БРО́ДСКІ (Аляксандр Ільіч) (19.6.1895, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.8.1969),
украінскі фізікахімік. Чл.-кар.АНСССР (1943), акад.АН УССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1927 у Ін-це фіз. хіміі АН УССР, з 1939 яго дырэктар. Навук. працы па фіз. хіміі. Упершыню ў СССР атрымаў цяжкую ваду (1934) і выкарыстаў ізатопы для даследавання механізму хім. рэакцый. Аўтар падручніка «Фізічная хімія» (1928; т. 1—2. 6-е выд. 1948), манаграфій «Сучасная тэорыя электралітаў» (1934) і «Хімія ізатопаў» (2-е выд. 1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 71—72.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА (сапр.Міляеў) Васіль Сцяпанавіч
(7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),
украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм.т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Банка («Макбет» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНШТА́М (Лазар Навумавіч) (21.6.1896, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 1939),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну камісар дывізіі, інспекцыі артылерыі Чырв. Арміі. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар ЦККПЗБ, чл.ЦК КПП. З 1928 у СССР. З 1929 чл.РВС і нач. Палітупраўлення БВА. З 1933 нач. Палітупраўлення і нам. камандуючага Асобай Далёкаўсх. арміяй. Чл.ЦК у 1929—33 і чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1930—33. Чл.Цэнтр.рэвіз. Камісіі ВКП(б) у 1930—37. Чл.ЦВКБССР у 1924, 1929—34, чл.ЦВКСССР у 1929—31. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДКЕР (Герш Іцкавіч) (1.5.1918, в. Мурафа Вінніцкай вобл., Украіна — 4.7.1977),
савецкі фізік. Акад.АНСССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). З 1946 у Ін-це атамнай энергіі АНСССР, з 1957 дырэктар Ін-та ядзернай фізікі Сібірскага аддз.АНСССР. Навук. працы па тэорыі ядзерных рэактараў, тэорыі і разліку паскаральнікаў зараджаных часціц, па фізіцы плазмы, фізіцы часціц высокіх энергій і інш. Прапанаваў метад сустрэчных пучкоў для даследавання ўласцівасцей элементарных часціц. Ленінская прэмія 1967, Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Беляев С.Т., Сидоров В.А., Чириков Б.В. Г.И.Будкер // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЗЕ́ЙНЫ (Аляксей Сямёнавіч) (18.10.1908, г. Жытомір, Украіна — 21.4.1987),
савецкі ваен. дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-палк. (1961), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1932), ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1940), Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну камандзір палка, нач. штаба танк. брыгады, корпуса. Удзельнік абароны Кіева, Харкава, баёў пад Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў. З восені 1943 у складзе Зах., 3-га Бел. франтоў вызваляў Оршу, вызначыўся пры вызваленні Мінска. Удзельнік баёў у Літве, Усх. Прусіі. У 1954—63 на адказных ваен. пасадах у БВА, да 1974 — у Мін-ве абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯ́ЛЬСКІ (Ілья Васілевіч) (6.8.1789, с. Вараб’ёўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.12.1866),
расійскі анатам і хірург; заснавальнік вучэння пра індывід. зменлівасць. Акад. Пецярбургскай АМ (1842). Скончыў Мед.-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1814), працаваў у ёй (з 1821 праф.). Выкладаў пластычную анатомію ў Акадэміі мастацтваў. Навук. працы па тапаграфічнай анатоміі органаў, метадах аператыўнага лячэння сасудзістых анеўрызмаў, бальзаміраванні, замарожванні трупаў. Адзін з першых у Расіі выкарыстаў наркоз, пераліванне крыві, антысептычныя сродкі. Рацыяналізаваў хірург. інструменты (шпрыц, турнікет, шпатэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (3.3.1862, г. Харкаў, Украіна — 23.11.1941),
украінскі архітэктар, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1941). Сын М.М.Бякетава. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885), яе акадэмік з 1894. Выкладаў у Харкаўскім буд. ін-це (з 1898 праф.). Працаваў у традыцыях рус. класіцыстычнай архітэктуры. Пабудаваў у Харкаве больш за 30 будынкаў, у т. л. забудова пл. Цевялёва (1898—1907), будынкі Зямельнага (1898) і Маскоўскага (1900) банкаў, юрыд. (1892) і с.-г. (1907—12) ін-таў, б-кі імя У.Г.Караленкі (1898), уласны дом (цяпер Дом вучоных, 1910). У 1930-я г. стварыў тыпавыя праекты жылых дамоў, школ і дамоў адпачынку для гарнякоў Данбаса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Паўлавіч) (21.3.1907, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 20.2.1990),
рускі пісьменнік. Пісаў на рус. і ўкр. мовах. Першы твор — аповесць «Падлеткі» (1936). Найб. значны — трылогія «Старая крэпасць» (ч. 1—2, 1937—51; Дзярж. прэмія СССР 1952; фільм «Трывожная маладосць», 1955) пра лёс, прыгоды-выпрабаванні дзяцей у грамадз. вайну, дзейнасць першых камсамольцаў. Аўтар кніг апавяданняў, нарысаў, прысвечаных Вял.Айч. вайне («Граніца ў агні», 1948; «На ваенных дарогах», 1956; «Хто табе здрадзіў?», 1969; «Вішнёвая алея», 1985), дакумент. аповесці «Рэха чорнага лесу» (1963, з І.В.Падаляніным) і інш.Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1975.
Літ.:
Разумневич В. Владимир Беляев: Очерк творчества. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРША́ДСКІ (Сяргей Аляксандравіч) (18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),
юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст.т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).