гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст.ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л.Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГБадэн-Вюртэмберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛУ́ЕЎ (Пётр Сямёнавіч) (3.7.1857—1923),
расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1915). Скончыў Акадэмію Ген. штаба (1882). Удзельнік руска-тур. вайны 1877—78. У 1885—1900 служыў у Данскім казацкім войску, потым камандзір пях. батальёна, палка, брыгады. На пач. 1-й сусв. вайны камандзір корпуса. Удзельнік Галіцыйскай і Лодзінскай аперацый 1914, аперацыі рус. войскаў па ліквідацыі Свянцянскага прарыву 1915. У час Нарачанскай аперацыі 1916 нач.паўд. ударнай групы. З 2.8.1917 галоўнакамандуючы арміямі Паўд.-Зах., з 17.8.1917 — Зах. фронту. Адмовіўся выконваць дырэктывы Сав. ўрада пра перагаворы з камандаваннем герм. войскаў аб перамір’і. 25.11.1917 ВРКЗах. фронту адхіліў яго ад пасады галоўнакамандуючага. З 1918 на штабной рабоце ў Чырв. Арміі. У 1919 у Рэўваенсавеце Рэспублікі.
Тв.:
Военно-топографический обзор Бобро-Наревского района. Ломжа, 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. onomasia называнне + ...логія),
навука аб найменнях, адзін з раздзелаў семантыкі. Займаецца пытаннямі намінацыі, аналізам спосабаў і сродкаў стварэння намінатыўных адзінак на розных узроўнях мовы, высвятленнем унутранай формы назваў у розных мовах для абазначэння аднаго і таго ж паняцця, зменай назваў у працэсе гіст. развіцця мовы і інш.
Анамасіялогія пачала фарміравацца ў самаст. навуку ў 20 ст. (працы ням. і аўстр. вучоных — заснавальнікаў лінгвістычнага кірунку «Словы і рэчы» Р.Мерынгера, Г.Шухарта, прадстаўнікоў тэорыі семантычных палёў Л.Вайсгербера, К.Бальдзінгера, працы вучоных Пражскага лінгвістычнага гуртка, рус. мовазнаўцаў). У анамасіялагічным аспекце лексіку разглядаюць у этымалагічных слоўніках (у т. л. «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы», т. 1—8, 1978—93). Анамасіялагічны аналіз выкарыстоўваюць пры аналізе тапанімікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.Шукевіч-Траццякоў, І.Барашка, П.Галавач, С.Баранавых. Чл.: М.Багун, П.Броўка, Ц.Гартны, С.Грахоўскі, С.Дарожны, А.Дудар, А.Жаўрук, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, А.Куляшоў, Я.Купала, М.Лынькоў, В.Маракоў, Я.Скрыган, У.Хадыка, М.Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,
аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.Я.Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел.літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.
В.К.Шчэрбін.
Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЦЭ́НТЫ КАДЛУ́БАК (Wincenty Kadłubek; 1150?, г. Каргова, Польшча — 8.3.1223),
польскі храніст, дзярж. і рэліг. дзеяч. Паходзіў з асяроддзя сярэдняга рыцарства. Вучыўся ў Кракаве, Зах. Еўропе. Прыдворны капелан і канцылярыст польск. караля Казіміра Справядлівага. У 1207—18 кракаўскі біскуп, потым манах-цыстэрцыянец. Аўтар «Хронікі Польшчы» ад старажытнасці да 1202, якая адлюстроўвае паліт., ваен. і культ. адносіны паміж польск. і ўсх.-слав. княствамі ў 11 — пач. 13 ст. У ёй згадваюцца гарады Берасце, Драгічын над Бугам, Галіч, Перамышль, Уладзімір-Валынскі. Толькі ў творы Вінцэнтыя Кадлубака ёсць звесткі аб падзеях у Берасці ў 1170—80-я г., інфармацыя пра паход і галіцка-валынскіх князёў супраць ятвягаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.