ПАЛІГАНА́ЛЬНЫЯ ЎТВАРЭ́ННІ,

формы мікра- і мезарэльефу, якія ўзнікаюць пры маразабойным растрэскванні тонкадысперсных грунтоў у палярных і субпалярных абласцях. Маюць выгляд многавугольнікаў або прамавугольнікаў. Найб. П.ў. сустракаюцца ў тундравай зоне, дзе маразабойныя трэшчынныя палігоны дасягаюць некалькіх сотняў у папярочніку.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІ́ЗЫ (ад пара... + грэч. physis узнікненне, вырастанне),

шматлікія ніткі ці адзіночныя клеткі, якія развіваюцца сярод палавых або спараносных органаў у некат. бурых водарасцей, большасці базідыяльных і сумчатых грыбоў, а таксама імхоў. Ахоўваюць гэтыя органы ад мех. пашкоджанняў і высыхання.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАРАДЖЭ́ННЕ ў медыцыне,

змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія шматразова цвітуць і пладаносяць на працягу жыцця. Да П.р. належаць усе голанасенныя і большасць пакрытанасенных раслін. У флоры Беларусі П.р. — усе дрэвы і кусты, а таксама большасць травяністых шматгадовых раслін. Гл. таксама Монакарпічныя расліны.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,

пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ,

прыёмна-перадавальная радыёстанцыя ў складзе радыёрэлейнай лініі. Праз Р.с. ажыццяўляецца многаканальная сувязь, перадача тэлевіз. праграм. Р.с. падзяляюцца на канцавыя, вузлавыя і прамежкавыя, якія служаць як узмацняльныя і рэтрансляцыйныя пункты і аўтаматычна кіруюцца з канцавых і вузлавых Р.с.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЛА́МЕНТ (польск. reglament ад франц. règlement ад règle правіла),

1) сукупнасць правіл, якія вызначаюць парадак дзейнасці дзярж. органа, установы, арганізацыі.

2) Парадак вядзення пасяджэнняў, з’ездаў, канферэнцый.

3) Назва некат. актаў міжнар. кангрэсаў ці канферэнцый (напр., Венскі Р. 1815).

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГАЙДА́КЕРЫ,

конныя воіны-лучнікі, якія мелі на ўзбраенні сагайдакі (лук і стрэлы з калчанам). У 10—17 ст. уваходзілі ў склад войска манголаў, татараў (у т. л. тат. вайск. фарміраванняў у арміі ВКЛ), у 16—18 ст. — запарожскіх казакоў.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДЗЮ́Р (франц. bordure ад bord край),

1) крывыя або прамыя палосы, якія абрамляюць малюнак, тэкст і інш. 2) У дарожным будаўніцтве — вузкія палосы (бартавыя камяні, пліты), якія аддзяляюць праезную частку дарогі ад абочын, тратуараў і інш. 3) У дэкаратыўным садаводстве — паласа бардзюрных (нізкіх) раслін па контуры клумбы, газона, рабаткі, уздоўж жывых агароджаў, дарожак для стварэння маляўнічых кветкавых кампазіцый. Бывае просты — пасадка шыр. 1—2 м з 1—2 відаў раслін, размешчаных радамі або ў шахматным парадку, і складаны — шыр. 2,5—5 м з некалькіх відаў раслін. Для бардзюраў выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя нізкарослыя (сцылы, крокусы, бурачок скальны, лабелія, эрынус і інш.), сярэднярослыя (касачы, астыльба гібрыдная, флёксы, самшыт вечназялёны і інш.), высакарослыя (дэльфініумы, астры кітайскія, барбарысы і інш.) расліны.

Бардзюр.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),

сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)