сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСЕ́НЫ (ад піра... +грэч. xenos чужы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа стужачных сілікатаў. Агульная формула R2[Si2O6], дзе R — пераважна магній, жалеза, радый, кальцый, алюміній, натрый, літый і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (клінапіраксены) і рамбічнай (ортапіраксены) сінганіях. Адрозніваюць П. шчолачназямельныя (дыяпсід-гедэнбергіт, аўгіт) і шчолачныя (эгірын, жадэіт, спадумен). Крышталі кароткапрызматычныя, таблітчастыя, зярністыя масы, украпанікі. Колер белы, шэры, жоўты, аліўкава-зялёны, бураваты да чорнага. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,1—3,6 г/см³. Уваходзяць у састаў многіх магматычных і метамарфічных горных парод, некат. пароды цалкам складзены з П. (напр., піраксеніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,
верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),
род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.