КРУМ (? — 13.4.814),

балгарскі хан у 803—814. Выдаў першыя агульнадзярж. законы Балгарыі (вядомы ў пераказе візант. пісьменніка 10 ст.). Значна пашырыў тэр. Балг. дзяржавы; далучыў землі авараў да р. Ціса (805), візант. гарады Сердзіка (цяпер Сафія, 809) і Адрыянопаль (813). Памёр пры падрыхтоўцы аблогі Канстанцінопаля.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЕ́ЦКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1940—46. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл., цэнтр — г.п. Куранец. 12.10.1940 падзелены на 13 сельсаветаў. 3 вер. 1944 у Маладзечанскай вобл. У ліп. 1946 у сувязі з перанясеннем цэнтра раёна ў г. Вілейка перайменаваны ў Вілейскі раён.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Брэсцкае ваяводства,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ. Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1801—1921. Утворана 21.9.1801 у выніку падзелу Літоўскай губерні на Віленскую і Слонімскую, якая 9.9.1802 перайменавана ў Гродзенскую губерню. Цэнтр — г. Гродна. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. У 1843 да губерні далучаны Беластоцкі, Бельскі, Саколкаўскі пав. са скасаванай Беластоцкай вобласці, Навагрудскі пав. перададзены Мінскай, Лідскі — Віленскай губ. Знаходзілася ў складзе Віленскага генерал-губернатарства. Пл. губерні 33 979 кв. вёрст (1891), нас. 1617,8 тыс. чал. (1897). Паводле веравызнання: правасл. 827 724, католікаў 384 496, іудзеяў 282 303, пратэстантаў 13 067, магаметан 3238. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. Гродзенская губерня скасавана, яе тэр. ўвайшла ў Беластоцкае (Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Саколкаўскі пав.), Палескае (Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі пав.) і Навагрудскае (Слонімскі пав.) ваяводствы.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),

сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр. Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.

Літ.:

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́НЬ,

рака на З Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток Прыпяці. Даўж. 695 км (у межах Беларусі 82 км). Пл. вадазбору 27,7 тыс. км² (у межах Беларусі 1,2 тыс. км²). Пачынаецца ў Крамянецкіх гарах Украіны, цячэ ў межах Падольскага і Валынскага узв., ніжняе цячэнне па Прыпяцкай нізіне, на Беларусі — у Столінскім р-не. Асн. прытокі на тэр. Украіны: Случ (справа), Стубла, Вілія (злева). Упадае ў Прыпяць 2 рукавамі (левы называецца Вятліца).

Даліна ракі трапецападобная, на тэр. Беларусі невыразная, дасягае шыр. 2,5 км. Пойма двухбаковая, шыр. ў верхнім цячэнні 100—700 м, сярэднім 1—1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. Рэчышча звілістае, шыр. ў ніжнім цячэнні 150—200 м. Суднаходства пачынаецца за 291 км ад вусця. На Гарыні гарады Ізяслаў, Славута, Дубровіца (Украіна), Столін, Давыд-Гарадок (Беларусь).

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,

асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНЦЭ́РТ»,

умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкі ням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач. ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 км тэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. «Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́, Меле,

дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст. дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ГО́РАДА СВЕТЛАГО́РСКА.

Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.​І.​Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.

К.​М.​Несцярэнка.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)