адкры́цца, -ры́юся, -ры́ешся, -ры́ецца; зак.

1. Стаць адкрытым; адчыніцца (гл. адкрыць).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра рану: перастаць зажываць, разысціся краямі.

Адкрыліся старыя раны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Стаць бачным, паказацца.

Наперадзе адкрыўся цудоўны краявід.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выявіцца, з’явіцца (разм.).

Адкрылася хвароба.

5. каму. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра, прызнацца ў чым-н.

А. свайму сябру.

6. Стаць зразумелым каму-н.

Перад намі адкрылася ясная будучыня.

Свет мастацтва адкрыўся для мяне.

7. перан. Стаць даступным, магчымым.

Перад ім адкрываліся ўсе дзверы.

8. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.).

У суседняй вёсцы адкрылася школа.

|| незак. адкрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),

мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),

нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.​Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сид. Пб., 1922;

Избр. соч. М.; Л., 1959;

Идеи к философии истории человечества. М., 1977.

Літ.:

Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;

Гулыга А. В.​Гердер. 2 изд. М., 1975;

Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Herder-Bibliographie. Berlin;

Weimar, 1978.

В.​І.​Боўш, Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.​Салаўёва, В.​Перахода, М.​Збіткоўскага, С.​Мельніка, В.​Палянскай, І.​Сяржаніна, А.​Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.​Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.​Азбукін, Дз.​Даўгяла, Я.​Крукоўскі, Д.​Васілеўскі, Я.​Сяргеенка, В.​Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.​Уладзіміраў, Я.​Троська, Ю.​Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.​Каспяровіч, А.​Немцаў, М.​Мялешка і інш., звычаёвае права — І.​Бонч-Асмалоўскі, Р.​Парэчын, нар. медыцыны — К.​Гурвіч, А.​Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.​Шашалевіч (А.​Мрый), Т.​Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.​Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.​Сосіса, Г.​Аляксандрава, В.​Скардзіса, К.​Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.

3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глядзе́цца, -джу́ся, -дзі́шся, -дзі́цца; -дзі́мся, гледзіце́ся, -дзя́цца; -дзі́ся; незак.

1. у што. Глядзець на сваё адлюстраванне ў чым-н.

Г. ў люстэрка.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Успрымацца: пра фільм, пастаноўку і пад.

Спектакль глядзіцца з увагай.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра рэч, прадмет: добра выглядаць, дэманстраваць свае лепшыя якасці.

Касцюм добра глядзіцца.

|| зак. паглядзе́цца, -гляджу́ся, -глядзі́шся, -глядзі́цца; -глядзі́мся, -гледзіце́ся, -глядзя́цца; -глядзі́ся (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

клапаці́цца, -пачу́ся, -по́цішся, -по́ціцца; незак.

1. па кім-чым, каля каго-чаго. Старанна і дбайна займацца чым-н.; працаваць над чым-н.; працаваць над чым-н.

К. па справе.

К. каля гаспадаркі.

2. без дап. і з дадан. Непакоіцца, турбавацца з выпадку чаго-н.

Гаспадыня пачала к., дзе каго пасадзіць.

3. аб кім-чым і пра каго-што. Праяўляць клопат аб кім-, чым-н.

К. пра ўнукаў.

|| зак. паклапаці́цца, -пачу́ся, -по́цішся; -по́ціцеся.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

згарну́цца, згарну́ся, зго́рнешся, зго́рнецца; згарні́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скруціцца трубкай.

Ватман згарнуўся ў скрутак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загнуўшыся з краёў, закрыцца (пра пялёсткі, лісце).

3. Легчы, сагнуўшыся, скруціцца.

З. пад дрэвам і заснуць.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Скараціцца, зменшыцца.

Прадпрыемства згарнулася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра вадкасць: загусцець, утварыўшы камячкі.

Кроў згарнулася.

|| незак. зго́ртвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пагража́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. каму і без дап. Рабіць пагражальны жэст рукой.

П. кулаком.

2. каму і чым. Папярэджваць з пагрозай пра што-н.

П. вайной.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Служыць прыметай (чаго-н. небяспечнага, непрыемнага).

Рака пагражае разлівам.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму-чаму. Пра што-н. дрэннае, што з’яўляецца пагрозай каму-, чаму-н.

Пагражае гангрэна.

|| зак. пагразі́ць, -ражу́, -ро́зіш, -ро́зіць (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сцішэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра гукі, шумы: перастаць чуцца, стаць нячутным.

Рыканне кароў сцішэла.

У лесе сцішэла (безас.).

2. Супакоіцца, перастаць перажываць, хвалявацца і пад.

Вярнуўся сын, і маці сцішэла.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра з’явы прыроды: паменшыцца ў сіле, аслабець.

Снег сцішэў.

Мора сцішэла (супакоілася).

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Крыху ўціхнуць, перастаць балець.

Боль зубоў сцішэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)