ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод), разнаплоддзе,

генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКВА́ЦЫЯ (ад лац. liquatio разрэджванне, плаўленне) у металургіі, сегрэгацыя, неаднароднасць хім. саставу зацвярдзелых сплаваў. Узнікае пры крышталізацыі. Абумоўлена тым, што сплавы крышталізуюцца ў некаторым інтэрвале тэмператур. Выклікае неаднароднасць уласцівасцей і пагаршае якасць зліткаў. З’яву Л. адкрылі рус. металургі М.​В.​Калакуцкі і А.​С.​Лаўроў у 1866.

Адрозніваюць Л. дэндрытную (праяўляецца ў мікрааб’ёмах сплаву — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і занальную (у аб’ёме злітка назіраецца некалькі зон з розным хім. саставам). Дэндрытную Л памяншаюць гомагенізацыяй зліткаў, для змяншэння занальнай — карыстаюцца спец. прыёмамі ліцця.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км². Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал. горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, у межах г. Міёры. Пл. 1,15 км², даўж. каля 3,5 км, найб. шыр. 630 м, найб. глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 8,8 км. Пл. вадазбору 63,6 км². Схілы катлавіны выш. 6—9 м, стромкія, пераважна разараныя, участкамі пад хмызняком. Берагі пясчаныя, на Пд і З пад хмызняком, на ПдУ забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. У зах. плёсе востраў пл. 4,4 га. Цэнтральны і зах. плёсы раздзелены дамбай. Злучана пратокай з воз. Асінаўка. Месца адпачынку.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯСНЫ́ ЧАС,

сістэма адліку часу па гадзінных паясах, што распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў з даўгатой, кратнай 15°. Нумарацыя 24 паясоў (ад 0 да 23) вядзецца з З на У ад Грынвіцкага мерыдыяна. П.ч. у сумежных паясах адрозніваецца на 1 гадз. Межы часавых паясоў звычайна праводзяць па дзярж. і адм. граніцах, па рэках, хрыбтах і інш. Ва ўсіх пунктах, якія знаходзяцца ў межах аднаго пояса, лічыцца адзін і той жа час сярэдняга мерыдыяна дадзенага пояса. П.ч. уведзены ў 1883 у ЗША, у СССР — з 1919. Гл. таксама Дэкрэтны час, Мясцовы час.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУНА́,

рака ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. і Літве, правы прыток р. Страча (бас. р. Вілія). Даўж. 31 км (у межах Беларусі 18 км). Пл. вадазбору 194 км². Пачынаецца ў Літве, перасякае граніцу на ПнЗ ад хутара Рудня. Цячэ па паўн. схілах Свянцянскіх град, упадае ў р. Страча за 2 км на Пн ад в. Вял. Стаўпяняты Даліна трапецападобная, шыр. 200—500 м у верхнім цячэнні, 1—1,5 км у сярэднім і ніжнім. Пойма вузкая. Рэчышча на працягу 10,3 км каналізаванае. У ніжнім цячэнні прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.

Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн. т нафты і 1675,2 млрд. м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́РУ Мацілал (6.5.1861, Дэлі — 6.2.1931),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху. Бацька Дж.Нэру. Скончыў каледж у Алахабадзе. З 1907 адзін з лідэраў Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Напачатку чл. умеранага крыла ІНК, пасля расстрэлу брыт. войскамі мірнага мітынгу ў Амрытсары (1919) перайшоў на радыкальныя пазіцыі. Разам з М.К.Гандзі ўзначальваў кампаніі грамадз. непадпарадкавання, за што не раз быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1923 адзін з лідэраў свараджысцкай партыі ўнутры ІНК. У 1928 распрацаваў праект канстытуцыі Індыі, які прадугледжваў наданне Індыі статуса дамініёна ў межах Брыт. імперыі.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХО́Е БАЛО́ТА Нізіннага тыпу ў цэнтр. і паўн. ч. Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., пераважна ў вадазборы р. Грыўда. Пл. 16,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,7 тыс. га. Глыб. торфу да 5,3 м, сярэдняя — 1,8 м. Запасы торфу каля 43,3 млн. т (здабываецца на ўгнаенне). На Пн балота пад торфам ёсць сапрапель (Сухабалоцкае радовішча сапрапелю). Асушана каля палавіны плошчы балота, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Частка масіву ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае. На неасушанай тэр. пераважаюць бярэзнікі асаковыя.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)