ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),

паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.​Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.

Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.

У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял. маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял. кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.​Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.​Каспровіч), літ. (Б.​Казлаўскас), рус. (Я.​Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.​Семяжон, У.​Шатон, Н.​Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.​Агуновіч, У.​Басалыга, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Марачкін, М.​Селяшчук і інш., драматургі (А.​Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Песня пра зубра. Мн., 1973;

Песня пра зубра. Мн., 1980;

Песьня пра зубра. Мн., 1994.

Літ.:

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;

Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд. Мн., 1996.

В.​А.​Чамярыцкі.

Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заво́зна, безас. у знач. вык.

Пра вялікую колькасць прывезенага ў млын збожжа, пра вялікі завоз (у 2 знач.). Завозна каля млына, стаяць калёсы, нагружаныя мяшкамі зерня. Гурскі. Як умалотна, дык і завозна. З нар. // перан. Наогул пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Па Волзе паром самаходны ідзе Насустрач вірлівай настойлівай плыні. Завозна, і вольнага месца нідзе Не адшукаеш на гэтай махіне. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упамяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Паведаміць пра каго‑, што‑н. коратка, бегла; назваць, закрануць мімаходам. Адзінаццаць стагоддзяў налічвае Полацк з таго часу, як першы раз яго ўпамянулі ў летапісе. Хадкевіч. [Пцічкін:] — Абавязкова ўпамяні пра яе [Ірыны] выступленне на пленуме райкома камсамола. Ты журналіст, Мікола, а не фотаапарат. Гаўрылкін. // Назваць пры пералічэнні. Гаворачы пра даярак, неабходна ўпамянуць і другіх працаўнікоў жывёлагадоўлі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́ра,

1. Прысл. да шэры (у 1, 3 знач.).

2. у знач. вык. Пра хмурную пагоду. На дварэ было шэра і кісла, у вокны пёрся буйны і дажджысты вецер. Лобан. // Пра прыцемкі. У хаце шэра без агню і ціха. Брыль. // Пра адсутнасць утульнасці памяшкання, пакоя і пад. У хаце Нупрэя Сазанчука з’явіліся абразы і зніклі найбольш каштоўныя гаспадарчыя рэчы, стала няўтульна, шэра. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

slanted [ˈslɑ:ntɪd] adj. перакру́чаны, скажо́ны;

a rather slanted account of the meeting перакру́чаныя фа́кты пра мі́тынг

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

smoulder [ˈsməʊldə] v.

1. дагара́ць, тлець

2. lit. таі́цца, хава́цца (пра пачуцці);

smouldering discontent скры́тая незадаво́ленасць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

sparkling [ˈspɑ:klɪŋ] adj.

1. іскры́сты, шыпу́чы (пра віно)

2. зіхатлі́вы, бліску́чы;

a sparkling conversation жыва́я размо́ва

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

rootless [ˈru:tləs] adj.

1. бязро́дны, без каранёў, які́ не ма́е каранёў (пра чалавека)

2. безгрунто́ўны, беспадста́ўны

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

meander [miˈændə] v.

1. ві́цца (пра рэчку, дарогу)

2. бадзя́цца, вандрава́ць (без мэты)

3. гавары́ць бязла́дна

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

metallic [məˈtælɪk] adj.

1. металі́чны

2. металі́чны, падо́бны да мета́лу (пра гук, бляск і да т.п.)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)