агу́лам, прысл.

1. Усе разам, гуртам. Рабіць што‑н. агулам. □ [Рыгор:] — Ураднік, старшына, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Гартны.

2. Усё, адразу, цалкам (купіць, прадаць). [Сымон Рапецька:] — Сурвіла купляе [зямлю] у пана агулам, а людзям будзе па кавалку перапрадаваць. Чорны.

3. Неканкрэтна, не звяртаючы ўвагі на дэталі, на паасобныя факты. [Паходня:] — Давай не агулам, а канкрэтна разбяромся ў фактах. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іспы́т, ‑у, М ‑пыце, м.

1. звычайна мн. (іспы́ты, ‑аў). Праверка ведаў; экзамен. Здаваць іспыты. Прымаць іспыты. □ Гады яе [Васіліны] вучобы і для Іллюка не прайшлі дарэмна: ён шмат чытаў, вучыўся на курсах брыгадзіраў-паляводаў, здаў іспыты на шафера. Хадкевіч.

2. перан. Выпрабаванне, праверка. Гэта так, дарагая! Разлука, дарога — Для кахання суровы іспыт. Ліхадзіеўскі. Кожны дзень быў суровым іспытам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лібералі́зм, ‑у, м.

1. Палітычны кірунак, які адстойваў свабоду буржуазіі ў феадальна-прыгонніцкую эпоху і ў эпоху буржуазных рэвалюцый, які стаў глыбока рэакцыйным з устанаўленнем палітычнага панавання буржуазіі і развіццём рэвалюцыйнай барацьбы пралетарыяту.

2. перан. Разм. Празмерная паблажлівасць, памяркоўнасць; шкоднае патуранне. Кашалёў заканчваў прамову крытыкай у адрас Янукевіча, абвінавачваючы яго ў мяккацеласці і залішнім лібералізме. Хадкевіч.

3. Уст. Вальнадумства.

[Ад лац. liberalis — свабодны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канстру́ктар, ‑а, м.

1. Той, хто канструюе што‑н., стварае канструкцыю (у 1, 2 знач.). Інжынер-канструктар. □ [Студэнты] у недалёкім будучым — інжынеры: хто — будаўнік, хто — механік, хто — канструктар, хто — тэхнолаг. Хадкевіч.

2. Набор дэталей і матэрыялаў для канструявання (дзецям). У Колі быў дзень нараджэння, і яму прынеслі шмат падарункаў. І металічны канструктар, і вялікі зялёны самазвал, і кубікі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капры́з, ‑у, м.

1. Беспадстаўнае, але настойлівае жаданне, патрабаванне; недарэчная задума, дзівацтва. Дзіцячы капрыз. Жаночы капрыз. □ У Толі быў адзін капрыз. Амаль кожны месяц маці купляла яму ці новыя туфлі, ці сандалеты, а яны хлопчыку ўсё былі не даспадобы. Даніленка.

2. перан. Што‑н. нечаканае, выпадковае. Капрыз прыроды. Матор з капрызамі. □ Наставала.. [зіма] няроўна, марудна, з частымі капрызамі. Хадкевіч.

[Фр. caprice.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўне́р, ‑няра, м.

Верхняя, часцей прышыўная частка адзення, якая прылягае да шыі. Вышыты каўнер. Каракулевы каўнер. Паставіць каўнер. □ Шэрае летняе паліто .. [Зараніка] стала плямістым, капялюш намок, і з абвіслых палёў сцякала за каўнер вада. Хадкевіч. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

•••

Браць (узяць) за каўнер гл. браць.

За каўнер не капае гл. капаць.

Закласці за каўнер гл. закласці.

[Ням. Kolner.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыле́ц, ‑льца, м.

Разм. Асоба, якая жыве ў доме, кватэры; жыхар. Жыльцы дома. // Асоба, якая знімае памяшканне; кватарант. Гаспадары.. [хаты], адзінокія старыя, прывыкшы да таго, што жылец прыходзіў позна, не замыкалі дзвярэй. Хадкевіч.

•••

Не жылец (на гэтым свеце) — пра таго, хто мае дрэннае здароўе, можа скора памерці. Баніфацый Скашынскі ведаў, што з яго здароўем у лесе ён не жылец. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мы́ліца, ‑ы, ж.

Палка з папярочынамі ўверсе і ў сярэдняй частцы, на якую апіраецца рукою бязногі або з хворай нагою чалавек. Стаяла двое калек-салдат — адзін на двух мыліцах, другі — на драўлянай назе. Гартны. Малады яшчэ хлопец у армейскай форме, у фуражцы з зоркай, з-пад якой бялеў кучаравы чуб, крочыў на мыліцах, асцярожна перастаўляючы правую нагу. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ступ, ‑у, м.

1. Тое, што і наступленне ​1. Лескавец помніў, як .. [хвойнік] садзілі, каб затрымаць наступ пяску на ўрадлівыя палі. Шамякін. Стала вядома, што нашы войскі пераходзяць у наступ. Грамовіч. — Што гэта за допыт? — пераходзячы ў наступ, спытаў Бабейка. Хадкевіч.

2. Тое, што і наступленне ​2. З наступам сярэдневяковай рэакцыі купальскія звычаі сталі паўсямесна праследавацца царквой і дзяржавай. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрагля́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі цёмны або густы, што нічога нельга разгледзець. Непраглядны туман. □ А калі святло гасла, цемра наступала на наваколле непрагляднай сцяной. Хадкевіч. За вокнамі стаяў густы, непраглядны змрок. Гамолка. Замест алешніку над галавой спляталі непраглядны шацёр шурпатыя бярозы і сосны. Кірэйчык. // перан. Бязрадасны. Будучыня здалася .. [Людміле] такой жа непрагляднай, як і гэтая цемра на вышках. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)