СКЛАДА́НЫ СКАЗ,
поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.
Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.Бядуля).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.
Л.І.Бурак.
т. 14, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАВІ́РУСЫ,
група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.
т. 1, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСААВІЯХІ́М, Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву,
масавая добраахвотная грамадская арг-цыя ў СССР у 1927—48. Асн. задача — распаўсюджванне ваен. ведаў сярод насельніцтва. У 1948 замест АСААВІЯХІМа створаны 3 самастойныя т-вы, якія ў 1951 аб’яднаны ў ДТСААФ.
т. 2, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДНАСЦЬ,
здольнасць хім. рэчываў (бактэрыцыды), фіз. і біял. фактараў (т-ра, іанізавальнае выпрамяненне, дзеянне ферментаў) выклікаць гібель бактэрый. Уласціва таксама сываратцы крыві, слязам, сліне, малаку, страўнікаваму соку, скуры чалавека і жывёлы. Бактэрыцыднасць раслін абумоўлена рэчывамі — фітанцыдамі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбнай практыцы.
т. 2, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎРА (ад грэч. aura веянне, подых ветрыку),
1) стан, які папярэднічае прыступам эпілепсіі, істэрыі і да т.п.
2) Паводле акультных, парапсіхалагічных уяўленняў сукупнасць энергетычных выпрамяненняў, якія ўтвараюць біяполе чалавека. У пераносным сэнсе — настрой, клімат, атмасфера, што пануюць у якім-н. асяроддзі.
т. 2, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕДУІ́НЫ (араб.),
качавыя арабы-жывёлаводы (гал. чынам вярблюдагадоўцы) Аравійскага п-ва і Паўн. Афрыкі. У еўрап. л-ры бедуінамі называюць таксама паўкачавых арабаў, якія сумяшчаюць жывёлагадоўлю з земляробствам. У грамадскім ладзе бедуінаў суіснуюць рысы рода-племянной арганізацыі і патрыярхальна-феад. адносін.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕТРЫ́СТЫКА (ад франц. belleslettres мастацкая літаратура),
у шырокім сэнсе слова — маст. л-ра наогул, у больш вузкім і ўжывальным — мастацкая проза (у адрозненне ад паэзіі і драматургіі). У сучасным разуменні — нескладаныя празаічныя творы займальнага характару, якія проціпастаўляюцца сур’ёзнай л-ры.
т. 3, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУКА́ЛЬНЫЯ ТО́КІ,
электрынныя токі, якія працякаюць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя (напр., ва ўстаноўках электрасувязі, сістэмах электразабеспячэння электрыфікаванай чыгункі). Выклікаюць карозію метал. рэчаў у зямлі (абалонак кабеляў, трубаправодаў, буд. канструкцый і інш.), што прыводзіць да іх разбурэння.
т. 3, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ-ГАЗ,
квантавы газ часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-газаў адносяцца аднаатамныя газы з атамамі, якія маюць цотны лік нуклонаў (напр., гелій 4He), газы фатонаў і некаторых квазічасціц (напр., фанонаў).
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КАЛІ,
паселішча эпохі неаліту, бронзы і ранняга жалеза (3—1-е тыс. да н.э.) на р. Акалі ў Эстоніі. Знойдзены прылады працы, кераміка, упрыгожанні розных культур (нарвенскай, тыповай грабеньчата-ямкавай, шнуравой і інш.), якія часткова былі пашыраны і на Пн Беларусі.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)