ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛАЎ (Леанід Рыгоравіч) (2.2.1918, в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),
бел.паэт. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Загінуў у баі ў першыя дні Вял.Айч. вайны. Друкаваўся з 1935 (альманах «Аднагодкі»). Вершы Гаўрылава вызначаюцца шчырай апавядальнасцю, лірызмам, рамант. узнёсласцю, аптыміст. настроем. Іх асн. тэмы — юначае захапленне жыццём, каханне, вернасць Радзіме (вершы «Арлёнак», «Запахнуць ноччу духавітай травы», «Цішыня», «Сож», «Паэту»).
Тв.:
Вернасць Мн., 1961;
У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967
Літ.:
Кавалёў Д. Пра таварыша, які не старэе // Дзень паэзіі — 65. Мн., 1965;
Бярозкін Р. «Ляжыць ён, як віцязь...» // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Вялюгін А. Песень поўны падсумак // Вялюгін А. Выбр.тв.Мн., 1973;
Т. 2;
Кірэенка К. Шчырасць юнацкага сэрца // Кірэенка К. Заўсёды з Радзімай. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ (Юрый Уладзіміравіч) (30.6.1873, Масква — 17.12.1943),
рускі гісторык, археограф. Чл.-кар.Рас.АН (1922), акад.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра I да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.
Літ.:
К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ШЫНЕЦ ((Gašinec) Эдуард) (н. 29.11.1923, г. Кісуцке-Нове-Места, Славакія),
славацкі вучоны-славіст і педагог. Праф. (1974). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1950). Вядомы як аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання славацкай мовы ў школах, а таксама шэрагу эксперыментальных школьных падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. У 1940-я г. зацікавіўся духоўнай спадчынай беларусаў, самастойна вывучыў бел. мову. У 1970-я г. падтрымліваў творчыя сувязі з Ф.Янкоўскім, Я.Брылём, С.Панізнікам, асобныя творы якіх пераклаў на славацкую мову. У аглядных артыкулах, рэцэнзіях Гашынец знаёміць славацкіх чытачоў з бел. мемуарнай гіст. л-рай, пед. даследаваннямі; выступае з артыкуламі пра бел. мову: «Беларуская мова ў «Народнай асвеце» (1980—81), «Беларусы і іншыя славяне» (1991) і інш.
Літ.:
Мірачыцкі Л. Прафесар Эдуард Гашынец і Беларусь // Наша слова. 1995. 9 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ,
хімічныя, фізіка-хім., мінералагічныя паказчыкі працэсаў і пэўных геахім. умоў. Ролю геахімічных індыкатараў могуць выконваць канцэнтрацыі хім. элементаў, іх асацыяцыі, велічыні суадносін і рады рухомасці элементаў, формы прысутнасці хім. элементаў у прыродных аб’ектах, геахім. фацыі, тыпы прадуктаў выветрывання і седыментацыі, канцэнтрацыі і суадносіны тэрыгенных і аўтагенных мінералаў, геахім. асаблівасці асобных мінералаў і інш. Выкарыстоўваюць геахімічныя індыкатары пры разведцы карысных выкапняў, вывучэнні геахім. працэсаў, біягеахім. анамалій, пры вызначэнні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды на вызначанай тэрыторыі. На Беларусі з дапамогай геахімічных індыкатараў вывучаюць, напр., геахім. анамаліі, умовы і працэсы ўтварэння лёсаў, палеагеагр. ўмовы фарміравання тэрас Прыпяці, характар палеапатокаў у раннім плейстацэне. Вылучаны геахім. межы неаген-антрапагену, раскрыты ўмовы фарміравання Стаўбцоўскай геахім. анамаліі і інш.
Літ.:
Лукашев В.К. Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ (Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана I. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ.псеўд.Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас.рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.