — «Прагнасць» (1924). Яго фільмы «Сляпыя мужы» (1918), «Вясёлая ўдава» (1925), «Вясельны марш» (1928) і інш. адметныя цікавасцю да рэзкіх жыццёвых супрацьлегласцей, арыгінальнасцю рэжысёрскага бачання, вастрынёй у абмалёўцы характараў. Зняўся ў фільмах «Вялікая ілюзія» (1937), «Гібралтар» (1938; у сав. пракаце «Сіло шпіянажу»), «Пяць грабніц на шляху ў Каір» (1943), «Сансет бульвар» (1950) і інш. Аўтар шматлікіх сцэнарыяў. Займаўся літ. дзейнасцю.

Літ.:

Королевич В., Аташева П. Эрих Штрогейм. М.; Л., 1927.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)