церушы́цца, цярушыцца; незак.
1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.
2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чайна́я, ‑ой, ж.
1. Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці. Шафёр спыніў машыну каля чайной. Тут можна было выпіць шклянку чаю, перакусіць. Ермаловіч. Яўген вылез з аўтобуса, забег у чайную, выпіў шклянку гарбаты і весела паджгаў у вёску. С. Александровіч.
2. Уст. Пакой, у якім п’юць чай. Талерка стаіць на століку ў чайной (так завецца маленькі пакой, дзе гатуюць чай). Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмялі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чмяля, уласцівы яму. Чмяліны мёд. □ Маленькіх пчаляроў у Пуцілкавічах было многа. У час сенакосу яны збіралі чмяліныя гнёзды і пераносілі іх у свае берасцяныя вуллі. С. Александровіч. // Такі, як у чмяля (пра гул, голас). Струн гітарных гул чмяліны, Кастаньет бусліны клёкат. Дзве ружовых гітарысткі Абарвалі дзве струны. Панчанка. Манатонны, нудны постук колаў чмяліным гудам поўз у вушы. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́ніцца, ‑ніцца; незак.
Падымацца ўгору, уставаць тарчма. Гэта быў стары дзед з жоўтым, як воск, тварам, на якім шчацінілася сівая няголеная барада. Арабей. // перан. Стаяць шчаціннем, нагадваць сабой шчацінне. Крыху зводдаль, ад лесу, шчацініўся малады хвойнічак. Ваданосаў. На мурожных грудах чарнеў пасохлы дзяцельнік і малачайнік, шчацініўся рэдкі сівец. С. Александровіч. // перан. Быць пакрытым чым‑н. калючым, што нагадвае сабой шчацінне. Палеткі шчацініліся калючым іржэўнікам. Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гудо́к, ‑дка, м.
1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.
2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.
3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рытмічна хістацца з боку ў бок або зверху ўніз. [Аляксей] ківаўся ў такт машыне: згінаўся ўправа, улева, каб быць у раўнавазе. Мележ.
2. Ісці з цяжкасцю, хістаючыся (ад стомы, хваробы і пад.). Кепска толькі, што свядомасць падказвае ісці, а ногі .. не слухаюцца дый годзе. Падбіўся ўжо і Марынчук, ледзь-ледзь ківаецца. С. Александровіч.
3. Хістацца, будучы нетрывала прымацаваным да чаго‑н. Зуб ківаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
краяві́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, малюнкі прыроды. Палескі краявід. Паўночны краявід. □ Праз гэтыя акенцы вачам адкрываецца шырокі краявід палёў, акаймаваных лесам, а там далей паблісквае — калі сінню, калі залацістым россыпам — серадзіборскае возера. Пестрак. З Замкавай гары адкрываюцца цудоўныя і маляўнічыя краявіды ваколіц: у жоўтай аправе прысад змейкамі выгінаюцца дарогі на Ліду, Любчу і Карэлічы, на гарызонце відаць затуманеныя даллю наднямонскія лясы. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.
Разм.
1. Згубіцца, загінуць, прапасці. Чамусьці на ліст не атрымала [Ганна] адказу — пэўна загубіўся. Гартны.
2. Стаць нябачным сярод каго‑, чаго‑н., знікнуць з вачэй. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас.
3. перан. Аказацца непрыметным, закінутым сярод чаго‑н. Загубіўся і здаецца закінутым і ўсімі забытым у таежнай глушы невялікі домік пуцявога абходчыка. Васілевіч. Маленькая сонная вёска загубілася ў лесе. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запе́ў, ‑певу, м.
1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.
2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́мацца, ‑аецца; безас. незак.
1. Уяўляцца ў думках; здавацца. Не то сніцца, не то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу. Крапіва. [Любе] думалася, што з кожнага акна на яе паказваюць пальцамі. Чорны.
2. Аб стане роздуму, разважання, абдумвання чаго‑н. [Косцік] любіць марыць у адзіноце. Тады неяк лёгка і раздольна думаецца. С. Александровіч. Дзе ўзяў бацька ключ, каб адамкнуць хату — аб гэтым не думалася. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)