ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,

здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.

У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл. Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл. Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.

Літ.:

Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1969;

Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр. М., 1972;

Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ. М., 1982.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́свіць, пасу, пасеш, пасе; пасём, пасяце, пасуць і пасу, пасвіш, пасвіць; пасвім, пасвіце; пр. пасвіў, ‑віла; заг. пасі; незак., каго-што.

Наглядаць за жывёлай, птушкай у час знаходжання яе на пашы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. — Эге! — круціў стары Юрка сівой галавой, — а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. Колас. // Выпускаць (жывёлу, птушку) на пашу, на падножны корм. Рыгор вядзе каня ў Паўлюкову віку, а Паўлюк у гэты ж час пасвіць кабылу ў Рыгоравай канюшыне. Казека. У зарасніку пачалі [суседзі] пасвіць сваіх коней ды цялят, куды ганялі іх з вёскі. Галавач.

•••

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Спаць і курэй пасвіць гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жэ́рці ’прагна і многа есці’, жару́ (I ас.). Рус. жрать, укр. же́рти, польск. żerać, żreć, в.-луж. žrać, žeru, н.-луж. žraś, žeru, чэш. žráti, žeru, славац. žrať, žerú, славен. žreti, žrèm, серб.-харв. ждѐрати, жде̏рем ’жэрці’. Ст.-рус. жрати ’жэрці’ (XIV–XV стст. у копіі XVI ст.). Літ. gérti, лат. dzer̃t ’піць’, ст.-інд. giráti ’паглынаць’, арм. keri ’я еў’, грэч. βορά ’корм’, лац. voro ’паглынаю’. Прасл. *žer‑ti ці *žьr‑ti, *žьr‑a‑ti, *žьr‑ǫ з і.-е. кораня *g​u̯er‑ ’паглынаць’. Праабражэнскі, 1, 236; Фасмер, 62–63 (дзе падкрэсліваецца іншы корань у ст.-слав. жьрѣти ’ахвяраваць; гл. жрэц); Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 296; Брукнер, 666–667; Махэк₂, 730 (не адлучае ст.-слав. жрѣти, дае тлумачэнні зменам вакалізму); Голуб-Копечны, 447; Скок, 3, 673–674; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Траўтман, 89; Покарны, 1, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кармі́цца, кармлюся, кормішся, корміцца; незак.

1. Прымаць ежу, корм; насычацца. [Вепр] ішоў павольна і пачынаў ужо корміцца. Самуйлёнак. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін. [Дзіцятка] ляжала на руках маці і кармілася, прыпаўшы да адкрытых белых грудзей. Пестрак.

2. чым і без дап. Мець за сродак для існавання, пражыцця; харчавацца. Чапля корміцца рыбай. □ Стрыжы адлятаюць першымі таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. В. Вольскі.

3. чым, з чаго, на што. Здабываць сродкі для існавання, пражыцця. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Бядуля. — [Марыля] хоча рабіць нешта, каб .. корміцца. Чыгрынаў.

4. Зал. да карміць.

•••

Карміцца акрыдамі — бедна харчавацца, галадаць (з евангельскага апавядання пра Іаана Хрысціцеля, які ў пустыні еў акрыды і дзікі мёд).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́на ср. се́но;

◊ (як) саба́ка на се́не — (как) соба́ка на се́не;

саба́кам с. касі́ць — в не́тях быть (обрета́ться и т.п.), скрыва́ться (главным образом от семьи);

як іго́лка ў сто́зе с. — как иго́лка в стогу́ се́на;

ко́замі с. траві́ць — не в коня́ корм; зря переводи́ть добро́;

і с. цэ́лае і ко́зы сы́тыя — погов. и о́вцы це́лы и во́лки сы́ты

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Рэзь 1 ’дробна нарэзаная салома на корм’ (Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нас., Шатал., Юрч., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.); сюды ж рэзь ’дызентэрыя’ (ЛА, 3), ’боль у жываце’ (Байк. і Некр., Нас.), ’рэзкі боль’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’аперацыя’ (Жд. 1). Укр. різь ’рэзь’, рус. резь, польск. rzeź ’забой скаціны’. Прасл. *rězь < *rězati. Гл. рэзаць.

Рэзь 2 ’сетка з вялікімі вочкамі’ (мін., ЛА, 1), ’сетка з тоўстых вяровачак’ (гом., ЛА, 1). Падобна на тое, што аднолькавая форма, зафіксаваная ў двух рэгіёнах, мае адрознае паходжанне. Лексема з першым значэннем суседзіць з формай рэ́жа ’тс’ (гл. рэжа 1), якая ад рэ́дкі, можна дапусціць, што і рэзь першапачаткова фігуравала як рэдзь < рэдкі (гл.). Але пад уплывам пераасэнсавання кораня рэж‑ як ад рэжу < рэзаць, адбылася і замена рэдзь > рэзь. Другое значэнне дазваляе меркаваць, што форма рэзь не ад рэзаць, як можа падацца на першы погляд, а ад рэзгіны (гл.) шляхам адаптыўных зменаў, параўн. яшчэ формы гэтага слова рэ́зкі (Шатал.), рэ́зіні, рэ́звы (ДАБМ, камент., 826). Гл. яшчэ наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)