НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял. Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.​Купалу, Г.​Леўчыка, І.​Стаброўскага, Я.​Карскага, ген. Я.​Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.​Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.​Абрамовіча і Р.​Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.​Пушкіна, «Першага вінакура» Л.​Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.

Літ.:

Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;

Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́ДАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918 у Германіі, Германская рэвалюцыя,

антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя ў Германіі ў канцы 1-й сусв. вайны (пачалася ў ліст. 1918 — адсюль назва). Выклікана вял. стратамі, цяжкім становішчам (асабліва харчовым) і абмежаваннем канстытуцыйных правоў насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны, бесперспектыўнасцю вайны супраць намнога большых сіл анты-герм. кааліцыі (Антанты). Непасрэдная яе прычына — спроба ўлад ліквідаваць паўстанне ў г. Кіль ваен. матросаў (3—4.11.1918), якія адмовіліся выканаць загад герм. вярх. камандавання аб прарыве англ. блакады. Да 7—8 ліст. хваляванні, у ходзе якіх на ўзор Сав. Расіі ствараліся органы рэв. улады — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ахапілі ўсе буйныя гарады і прамысл. цэнтры Германіі. Ва ўмовах паўстання рабочых і салдат Берліна 9 ліст. ад прастола адрокся кайзер (імператар) Вільгельм II (эмігрыраваў), пайшоў у адстаўку канцлер прынц Макс Бадэнскі; Ф.Шэйдэман абвясціў Германію рэспублікай, а К.Лібкнехт — «сацыяліст. рэспублікай». 10 ліст. агульны сход Саветаў у Берліне стварыў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных (СНУ) на чале з Ф.Эбертам. 11 ліст. СНУ заключыў перамір’е з Антантай. Спрэчкі паміж найб. уплывовымі паліт. сіламі рэвалюцыі — Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі і Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі — вакол пытання «ўлада Саветаў або Нацыянальны сход?» у выніку 1-га з’езда Саветаў (16—21.12.1918) вырашаны на карысць выбараў у Нац. ўстаноўчы сход 191.1919. Гэтымі выбарамі, выбарамі прэзідэнтам дзяржавы Эберта (11.2.1919) і ўтварэннем адказнага перад парламентам урада (13.2.1919) рэвалюцыя завершана; у Германіі ўстаноўлена Веймарская рэспубліка. У час рэвалюцыі мелі месца спробы яе трансфармацыі на ўзор Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (напр., абвяшчэнне ў студз. 1919 у г. Брэмен сав. рэспублікі) і праявы грамадз. вайны (баі ў студз. 1919 паміж лева- і праварадыкальнымі сіламі ў Берліне і інш.).

Літ.:

Драбкин Я.С. Ноябрьская революция в Германии. М., 1967;

Орлова М.И. Германская революция 1918—1919 гг. в историографии ФРГ. М., 1986.

Да арт. Лістападаўская рэвалюцыя 1918 у Германіі. Узброеныя матросы, салдаты і цывільныя асобы на вуліцы Берліна.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАЛО́ГІЯ (ад літа... + ...логія),

навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш. Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.

Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял. значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.​Сорбі, амер. Дж.​Мерэя, Дж.​Барэла, У.​Твенхафела, Ф.​Петьджана і інш., франц. Л.​Каё, В.​Вагана, ням. І.​Вальтэра, Г.​Потанье, рас. М.​А.​Галоўкінскага, А.​П.​Паўлава, П.​А.​Зямятчанскага, Я.​У.​Самойлава, П.​М.​Чырвінскага, А.​Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.​Б.​Рухіна і інш.

На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш. геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.

Літ.:

Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;

Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНАЧА́РСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.11. 1875, г. Палтава, Украіна — 26.12.1933),

савецкі дзярж. дзеяч, філосаф, пісьменнік і мастацтвазнавец. Акад. АН СССР (1930). Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1895—96). З 1892 у с.-д. руху, у 1910—17 чл. с.-д. груп «Наперад», «Пралет. л-ра» і «міжраёнцаў», супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах «Вперед», «Пролетарий» і інш. У 1917—29 нар. камісар асветы РСФСР; адзін з арганізатараў сав. сістэмы адукацыі. Садзейнічаў арг-цыі БДУ у Мінску (1921). Вял. ролю адыграў у развіцці кнігавыдання і бібліятэчнай справы, у арг-цыі перакладаў рус. кніг на замежныя мовы і ў выданні перакладаў на рус. мову. 3 вер. 1929 старшыня Вучонага к-та пры ЦВК СССР. Са жн. 1933 паўнамоцны прадстаўнік СССР у Іспаніі. Аўтар прац па эстэтыцы, філасофіі, міжнар. палітыцы, тэорыі і гісторыі л-ры, т-ра, выяўл. мастацтва, кіно, музыкі. Адзін з тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Яго п’есы «Фауст і горад» (1918), «Олівер Кромвель» (1920), трылогія пра Т.​Кампанелу (напісаны 2 ч.: «Народ», 1920; «Герцаг», 1922), «Падпальшчыкі» (1924, паст. т-рам імя Я.​Купалы пад назвай «Чырвоная маска», 1925), «Аксаміт і лахманы» (1927) і інш. прасякнуты напружанай філас. думкай і ўзвышаным пафасам тыранаборства. Аўтар цыкла апавяданняў «Маленькія фантазіі», кінасцэнарыяў. Перакладаў на рус. мову ўрыўкі з «Фауста» І.​В.​Гётэ, вершы Ш.​Пецёфі і інш. Высока цаніў творчасць Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Я.​Пушчы і асабліва Я.​Купалы, якога называў «бацькам новай бел. паэзіі». Напярэдадні 25 годдзя літ. дзейнасці Я.​Купалы апублікаваў арт. «Народны паэт Беларусі» (1930), прысвяціў яму верш-экспромт.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1963—67;

Статьи о литературе Т. 1—2. М., 1988.

Літ.:

Исаев С.Г. Жизнь и деятельность Луначарского (1917—32). Т. 1—3, кн. 1—5. Душанбе, 1992.

А.В.Луначарскі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧО́СКАЯ НІЗІ́НА, Лучосы нізіна,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на З — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км². Выш. 155—175 м.

Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.

Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн. р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКА-АКЦЯ́БРСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

Акцябрска-Любанская партызанская зона. Утворана ўвосень 1941 у выніку вызвалення партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў частак Акцябрскага, Глускага, Любанскага і Старобінскага р-наў. Зону ўтрымлівалі: злучэнне партыз. атрадаў Акцябрскага р-на (13 атрадаў, 1300 чал.) на чале з Ф.І.Паўлоўскім, з крас. 1942 злучэнне партыз. атрадаў Мінскай і Палескай абл., з сак. 1943 Мінскае і Палескае партыз. злучэнні. У 1943 зона злілася на Пн са Слуцка-Капыльскай, на З з Ленінскай партыз. зонамі. Утварыўся партыз. край пл. каля 8 тыс. км² (Акцябрскі, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і інш. раёнаў), які абаранялі больш за 40 тыс. партызан. У зоне размяшчаліся Мінскі і Палескі падп. абкомы, райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі, штабы Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкомы, у некат. раёнах — выканкомы сельсаветаў; выдаваліся газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гасп. жыццё, у многіх нас. пунктах адкрыты школы. 3 мая 1942 наладжана двухбаковая радыёсувязь з Вял. зямлёй, дзейнічалі партыз. аэрадромы. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пранікнуць на тэр. зоны, правялі больш за 10 карных аперацый («Бамберг», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Марабу» і інш.), у выніку якіх знішчылі больш за 25 тыс. сав. грамадзян, каля 6 тыс. вывезлі на работы ў Германію. Партызаны каля 3 гадоў змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка, размешчанымі па перыметры зоны ўздоўж чыг. Лунінец—Калінкавічы—Жлобін—Асіповічы—Ляхавічы, правялі Пціцкую аперацыю 1942, Старыцкі бой 1942, Лаўскі бой 1942 і інш. Найб. жорсткія баі па абароне зоны вялі Мінскае і Палескае партыз. злучэнні ў студз.—лютым 1943 і 1944. У гонар гераічнай барацьбы партызан у Любанскім р-не створаны мемар. комплекс Зыслаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 33.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)