сухава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім сухі (у 1, 2, 5, 9, 10 і 11 знач.). Янук памаўчаў з хвіліну, нібы прыслухоўваючыся к лёгкаму посвісту ветру ў сухаватых лісцях. Кулакоўскі. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў. Зуб. Марына ўлавіла сухаваты тон Андрэевых слоў. Шахавец. Не адрываючыся, я глядзеў на падцягнуты сухаваты твар старога. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае такт ​2, які валодае тактам ​2. Уважлівая, тактоўная, удумлівая,.. [Вольга Уладзіміраўна Галіна] ўмела, не крыўдзячы выканаўца, паправіць яго памылку. «Беларусь». [Надзя:] — Цябе выратавала тое, што ты аказаўся надзіва тактоўным чалавекам і не паспрабаваў нават абняць Іну Аляксандраўну. Рамановіч. // Які выконваецца з тактам. Тактоўны ўчынак. Тактоўны падыход. □ Аб тым, як жывуць выгнаныя са школы калегі,.. [Базыль Трайпанскі] палічыў тактоўным не распытвацца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угавары́цца, ‑вару́ся, ‑во́рышся, ‑во́рыцца; зак.

1. Загадзя дамовіцца, згаварыцца аб чым‑н. Аленка чакала Сцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сцежцы каля Дзям’янавай клуні. Колас. // Прыйсці да згоды ў выніку перагавораў; дамовіцца. Гаварылі сваты ды і ўгаварыліся: сказалі... што цераз тыдзень зробяць заручыны. Калюга.

2. Разм. Сказаць лішняе; прагаварыцца. Пошта скеміў, што ён тут трохі ўгаварыўся, і стараўся паправіцца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбу́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узбудзіць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў прыўзнята-нервовым стане; усхваляваны, узрушаны. Ехалі падводы, ішлі ўзбуджаныя мужчыны і гучна аб чымсьці гаварылі. Каліна. Вясёлыя, узбуджаныя пары сядзелі цяпер па розных кутках. Броўка. // Які выражае, выяўляе такі стан. Узбуджаны голас. Узбуджаны твар. □ Я люблю Палявое гарачае лета, Гоман лесу І птушак узбуджаны крык. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уто́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уткнуцца вострым канцом у што‑н. Кап’ё ўторкнулася ў зямлю.

2. Уперціся, уткнуцца ў што‑н. У бераг носам пад кустом Уторкнулася лодка. Скарынкін. Мой, вораг ляжаў нерухома, уторкнуўшыся тварам у снег. Шамякін.

3. перан. Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уторкнуўшыся ў газету,.. [афіцэр] ужо думае аб дарозе. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́була, ‑ы, ж.

Паслядоўны паказ падзей, здарэнняў і пад. у мастацкім творы; схема развіцця мастацкага твора. Я .. ніяк не мог вызваліцца ад уражання, што слухаю зусім другога чалавека, чую зусім другі расказ, падобны да першага толькі сваёй знешняй фабулай. Шамякін. // Кароткі змест, пераказ чаго‑н. Фабула твора нескладаная. У чулай душы апавядальніка ажывае «жыцця мінулага пячаць» — успамін аб дзяўчынцы Вераніцы. Лойка.

[Ад лац. fabula — апавяданне, гісторыя.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філасо́фстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Разважаць на філасофскія тэмы. [Прафесар:] — Ведаеце, Міхаіл Палікарпавіч, мне хочацца сёння філасофстваваць аб мудрай складанасць быцця і ягоных законах. Галавач.

2. Разм. Разважаць на абстрактныя тэмы, мудраваць. — Усё вясною ажывае, — філасофстваваў дзед Мікалай. — Скажам, той жа галавасцік. Вывеўся ён з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

функцыяні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Выконваць свае функцыі, быць у дзеянні, працаваць. Рэшткі падлогі і абліцоўкі сцен сведчаць аб тым, што царква.. была дабудавана і функцыяніравала на працягу невялікага часу, пасля чаго была разбурана. «Беларусь». // (са словамі: «як» і «у якасці» каго-чаго). Выконваць пэўныя функцыі. Так адкрываецца Віцебскі гарадскі музей, які з кастрычніка 1919 г. пачынае функцыяніраваць як музей гісторыка-археалагічны. «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасцякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць халасцяком, без жонкі. Відаць, густ.. [Павалковіча] быў вельмі пераборлівы. Аб гэтым сведчыла ўжо тое, што, нягледзячы на сваю інтэлігентнасць, якую ён выстаўляў напаказ, і паўвалочку зямлі, домік з садам у Рымках, ён да гэтага часу халасцякаваў. Машара. [Доня:] — Ну, ну. То чаму халасцякуеш? Табе ж [Тодар] недзе ці не пад трыццаць ужо? Усё, канечне, выбіраеш. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалёны, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў высокую ацэнку; расхвалены. Галя была самая прыкметная сярод дзяўчат.. Ды і хлопец да яе прыязджаў з горада.. Працаваў на заводзе пасля арміі. Хвалёны, прыгожы, паважаных бацькоў хлопец! Мыслівец. // Іран. Пра каго‑, што‑н., што аказалася нявартым пахвалы. [Бадытчык:] — Тут гэтыя коні хвалёныя ўжо ледзьве ногі цягаюць. Лобан. К. Каліноўскі выкрывае хвалёны царскі маніфест аб скасаванні паншчыны. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)