ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,

выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА, Уэд-Дра,

рака на ПнЗ Афрыкі, у Марока. Даўж. каля 1150 км, пл. бас. 15,1 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле Высокага Атласа вытокамі Дадэ і Іміні, цячэ па зах. ускраіне Сахары. Упадае ў Атлантычны ак. толькі ў час паводкі, калі растаюць снягі ў гарах. Пастаяннае цячэнне ў гарах (каля 200 км), ніжэй воды ракі выкарыстоўваюцца на арашэнне. Даліна Д. густа населена.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТНІК (Васіль Васілевіч) (10.12.1921, в. Каменск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Сталінграда, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы. Наводчык гарматы сяржант Гутнік вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы ў раёне г. Сандамір, у 1945 у час ліквідацыі варожай групоўкі і вулічных баёў у г. Брэслаў (Вроцлаў, Польшча).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Пётр Сяргеевіч) (22.1.1921, в. Мікулічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 22.12.1967),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім, Паўд., Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў час Бабруйскай аперацыі 1944, пры вызваленні вёсак на Пд ад Бабруйска. Да 1953 у Сав. Арміі, пасля на гасп. рабоце.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Іван Рыгоравіч) (22.10.1916, в. Хоцімск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.7.1952),

поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1941. Снайпер сяржант З. вызначыўся пры вызваленні Польшчы каля в. Юзэфаў Радамскага ваяв. і ў час прарыву абароны праціўніка на р. Одэр каля г. Лебус на тэр. Германіі, знішчыў 56 гітлераўцаў і захапіў 2 пушкі. Пасля вайны працаваў у калгасе на радзіме.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЖНІКІ,

асобы, проціпраўна затрыманыя сілай з мэтай прымусіць дзяржаву, арганізацыю ці інш. асоб выканаць пэўныя дзеянні ці абавязкі. У міжнар. праве — грамадзяне захопленай ворагам краіны, якія неправамерна ўтрымліваюцца акупац. ўладамі пад пагрозай іх знішчэння, калі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі не выканае патрабаванняў акупац. улад. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб ахове грамадз. насельніцтва ў час вайны забараняе захоп З. і разглядае такія дзеянні як міжнар. злачынствы.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́М-ШАІ́Р (сапр. Назар-аглы Іслам; 1874, кішлак Гала Касаб Самаркандскай вобл., Узбекістан — 17.7.1953),

узбекскі казачнік. Нар. паэт Узбекістана (1940). У дастанах, вершах расказваў пра цяжкую долю ўзб. народа на пач. 20 ст., перамены ў яго жыцці, светапоглядзе ў сав. час. Творы, тэматычна звязаныя з падзеямі Вял. Айч. вайны, заклікалі да барацьбы, услаўлялі подзвіг народа. Пасляваен. вершы прасякнуты гуманізмам, імкненнем да міру.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),

ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Н (Kallinos),

старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),

у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус. правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)