СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав. літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.

С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.

Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав. феад. дзяржаў на значнай тэр. Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс. н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст. літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.

Літ.:

Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;

Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;

Славянские языки. М., 1977;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 14, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ваўчы́ца. Рус. волчи́ца, укр. вовчи́ця, польск. wilczyca, серб. ву̀чица і г. д. Прасл. *vьlčica. Фармальна ўтварэнне суф. ‑ica ад *vьlkъ ’воўк’. Але ставіцца пытанне пра адпаведнасць часткі слова *vьlči‑ і.-е. утварэнню. Параўн. ст.-інд. vr̥kī́, літ. vilkė і г. д. (гл. Зубаты, LF, 25, 239; Мікала, Ursl. Gr., 120; Траўтман, 359; Фасмер, 1, 346).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лятуце́ць ’марыць’ (Гарэц., Др.-Падб., Крывіч). Беларускае. Балтызм. Параўн. літ. lėtutè (< lėtaĩ) ’павольна’, létùtis ’павольны’, ’палахлівы, нясмелы’, лат. lietuvēns ’кашмар, прывід, нячысцік, які мучыць чалавека, скаціну’, латгальск. lituńc ’прывід’. Утварылася пры ад’ідэацыі лексем лётаць, ляцець. Параўн. таксама бел. ляту́нак, ляту́нкі ’мара, летуценні’ (ТСБМ), летунковасць (КТС — У. Жылка), лята́вец (гл.). Сюды ж летуце́нні, летуце́ннік (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глагала́ць ’голасна, рэзка гаварыць, гарланіць’ (Нас.). Рус. глаго́лать ’гаварыць, казаць’, укр. глаго́лати. Зыходным з’яўляецца ст.-слав., ц.-слав. глаголати ’казаць, гаварыць’ (што з’яўляецца рэдуплікаванай формай: *gol‑gol‑), з якога і запазычаны (праз царкоўную літ-py) усх.-слав. словы. У бел. мове націск змяніўся паводле дзеяслоўных тыпаў на ‑ati (‑аць), а семантыка набыла адценне жартаўлівасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Град ’град’. Параўн. рус. град, укр. град, польск. grad, чэш. hrad, балг. град, серб.-харв. гра̏д, ст.-слав. градъ. Прасл. *gradъ ’тс’. І.‑е. *grōdō‑ ’град’: параўн. арм. karkut ’тс’ (< *ga‑grōdo), лац. grandō ’град’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 101 (з літ-рай). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 450; Слаўскі, 1, 336; Бернекер, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гудзе́ць ’гусці’ (БРС, Нас.), ’гудзець’ (Касп., Бяльк.), гуд ’гудзенне’ (БРС). Рус. гуде́ть, таксама ’плакаць’, ’іграць на гуслях, шумець’, укр. гудіти, чэш. housti, серб.-харв. гу́дјети і г. д. Прасл. *gǫděti, таксама *gǫsti. Роднасныя формы літ. gaũsti ’гучаць, гусці’. Гл. Фасмер, 1, 470–471; Бернекер, 1, 341; Траўтман, 80; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 80, 85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзе́вяць. Рус. де́вять, укр. де́вʼять, польск. dziewięć, чэш. devět, серб.-харв. де̏вет, балг. де́вет, ст.-слав. девѧть. Прасл. *devętь (марфалагічная інавацыя; параўн. тэарэтычнае *devę‑ (*deven‑ < *neu̯n̥‑). Параўн. літ. devyní, ст.-інд. náva, авест. nava, лац. novem і г. д. Трубачоў, Эт. сл., 4, 222–223; Фасмер, 1, 492–493; Бернекер, 1, 188–189; Траўтман, 198.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзень. Параўн. рус. день, укр. день, польск. dzień, чэш. den, серб.-харв. да̑н, балг. ден, ст.-слав. дьнь. Прасл. *dьnь < і.-е. *din‑; параўн. ст.-інд. dínam ’дзень’, літ. dienà, лац. diēs ’дзень’ і г. д. Агляд гл. у Фасмера, 1, 498–499; Трубачова, Эт. сл., 5, 213–214. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 253–254.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзі́кі ’дзікі’. Параўн. рус. ди́кий, укр. ди́кий, польск. dziki, в.-луж. dziki, балг. ди́кый (з слоўніка Герава) і г. д. Прасл. *dikъ. Лічыцца роднасным прасл. *divъ, *divokъ, літ. dỹkas, лат. diks (але, магчыма, балт. лексемы запазычаны са слав. моў). Траўтман, 54; Бернекер, 1, 199–200; Фасмер, 1, 514; Трубачоў, Эт. сл., 5, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дно ’дно’ (БРС). Параўн. рус. дно, укр. дно, польск. dno, чэш. dno, серб.-харв. дно і г. д. Прасл. *dъno з больш старога *dъbno. Роднаснымі формамі лічацца літ. dubùs ’глыбокі’, dùgnas ’дно’ (*dubnas). Гл. Фасмер, 1, 519. Падрабязны агляд у Трубачова (Эт. сл., 5, 174–175), дзе даецца новае тлумачэнне і прыводзяцца новыя факты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)