раззвані́ць, ‑званю, ‑звоніш, ‑звоніць; зак., што, аб чым, пра што, з дадан. сказам.

Разм. Расказаць усюды, усім (якія‑н. звесткі, чуткі і пад.). Раззваніць навіну. □ — Пісьмо трапіла Пранасу Парэчкусу, і ён раззваніў пра гэта бацькам і на ўсё сяло. Броўка. [Стараста] не можа стрымацца, каб не раззваніць аб здольнасцях Дулебы і старанна падрыхтоўвае грунт для славы новага пісара, як незвычайнага мастака чытаць «апостала». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разу́мнік, ‑а, м.

Разумны, разважлівы чалавек. — Вядома таксама, што адзін дурань можа задаць столькі пытанняў, на якія не адкажуць сто разумнікаў. Навуменка. [Бабуля:] — А Туман наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць. Ні на крок. Шыловіч. // Разм. іран. Той, хто любіць разумнічаць, мудраваць, лічыць сябе разумнейшым за іншых. — Не трэба мне тваіх тлумачэнняў. Разумнік! Я сам бачу! Злазь з камбайна! — крычыць Яўмён. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Маладыя дрэвы, кусты і пад., якія выраслі ў лесе сярод дрэў іншай пароды. За просекай то тут, то там зелянеў бярэзнік з лазовай падсадай. Асіпенка. У астатнія ж дні не вылазіла [маці] з лесу: то збірала грыбы і ягады, то зарабляла капейку — паліла лаўжы, акопвала на дзялянках падсаду. Сачанка. Навокал .. заходзяцца ў падсадзе салаўі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паду́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да падушка (у 1 знач.); невялікая падушка. На многіх сенніках былі ўжо засланы прасціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // перан. Тое, што нагадвае па мяккасці, выпукласці і пад. невялікую падушку. Падушачкі пальцаў.

2. пераважна мн. (паду́шачкі, ‑чак). Гатунак цукерак з начынкай, якія нагадваюць па форме падушку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Завесці, адвесці куды‑н. усіх, многіх. Пазаводзіць дзяцей у яслі.

2. Абзавесціся кім‑, чым‑н., увесці што‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаводзілі людзі пчол. □ [Вудзік:] — Вярнуліся паны з сваёй чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. Колас.

3. Прывесці ў рух якія‑н. механізмы. Пазаводзіць гадзіннікі. Пазаводзіць маторы машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́льмавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пальмы, пальмаў. Пальмавы ліст. // Які складаецца з пальмаў (пра лес, парк і пад.). Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой. Гурло. // Які зроблены, атрыманы з пальмы, яе пладоў. Пальмавы цукар. Пальмавае віно.

2. у знач. наз. па́льмавыя, ‑ых. Сямейства аднадольных раслін, якія растуць у тропіках і субтропіках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памянша́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для памяншэння адлюстравання бачымых прадметаў. Памяншальнае шкло.

2. Спец. Звязаны з утварэннем назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць меншую велічыню прадмета або меншую ступень якасці. Памяншальны суфікс.

3. Які ўжываецца ў змененай, часам скарочанай форме пры звароце (аб уласных імёнах). — Ірачка! — Кудрыцкая ўсміхнулася: вельмі ж нечаканай здалася ёй гэта памяншальная форма ў вуснах Шэмета. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непадо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. на каго-што, да каго-чаго і без дап. Які не мае падабенства з кім‑, чым‑н. Шабуня ляжаў на траве, непадобны на сябе. Мележ. [Салдаты] зусім былі непадобны на тых, якія займалі калісьці .. станцыю. Лынькоў.

2. Абл. Заганны, нядобры. [Аўгіня:] — Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыво́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Перастаць існаваць, знікнуць; аджыць свой век — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Усе плямы павыводзіліся. Не будзе вады — павыводзіцца рыба. □ Госці і пачастункі сярод хутаранцаў павыводзіліся ўшчэнт. Чорны.

2. Вывесціся з яйца, лічынкі і пад. — пра птушак, насякомых. Буслы, якія павыводзіліся ў гнёздах, сталі дарослыя і цяпер кожную раніцу разам са сваімі бацькамі кружылі высока ў небе. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)