дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).
Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс.ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.Калумбам у 1502. У 1605 тут засн.англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл.ААН (з 1979).
Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс.га зямлі, у т. л. каля 19 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс.га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс.т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал.прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.Усходу) і нафтаперапр.з-д (б.ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц.с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн.кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс.км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн.дол., імпарт — 292,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТРА́ДА (франц. estrade ад ісп. estrado памост),
1) від сцэнічнага мастацтва, калі ў адным паказе (канцэрце) спалучаюцца выступленні артыстаў розных жанраў (чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў, танцораў, канферансье і інш.). Як самаст. мастацтва сфарміравалася ў канцы 19 ст.
Вытокі Э. ў паказах вандроўных акцёраў. У пач. 18 ст. ў Англіі ўзніклі невял. эстр. т-ры — мюзік-холы. З 1850-х г. у Францыі пры рэстаранах ствараліся т.зв. кафэ-шантаны, з 1880-х г. — кабарэ, пазней вар’етэ. У 20 ст.эстр. паказы (агляды, рэвю) адбываліся ў вар’етэ і мюзік-холах. Першыя папулярныя выканаўцы Э. — расійскія спевакі Н.Вяльцава, А.Вярцінскі, В.Паніна, І.Юр’ева, франц. — А.Бруан, І.Гільбер, швейцарскі клоун Грок і інш. Сярод вядомых майстроў замежнай Э.: спевакі Э.Дзімітроў (Балгарыя), Г.Герман (Польшча), К.Гот (Чэхія), Х.Белафонтэ, П.Робсан, П.Сігер, Э.К.Фіцджэралд (ЗША), Ш.Азнавур, Э.Піяф, М.Шэвалье (Францыя); джаз-аркестры пад кіраўніцтвам Л.Д.Армстранга, Э.К.Элінгтана (ЗША) і інш. Праводзяцца міжнар. конкурсы і фестывалі эстр. мастацтва. У Расіі вытокі Э. ў нар. гульнях і балаганах, у мастацтве скамарохаў. З канца 18 ст. пашыраны т.зв. дывертысменты. У пач. 20 ст. ўзніклі эстр.тэатры мініяцюр. У станаўленні сав. Э. пэўную ролю адыгралі тэатры рэвалюцыйнай сатыры, паказы «Сіняй блузы», эстр., эстр.-сімф. і джаз-аркестры, вак.-інстр. ансамблі.
На Беларусі элементы Э. меліся ў праграмах беларускіх вечарынак, паказах Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Развіццю жанраў бел.эстр. мастацтва спрыялі мітынгі-канцэрты, «жывыя газеты», т-ры рэв. сатыры ў Віцебску і Мінску (1919—22). З бел.нар. песнямі выступалі Л.Александроўская, І.Яўнзем. Сярод першых выканаўцаў Э.: цымбалісты А.Астрамецкі, І.Жыновіч, цымбальны дуэт Х.Шмелькін і С.Навіцкі, балалаечнік Дз.Захар, Беларускі вакальны квартэт. У 1939 створана «Белдзяржэстрада» з аддзяленнямі ў Віцебску і Беластоку, сярод артыстаў якой танц. пара В.Міхеда і М.Гільзінец, спевакі Ю.Матраеў, Р.Плоткіна, чытальніца Ю.Фляйто, акрабаты С.Сакалоў, Л. і А.Міхайлавы. У першае пасляваен. дзесяцігоддзе пры «Белдзяржэстрадзе» працавалі т-р драмы і камедыі, ансамбль аперэты, т-р лялек, эстр. аркестр. У 1950—60-я г. вылучыліся эстр. спевакі Г.Буцько, І.Вішнеўская, У.Зяміраў, Э.Міцуль, І.Палянская, А.Самарадаў, вак. трыо з балалайкамі сясцёр Логінавых, цымбалісты В.Бурковіч, М.Шмелькін, танцоры Т.Гіжэўская, М.Лапша, Б.Нікулін, М.Сцепанец, І.Хвораст, майстры размоўнага жанру З.Бандарына, Р.Дзідзенка, М.Зорын, І.Лакштанаў, С.Сімараў, А.Слесарэнка, В.Спіткоўская, М.Шышкін, акрабаты А.Беразоўская, Н.Іванова, І.Пігулеўскі, А. і В.Ржавускія, Ф.Фаменка, П.Чарапанаў, мастак-манументаліст Г.Ермаловіч і інш. У 2-й пал. 1960-х г.бел. Э. атрымала ўсесаюзнае і міжнар. прызнанне. У 1968 у Мінску адбыўся Усесаюзны фестываль эстр. мастацтва, у 1973 — Усесаюзны конкурс выканаўцаў сав. песні, у 1974 — Першы рэсп. конкурс артыстаў Э. Узніклі новыя калектывы, паявіліся таленавітыя выканаўцы. Для рэпертуару і выканаўчай манеры сталі характэрны публіцыстычнасць, грамадз. пафас, развіццё нар. традыцый, засваенне лепшых узораў сав. і зарубежнага эстр. мастацтва; у канцэртныя праграмы шырока ўключаюцца творы бел. пісьменнікаў і кампазітараў. Набылі вядомасць вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», інстр. ансамбль «Тоніка», эстр.-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё, бел.т-р пантамімы «Рух», т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», ансамбль нар. музыкі «Свята» і інш. Уклад у развіццё бел. Э. зрабілі спевакі Н.Багуслаўская, Л.Барткевіч, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, В.Кучынскі, Н.Мікуліч (гл. Дадатак), Я.Навуменка, В.Пархоменка, Т.Раеўская, М.Скорыкаў, Ю.Смірноў, В.Шутава, А.Ярмоленка, вак. дуэт. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, музыканты В.Раінчык і І.Цвяткова, цымбалісты Астрамецкі, Я.Гладкоў, майстар размоўнага жанру Г.Рыжкова і інш. У 1995 у Мінску адкрыты Дзярж. маладзёжны тэатр эстрады. Арганізацыйна-творчую работу ў галіне Э. на Беларусі вядуць Бел. філармонія, Гомельская (з 1967), Гродзенская (з 1987), Магілёўская (з 1990) і інш. абласныя філармоніі, прадпрыемства «Белканцэрт» (з 1990). Штогод праводзяцца Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, міжнар. фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер» у Магілёве (з 1995), у рамках якіх адбываюцца конкурсы маладых эстр. выканаўцаў. На Беларусі артыстаў Э. рыхтуюць Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі, Бел.ун-т культуры.
2) Сцэнічная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для канцэртных выступленняў артыстаў.
Літ.:
Кузнецов Е.М. Из прошлого советской эстрады: Ист. очерки. М., 1958;
Дмитриев Ю.А. Искусство советской эстрады. М., 1962;
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Ист. очерк о Бел. гос. филармонии. Мн., 1988;
Эстрада без парада: Сб. М., 1991;
Певцы советской эстрады: Сб. М., 1992.
Г.М.Загародні.
Да арт.Эстрада. Сцэна са спектакля Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala), Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica), Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica),
краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал.штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal), Рэспубліка Сенегал (République du Sénégal),
дзяржава на З Афрыкі. Мяжуе на Пн з Маўрытаніяй, на У — з Малі, на Пд — з Гвінеяй і Гвінеяй-Бісау. Тэр. краіны з З на У разразае тэр. дзяржавы Гамбія (утварае паўанклаў). На З краіна абмываецца Атл. акіянам. Пл. 196,2 тыс.км². Нас. 9987,5 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — французская, шырока распаўсюджаны мовы валоф і фульбе. Сталіца — г.Дакар. С. падзяляецца на 10 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1963 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. сходу (140 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Палавіна складу парламента выбіраецца паводле прапарцыянальнай сістэмы, палавіна — паводле мажарытарнай. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня — раўніна, нізінная на З, узгорыстая на У. На крайнім ПдУ — астанцовыя масівы (выш. да 581 м). З карысных выкапняў найб. значэнне маюць фасфарыты. Ёсць жал. руда, пяскі з ільменітам, рутылам і цырконам, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 °C (студз.) да 28 °C (ліп.). За год выпадае ад 250 мм ападкаў на Пн да 1500 мм на Пд. Дажджлівы сезон у ліп.—вер. на Пн, май — ліст. на Пд. Найб. рэкі Сенегал, Гамбія (вярхоўі) і Казаманс. Пераважае расліннасць саваннаў, на Пн — апустыненая, травяністая і хмызняковая, на Пд — з рэдкалессямі і групамі баабабаў. Па далінах рэк галерэйныя лясы, уздоўж ніжняга цячэння р. Казаманс лістападна-вечназялёныя. У жывёльным свеце захаваліся антылопы, з драпежнікаў — шакал, гіена, леапард. Многа паўзуноў, з насякомых — муха цэцэ, тэрміты, камары. Мора багатае рыбай (тунец, сардзіны, макрэль) і вустрыцамі. Нац. паркі — Ніякола-Коба, Джудж (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Дэльта Салума і інш.; ёсць заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць народы зах. бантоіднай групы — валоф (43%), фульбе (24%), серэр (15%), дыёла (4%). На Пд і У жывуць мандынга, санінке, сусу (размаўляюць на мовах сям’і мандэ). У гарадах невял. групы еўрапейцаў і ліванцаў. Сярод вернікаў найб. мусульман (92%), ёсць паслядоўнікі мясц. анімістычных вераванняў (6%; на Пд), католікі (2%; у гарадах). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены раён Зялёнага Мыса на З, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Дакар з нас. 2079 тыс.ж. (2000). Гарадское насельніцтва складае 47%, акрамя сталіцы толькі ў гарадах Каалак, Тыес, Сен-Луі, Дыўрбель, Зігіншор і Руфіск перавышае 100 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% насельніцтва. Значная эміграцыя, пераважна ў Францыю.
Гісторыя. Паселішчы чалавека на тэр. С. вядомы з часоў ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут жылі народы тукулер, валоф, фульбе; тэр. С. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Малі, Сангаі. У 15 ст. з’явіліся еўрапейцы (з 1446 партугальцы, у 16 ст. іх выцеснілі галандцы), якія гандлявалі рабамі. У 17 ст. С. каланізаваны французамі (у 1659 засн.г. Сен-Луі). Да 1854 абвешчаны франц. калоніяй, але поўнасцю заваяваны французамі ў 1879—90. Эканам. цэнтрам калоніі быў г. Дакар (засн. ў 1857). У 1848—51 і з 1871 краіна мела сваіх дэпутатаў у Нац. сходзе Францыі (уласна афрыканцаў з 1914). У франц.калан. войсках у Афрыцы служылі сенегальскія стралкі. З 1895 С. — частка Франц.Зах. Афрыкі. У 2-ю сусв. вайну да 1943 пад уладай франц. прагерм. ўрада «Вішы», потым адна з апорных баз антыгітлераўскай «Змагарнай Францыі». У 1946 С. атрымаў статус заморскай тэр. Францыі. у 1957 — унутр. аўтаномію. Вядучай паліт. сілай краіны з 1958 быў Прагрэс. саюз С. (ПСС). З 1958 С. аўтаномная рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці. У 1959 ён аб’яднаўся з Франц. Суданам у Федэрацыю Малі (з 20.6.1960 незалежная, 20.8.1960 распалася).
5.9.1960 С. стаў незалежнай рэспублікай на чале з прэзідэнтам Л.С.Сенгорам (ген. сакратар ПСС). Пасля адхілення ад улады апазіцыйна настроенага кіраўніка ўрада М.Дыя (у 1962—74 зняволены) Сенгор адначасова быў і прэм’ер-міністрам краіны (1962—70). У дзяржаве будаваўся «дэмакр.афр. сацыялізм» (спробы сумясціць афр. традыцыі і каштоўнасці індустр. грамадства). З 1966 існаваў аднапарт. рэжым ПСС (з 1976 наз.Сацыяліст. партыя), які ў знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. У 1974 дазволена дзейнасць інш. партый, у т. л.Дэмакр. партыі С. (ген. сакратар А.Вад). Пры пераемніку Сенгора А.Дыуфу (з 1983 прэзідэнт, у 1983—91 адначасова і прэм’ер-міністр С.) у краіне паглыбіліся паліт. і сац.эканам. пераўтварэнні, палепшаны адносіны з Анголай і Эфіопіяй. У 1982—89 С. разам з Гамбіяй утвараў канфедэрацыю Сенегамбія. У 1988 адбыліся міжэтн. хваляванні на памежжы С. і Маўрытаніі, з 1990 унутры краіны ўзнік канфлікт вакол пытання незалежнасці паўд. правінцыі Казаманс. У сак. 2000 прэзідэнтам С. выбраны Вад. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя С., інш. партыі і рухі.
Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая краіна з параўнальна развітымі сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1600 дол. (2000). Сельская гаспадарка дае 19% ВУП, прам-сць 17%, абслуговыя галіны 64%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага (пераважна французскага) і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 2,4 млн.га зямлі пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 3,2 млн.га пад натуральную пашу (саванны і саванныя лясы). Каля 80 тыс.га зямлі арашаецца. Гал. ролю адыгрывае земляробства. Землеўладанне пераважна абшчыннае, у найб. развітых зах. раёнах прыватнае, значная частка сялян арандатары; ёсць збытавыя кааператывы і дзярж. плантацыі. Каля 50% ворных зямель занята пад арахіс (штогадовы збор 700—900 тыс.т, адно з першых месцаў у свеце). Асн. раён вырошчвання арахісу — зах. і цэнтр.ч. краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць проса і сорга (паўсюдна), маніёк і рыс (на Пн у нізоўях р. Сенегал, на Пд у бас.р. Казаманс), батат, кукурузу, агародніну. Новыя культуры — цукр. трыснёг і бавоўнік. Таварнае пладаводства і агародніцтва ў раёне г. Дакар. Алейная пальма і бананы распаўсюджаны на Пд. На Пн у саваннах — збор камедзі з дзікарослай акацыі. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая і ў меншай ступені качавая, малапрадукцыйная, найб. развіта на Пн і ПнУ. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (на Пн — зебу, на Пд — буйвалы) 2,96, авечак 4,3, коз 3,6, свіней 0,33. Гадуюць таксама коней (каля 200 тыс.), аслоў (каля 200 тыс.), вярблюдаў (каля 6 тыс.). Развіта птушкагадоўля (у 1997—45 млн. курэй). Расце значэнне марскога рыбалоўства. У 1999 вылаўлена 507 тыс.т рыбы. Тунцовыя кансервы і свежамарожаная рыба экспартуюцца ў Еўропу, сушаная, вяленая і салёная — у краіны Экватарыяльнай Афрыкі. Развіты вустрычны промысел. Гал. цэнтры рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі Дакар, Руфіск, Жааль, Сен-Луі. Найб. развіты харч. і харчасмакавая прам-сць. Працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу і атрыманні арахісавага алею (адно з вядучых месцаў у свеце), мукамольныя, піваварныя, цукр., тытунёвыя, мылаварныя. Развіта тэкст.прам-сць (бавоўнаачышчальны з-д у г. Тамбакунда, 3 тэкст. ф-кі ў Дакары, камбінат у г. Тыес) і гарбарна-абутковая (ф-ка ў г. Руфіск). Ёсць прадпрыемствы па металаапрацоўцы (у асн. для гарнаруднай прам-сці і сельскай гаспадаркі), па зборцы аўтамабіляў і лёгкіх самалётаў, цэм., лесапільныя, мэблевыя, запалкавыя. У Мбао каля г. Руфіск нафтаперапр. і мінер. угнаенняў з-ды, у г. Дакар суднабудаванне і суднарамонт, ліцейная вытв-сць у г. Тыес і інш. Здабыча фасфарытаў (больш за 2 млн.тштогод, асн. радовішчы Тайба і Пало каля г. Тыес), мармуру, інш.буд. матэрыялаў, солі з марской вады (каля г. Каалак). Энергетыка засн. на імпартуемай нафце. Асн.ЦЭС у Дакары і суседніх гарадах (каля 90% агульнай магутнасці). У 1998 атрымана 1,2 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, выраб цыновак, маст. рэчаў і сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, мэблі, драўлянага посуду і інш.). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У С. 14,6 тыс.км аўтадарог, з іх 4,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 110 тыс. легкавых аўтамабіляў, 50 тыс. грузавых і аўтобусаў; 0,9 тыс.км чыгункі (найб. важная лінія перасякае краіну з З на У і далей да р. Нігер у Малі), 0,9 тыс.кмунутр. водных шляхоў (выкарыстоўваюцца пераважна ў перыяд дажджоў, у т. л. 785 км па р. Сенегал). Гал. марскія парты Дакар (каля 70% экспарту і імпарту С., абслугоўвае Малі і інш. краіны Зах. Афрыкі), Сен-Луі (экспарт фасфарытаў), Каалак, Зігіншор. 20 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Дакара. У 1998 экспарт склаў 925 млн.дол., імпарт 1,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (больш за 50%), рыба і рыбапрадукты, фасфарыты, нафтапрадукты, бавоўна; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, машыны і металы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту, 36% імпарту), інш. краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Індыя, ЗША, Кітай. Замежны турызм (штогод каля 500 тыс. замежных турыстаў, турысцкі сезон у сухі зімовы перыяд) прыносіць даход у 160—200 млн.дол. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу пераважна ад Францыі. Грашовая адзінка — франк КФА.
Літ.:
Кашин Ю.С. Сенегал. М., 1973;
Кузнецов Л.М. На самой западной точке Африки: Дакар. М., 1980.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Сенегала.Да арт.Сенегал (дзяржава). У даліне р. Сенегал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РЦЫЯ (Türkiye), Турэцкая Рэспубліка (Türkiye Cumhuriyeti),
дзяржава ў Зах. Азіі (97% тэр.) і на крайнім ПдУ Еўропы. На ПнЗ мяжуе з Грэцыяй і Балгарыяй, на ПнУ з Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам, на У з Іранам, на ПдУ з Іракам і Сірыяй. На Пн абмываецца Чорным м., на З — пралівамі Басфор і Дарданелы, Мармуровым і Эгейскім морамі, на Пд — Міжземным м.Пл. 780,6 тыс.км². Нас. 65 666,7 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — турэцкая. Сталіца — г.Анкара. Падзяляецца на 80 іляў (вілаетаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (29 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Вялікаму нац. сходу Турцыі — аднапалатнаму парламенту, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Еўрапейская ч. (Усх. Фракія) займае невял., пераважна раўнінную ч. Балканскага п-ва (вылучаецца хр. Істранджа выш. да 1030 м); азіяцкая — п-аў М.Азія з Анаталійскім пласкагор’ем (выш. 800—1900 м) з бяссцёкавымі ўпадзінамі і патухлымі вулканамі, якое на Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі (выш. да 3937 м), на Пд гарамі Таўр (выш. да 3726 м) і масівам Хакяры (выш. да 4168 м). На У частка Армянскага нагор’я (выш. 1500—2000 м) з катлавінамі і пласкагор’ямі. Найвыш. пункт — патухлы вулкан Вял. Арарат (выш. 5165 м). Уздоўж марскіх берагоў вузкія нізіны. На Пн, ад Мармуровага м. да воз. Ван, — зона моцных землетрасенняў. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, храміты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, нафта, каменная соль і інш. Клімат у прыморскіх раёнах субтрапічны міжземнаморскі, ва ўнутр. — сухі, кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўнутр. пласкагор’ях ад 0 °C да -5 °C на З да -13 °C на У, на ўзбярэжжах 6 °C на Пн і 10 °C на Пд. Сярэдняя т-раліп. на пласкагор’ях адпаведна 16 і 22 °C, на ўзбярэжжах 23 і 32 °C. Ападкаў на ўзбярэжжах каля 600 мм, на У узбярэжжа Чорнага м. да 3000 мм. ва ўнутр. раёнах 200—400 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Вял. азёры: Ван і Туз (салёныя). Расліннасць ва ўнутр. раёнах стэпавая і паўпустынная. У гарах лясы (26% тэр. краіны) з лаўрам, міртам, каменным дубам, грэцкім арэхам, вышэй — з клёнам, букам, грабам, вольхай і інш. Пашыраны ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі. Фауна міжземнаморская і горна-лясная (казулі, дзікі, шакалы, ваўкі, гіены; многа змей, яшчарак). Нац. паркі: Алімпас-Бейдаглары, Мунзур-Вадысі, Кёпрулю-Каньён і інш.; ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 87% складаюць туркі. Жывуць таксама курды — каля 8 млн.чал. (па інш. звестках каля 16 млн.чал., на У), арабы — каля 1 млн.чал. (на ПдУ), чэркесы, лазы, аджарцы і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Найб. шчыльна заселены Усх. Фракія і прыморскія раёны Анатоліі (200—300 чал. на 1 км²), найменш — Цэнтр. і Усх. Анатолія (месцамі 10—20 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 74% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Стамбул — 10 250 (метрапалітэнская тэрыторыя), Анкара — 2890, Ізмір — 1920,1, Адана — 1010,4, Бурса — 949,8, Газіянтэп — 683,6. У сельскай гаспадарцы занята каля 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 20%, у абслуговых галінах — каля 30%. Больш за 2 млн. грамадзян Т. працуюць за мяжой.
Гісторыя. Тэр. Т. — адзін з асяродкаў стараж.. цывілізацый. Археал. даныя сведчаць пра існаванне ў М.Азіі (Анатоліі) каля пач. 6-га тыс. да н.э. пасяленняў гар. тыпу (Чатал-Хююк і інш.). Першы гіст. вядомы народ — хеты прыйшлі ў Анатолію да пач. 2-га тыс. да н.э.; у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э.Хецкае царства ўключала побач з Анатоліяй стараж. Сірыю і значную ч. Месапатаміі. У 12—6 ст. да н.э. ў М.Азіі існаваў шэраг дзяржаў: Фрыгія, Лідыя і інш., якія ў 6 ст. да н.э. далучаны да Ахеменідаў дзяржавы. У 334—331 да н.э. М.Азія ўвайшла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага; пасля яе распаду асобныя раёны ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы, Пергама, Пантыйскага царства і інш., якія ў 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. заваяваны Рымам. У 330 імператар Канстанцін I перанёс сталіцу Рым. імперыі ў г. Візантый, які атрымаў назву Канстанцінопаль (цяпер Стамбул). пасля падзелу ў 395 імперыі — сталіца Усх.-рым. імперыі (Візантыі). У 11 ст. ў М.Азію ўварваліся сельджукі, якія разбілі візант. армію пры Манцыкерце (1071), пасля чаго заваявалі б.ч. М.Азіі, дзе ўзнік Канійскі султанат. Паступова хрысціянства і грэч. мова выцеснены ісламам і тур. мовай. Пасля разгрому ў сярэдзіне 13 ст. Канійскага султаната манголамі на мяжы 13—14 ст. узвысілася княства (бейлік) у Паўн.-зах. Анатоліі, якое атрымала назву ад імя заснавальніка дынастыі бея Асмана [1299—1324]. Пры яго пераемніках да пач. 15 ст. створана магутная ваенна-феад. дзяржава (султанат), якая займала вял. тэрыторыі ў М.Азіі і на Балканах. У выніку заваёўніцкіх войнаў 15—1-й пал. 16 ст. захоплены Канстанцінопаль (1453), далучаны Крым (1475), шэраг тэрыторый у Паўд.-Усх. і Цэнтр. Еўропе, б.ч. Арабскага Усходу і Паўн. Афрыкі Стварылася Асманская імперыя, якая прэтэндавала на ролю лідэра ісламскага свету. Тур. султаны прынялі тытул халіфа — духоўнага лідэра мусульман-сунітаў. Найб. магутнасці імперыя дасягнула пры Сулеймане I Кануні [1520—66]. З канца 16 ст. пачалося яе аслабленне, пра што сведчылі паражэнні тур. флоту ў бітве пры Лепанта (1571) і арміі пры аблозе Вены (1683). Асабліва выразна заняпад Асманскай імперыі выявіўся ў ходзе рус.-тур. войнаў 2-й пал. 18 ст. (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Уздым нац.-вызв. барацьбы грэч. і слав. народаў стварыў пагрозу існаванню імперыі. Адначасова еўрап. дзяржавы пачалі барацьбу за падзел асманскіх уладанняў. што паклала пачатак т.зв. «Усходняму пытанню». З канца 18 ст. кіруючыя вярхі Асманскай імперыі спрабавалі прадухіліць яе распад і ўзмацніць шляхам рэформ. Рэформы Селіма III і Махмуда II, а таксама часоў танзімату (1839 — пач. 1870-х г.) спрыялі паскарэнню сац.-эканам. развіцця тур. грамадства. У 2-й пал. 19 ст. на паліт. арэну выйшлі новыя сілы — прадстаўнікі тур. інтэлігенцыі, якія аб’ядналіся ў тайным т-ве «Новыя асманы». У 1876 яны дамагліся прыняцця канстытуцыі і стварэння парламента. але ў 1877 султан Абдул-Хамід II прыпыніў дзейнасць канстытуцыі і разагнаў парламент, усталяваўшы рэакц. рэжым. Для барацьбы з дэспатызмам у 1889—91 створана тайнае т-вамладатуркаў. У выніку младатурэцкай рэвалюцыі 1908 адноўлена канстытуцыя, скліканы парламент і скінуты Абдул-Хамід II. Але младатуркі былі няздольныя вырашыць над. пытанне і спыніць распад імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Асманская імперыя страціла апошнія ўладанні ў Афрыцы, а ў выніку балканскіх войнаў 1912—13 амаль выцеснена з Еўропы. Гэта прывяло да пераходу младатуркаў на пазіцыі панцюркізму, гал. ідэяй якога было аб’яднанне ўсіх цюркаў пад уладай тур. султана і атурэчванне ўсіх нетур. народаў імперыі. Младатур. ўрад пайшоў на збліжэнне з Германіяй, што ўцягнула Т. ў Першую сусветную вайну 1914—18 на баку аўстра-герм. блоку. Паражэнне Германіі і яе саюзнікаў азначала крах Асманскай імперыі. Мудроскае перамір’е 1918 пакінула пад уладай султана толькі тыя землі, якія складаюць сучасную тэр. Т. Частка тур. тэрыторыі. у т. л. сталіца Стамбул, была акупіравана брыт., італьян.. грэч. і франц. войскамі. Паводле навязанага султанскаму ўраду Сеўрскага мірнага дагавора 1920 Т. пазбаўлялася шэрагу тэрыторый і ператваралася ў залежную дзяржаву. У гэтых умовах нац.-вызв. барацьбу тур. народа ўзначаліў ген. М.К.Атацюрк. У выніку Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 разгромлены прыхільнікі султана і войскі інтэрвентаў, што было замацавана Лазанскім мірным дагаворам 1923. 1.11.1922 султанат скасаваны. У крас. 1923 створана Нар. партыя (пазней Нар.-рэсп. партыя. НРП). 23.10.1923 абвешчана Тур. Рэспубліка. У 1920—30-я г. ажыццяўлялася палітыка мадэрнізацыі ў розных сферах культ., сац.-эканам. і паліт. жыцця. У сак. 1924 скасаваны халіфат. 20.4.1924 прынята 1-я рэсп. канстытуцыя. У Т. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым НРП. У гэты час праведзены комплекс мерапрыемстваў па аддзяленні ісламу ад дзяржавы (лаіцызм). У 1925—28 прыняты новыя, на еўрап. ўзор. крымінальны і грамадз. кодэксы. забаронена мнагажонства, уведзены еўрап. каляндар. еўрап. адзенне. тур. мова пераведзена на лац. алфавіт замест арабскага. Гал. зместам эканам. палітыкі стаў этатызм — палітыка дзярж. капіталізму. У ходзе рэформ канчаткова вызначылася ідэалогія кемалізму (або атацюркізму) — адной з плыняў тур. нацыяналізму. Пасля смерці ў 1938 Атацюрка прэзідэнтам Т. стаў яго бліжэйшы паплечнік І.Інёню. З пач. 2-й сусв. вайны Т. абвясціла нейтралітэт, толькі ў лют. 1945 тур. ўрад абвясціў вайну Германіі.
Першыя пасляваен. гады адзначаны змякчэннем паліт. рэжыму і яго дэмакратызацыяй, дазволена шматпартыйнасць. Найб. уплывовай з новых партый стала Дэмакр. партыя (ДП), створаная ў 1946. У гэты час вызначылася збліжэнне Т. з ЗША і краінамі Захаду, яна была ўключана ў Маршала план. На парламенцкіх выбарах перамагла ДП, прэзідэнтам Т. стаў яе лідэр М.Дж.Баяр, кіраўніком урада — А.Мендэрэс. У час кіравання ДП (1950—60) унутрыпаліт. становішча ў Т. абвастрылася. Атрымаўшы шэраг ільгот, замежныя манаполіі пацяснілі слабы тур.нац. капітал. Імкнучыся задушыць апазіцыю пад выглядам барацьбы з «інтрыгамі камунізму», урад ДП парушаў канстытуцыйныя нормы. У гэтых умовах у маі 1960 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады К-тнац. адзінства (КНА) на чале з ваеннымі. Была скасавана канстытуцыя 1924, распушчаны парламент і забаронена ДП. КНА падрыхтаваў праект новай канстытуцыі, ухвалены на рэферэндуме ў ліп. 1961. Найважн. рысай 2-й рэспублікі (1961—80) стала ўсталяванне сапраўднай шматпартыйнасці. У 1960—70-я г. Т. ператварылася ў аграрна-індустр. краіну. Але дзярж. кіраўніцтва не змагло забяспечыць устойлівы эканам. рост, уладзіць вострае саперніцтва паміж прыхільнікамі этатызму і прыхільнікамі лібералізацыі. Нарастанню крызіснай сітуацыі садзейнічаў левы і правы экстрэмізм. У вер. 1980 ваен. кіраўніцтва Т. здзейсніла пераварот. Улада перайшла да Савета нац. бяспекі на чале з ген. К.Эўрэнам. У 1982 прынята новая канстытуцыя. Фактычна абвешчаны курс пабудовы рэжыму «кіруемай дэмакратыі», узрасла роля выканаўчай улады. На выбарах 1983 перамагла Партыя Бацькаўшчына (ПБ) на чале з Т.Азалам. Урад Азала (у 1989—93 прэзідэнт Т.) ажыццяўляў палітыку лібералізацыі эканомікі, умацавання рыначных адносін і адмовы ад жорсткага дзярж. рэгулявання, што спрыяла хуткаму эканам. росту Т. ў 1980-я г. Пасля смерці Азала ў 1993 прэзідэнтам Т. стаў лідэр. Партыі сапраўднага шляху С.Дэмірэль, прэм’ер-міністрам — Т.Чылер (1-я ў Т. жанчына на гэтай пасадзе). На выбарах у снеж. 1995 перамагла Партыя дабрабыту на чале з Н.Эрбаканам, якая стаяла на ісламісцкіх пазіцыях. Гэта прывяло да скарачэння замежных інвестыцый і пагаршэння эканам. становішча. Пад націскам ваенных у чэрв. 1997 Эрбакан падаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах у крас. 1999 перамагла Дэмакр. левая партыя на чале з Б.Эджэвітам, які стаў прэм’ер-міністрам Т. Але працяг сац.-эканам. крызісу прывёў у кастр. 2002 да ўлады кансерватыўную Партыю справядлівасці і развіцця (прэм’ер-міністр А.Гюль). На працягу ўсяго існавання Тур. Рэспублікі адной з гал. застаецца праблема Курдыстана. Курс Атацюрка на стварэнне нац.тур. дзяржавы адмаўляў правы нац. меншасцей, найб. з якіх курды цярпелі ад прымусовага атурэчвання. У 1979 засн. Курдская рабочая партыя (КРП) на чале з А.Аджаланам, якая з 1984 вяла ўзбр. барацьбу супраць цэнтр.тур. ўрада. Арышт Аджалана ў 1999 і адмова ў 2000 КРП ад узбр. барацьбы прыпынілі ваен. канфлікты, якія забралі жыцці дзесяткаў тыс.чал., але курдскае пытанне так і не вырашана. Распад СССР прывёў да аднаўлення ў кіруючых колах Т. элементаў панцюркізму ў новай рэдакцыі, што праяўляецца ў спробах тур. ўрада пашырыць свой уплыў у цюркскіх рэспубліках б.СССР. Т. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны Т. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1992.
У Т. легальна дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя справядлівасці і развіцця; Нар.-рэсп. партыя; Дэмакр. левая партыя, Партыя Бацькаўшчына, Партыя сапраўднага шляху, Партыя дабрадзейнасці, Партыя нац. руху, партыя “Новая Турцыя”, партыя Вялікага адзінства, Партыя за дэмакр. Турцыю, Партыя нар. дэмакратыі (пракурдская).
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6600 дол. (2000). Каля 30% яго ствараецца ў прам-сці, каля 20% — у сельскай гаспадарцы, каля 50% — у абслуговых галінах. У прам-сці развіты здабыўная і апрацоўчыя галіны. Найб. значэнне мае здабыча бурага (45—55 млн.тштогод, Зах. Анатолія) і каменнага (3 млн.т, раён г. Зангулдак) вугалю, нафты (4 млн.т), жал. руды (4 млн.т), храмітаў, марганцавай, меднай, свінцова-цынкавай руд, сурмы, ртуці, серы, буд. матэрыялаў. У 1998 атрымана 106,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Каля 34% яе атрымліваюць на ГЭС (каскад на Еўфраце і інш.), каля 66% — на ЦЭС. У чорнай металургіі выплаўляецца каля 12 млн.т сталі. Палавіну сталі даюць 3 дзярж. камбінаты поўнага цыкла (гарады Карабюк, Эрэглі, Іскендэрун), працуюць 15 прыватных міні-заводаў (раён Ізміра). У каляровай металургіі выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, медзі. Развіта шматгаліновае машынабудаванне. Штогод выпускаецца каля 15 тыс. грузавых аўтамабіляў і цягачоў, 5—7 тыс. аўтобусаў, 160—200 тыс. легкавых аўтамашын, 20 тыс. трактароў; суднабудаванне, выпуск чыг.трансп. сродкаў, авіяц.прам-сць. Ёсць прадпрыемствы прыладабудавання, радыёэлектроннай і электратэхн. прам-сці. Працуюць 5 нафтаперапр. прадпрыемстваў (магутнасць 33,5 млн.т за год), 2 нафтахім. комплексы, газавыя з-ды, прадпрыемствы па выпуску хімікатаў і ўгнаенняў. У лёгкай прам-сці найб. развіты тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), трыкат., дыванаткацкая, гарбарна-абутковая. Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці. Найб. развіты мукамольная, садавіна- і агароднінакансервавая, цукр., мяса-малочная. 60% прадукцыі апрацоўчай прам-сці выпускаюць прадпрыемствы Стамбула, Ізміра. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 40 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 24,7 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі — 3 млн.га, пад пашай — 12,3 млн.га. 90% зямель у прыватнай уласнасці, у т. л. 2/3 належаць буйным і сярэднім уласнікам. Каля 40% сялян — арандатары. Вядучая галіна — раслінаводства (2/3 кошту с.-г. прадукцыі), асн. яго раёны — прыбярэжныя нізіны і міжгорныя катлавіны. Значная частка зямель арашаецца. 82% пасяўной пл. пад збожжавымі. Збор (2000, млн.т): пшаніцы — 17,5, ячменю — 8,2. Вырошчваюць таксама кукурузу, жыта, авёс, проса, рыс, бабовыя. З тэхн. культур найб. значэнне маюць (збор, 1998, млн.т); бавоўнік-сырэц — 2,1, цукр. буракі — 18,5, сланечнік — 0,8, тытунь — 0,2. Агародніцтва, вінаградарства, садоўніцтва. Вырошчваюць інжыр (каля 240 тыс.тштогод), фундук (400 тыс.т), абрыкосы, персікі, слівы, яблыкі, цытрусавыя, аліўкі і інш. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае пашы ў гарах і сухіх стэпах. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 11,2, авечак 30,2, коз 8,4 (у т. л. ангорскія), буйвалаў 0,2. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Птушкагадоўля, развядзенне тутавага шаўкапрада, пчалярства. Развіта марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 500,3 тыс.т рыбы). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км, 2000): аўтадарог з цвёрдым пакрыццём — 59, чыгунак — 8,4. У краіне 3,3 млн. легкавых, 1,05 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Т. мае гандл. флот агульнай грузападымальнасцю 4 млн.т. Гал. марскія парты: Стамбул, Ізмір, Самсун, Іскендэрун. Сетка нафта- і газаправодаў, у т. л. міжнародныя. У краіне 26 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Стамбуле, Анкары, Ізміры, Адане. У 2000 экспарт склаў 21,6 млрд.дол., імпарт — 33,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць тэкст. і швейныя вырабы, чорныя металы, садавіна і арэхі, тытунь, электраэнергія (у Балгарыю і Румынію), у імпарце — нафта, газ, прамысл. сыравіна, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: краіны ЕС (да 60% экспарту і 50% імпарту), ЗША, краіны Паўд.-Зах. Азіі. Знешні доўг больш за 60 млрд.дол. (2000). Т. — краіна развітога турызму і адпачынку на марскіх узбярэжжах. Штогод наведваюць 10—12 млн. турыстаў, даход перавышае 5 млрд.дол. Для пакрыцця адмоўнага знешнегандл. балансу маюць значэнне таксама грашовыя пераводы грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — турэцкая ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 615 тыс.чал., 2002) і ваенізаваныя фарміраванні, або жандарскія войскі (больш за 130 тыс.чал.). Камандуючы ўзбр. сіламі — нач.Ген. штаба (прызначаецца прэзідэнтам і яму падпарадкоўваецца). Камплектаванне: служаць паводле прызыву больш за 480 тыс.чал., па кантракце каля 133 тыс.чал.; тэрмін службы паводле прызыву — 18 месяцаў. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 3,8 тыс. танкаў, 4,2 тыс. браніраваных машын, у т. л. каля 500 баявых машын пяхоты, 4,1 тыс.артыл. сістэм, у т. л. 102 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 259 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, а таксама больш за 1600 гармат зенітнай артылерыі, 890 пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 243 баявыя верталёты. У ВПС і ППА больш за 63 тыс.чал., 457 баявых і 96 трансп. самалётаў, 92 пускавыя ўстаноўкі зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВМС каля 54 тыс.чал., 115 баявых караблёў, 13 падводных лодак, 16 трансп. верталётаў.
Ахова здароўя. Існуе дзярж., страхавая, прыватная медыцына. Большасць мед. кадраў сканцэнтравана ў гарадах. Дзярж. цэнтры і пункты аховы здароўя бясплатна даюць лякарствы для лячэння інфекц. хвароб і аказваюць мед. дапамогу насельніцтву сельскіх раёнаў і бяднейшым слаям гар. насельніцтва. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71, жанчын 76 гадоў. Узровень нараджальнасці — 18 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 431 чал., урачамі — 1 на 867 чал. Дзіцячая смяротнасць 33 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (для дзяцей ад 3 да 6—7 гадоў), агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая базавая (5 гадоў навучання ў пач. школе і 3 гады ў няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя школа (ліцэй) — 3—4 гады навучання пасля базавай школы. У першы год навучанне ў ліцэі вядзецца па адзінай праграме, у наступныя гады навучэнцы размяркоўваюцца па профілях (гуманітарны і прыродазнаўча-матэматычны). Прафесійна-тэхн. адукацыю набываюць у тэхн. і прафесійных ліцэях. У сістэме вышэйшай адукацыі 75 ун-таў, з іх 22 прыватныя (2002). Буйнейшыя дзярж.ВНУ: Стамбульскі універсітэт, Стамбульскі тэхн.ун-т, ун-т Багазічы і тэхн. Йылдыз (усе ў Стамбуле), ун-ты Анкарскі, Хаджэт-Тэпе, Газі, тэхн. Орта Догу (усе ў Анкары); Акдэніз (г. Анталья), Анадолу (г. Эскішэхір), Тракія (г. Эдырне), Эге і Докуз Ейлул (г. Ізмір), тэхн. Карадэніз (г. Трабзон), ун-т імя Джэляля Баяра (г. Маніса). Найб. б-кі: Нац., ун-та Білкент (Анкара). У Т. больш за 130 музеяў, найб. з іх археал. (г. Адана), анаталійскіх цывілізацый (Анкара), турэцкага і ісламскага мастацтва, палацаў Тапкапы і Йылдызскага (усе ў Стамбуле), падводнай археалогіі (г. Мугла), пад адкрытым небам «Эфес» і «Сельджукі» (г. Ізмір). Навук. даследаванні вядуцца ў Акадэміі навук Т. і ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Т. каля 830 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Hürnyet» («Свабода», з 1948), «Sabah» («Раніца», з 1985), «Milliyet» («Нацыя», з 1950), «Günaydin» («Добры дзень», з 1968), «Cumhuriyet» («Рэспубліка», з 1923). Інфарм. агенцтвы: Анаталійскае (АА; з 1920, акц.т-ва, падтрымліваецца дзяржавай) і Анкарскае (АНКА; з 1950, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1927. Тэлебачанне з 1968. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Турэцкая радыётэлевізійная карпарацыя (засн. ў 1964 як Т-ва радыё і тэлебачання Т.). Мае 6 тэлевізійных і 4 радыёканалы. Функцыянуюць таксама 16 прыватных тэле- і радыёкампаній.
Літаратура. Развіваецца на турэцкай мове. Вытокі л-ры ў даісламскім агульнацюрк. фальклоры і пісьмовых помніках (эпас «Агуз-намэ» і інш.). Асн. формы нар. творчасці — ліра-эпічны жанр дастан, 4-радковыя песні «мані», полістрафічныя лірычныя песні «цюркю», прыказкі, каламбуры, анекдоты (пра Хаджу Насрэддзіна і інш.). Вальнадумствам вылучалася творчасць нар. паэтаў Юнуса Эмрэ, Піра Султана Абдала. Першыя пісьмовыя помнікі (13 ст.) мелі рэліг. характар (суфійскія творы Дж.Румі, Султана Веледа, Ашык-пашы). Побач з нар. і суфійскай л-рай узнікла т.зв. прыдворная паэзія, якая адлюстроўвала эстэт. погляды султанскага двара і вышэйшай знаці. Лексіка паэзіі дывана насычана арабізмамі і фарсізмамі, адметная дасканаласцю формы (творы Неджаці, Міхры Хатун, М.Бакы, А.Недыма). Заняпад Асманскай імперыі (з 17 ст.) выклікаў развіццё сатыр. і павучальнай л-ры (творы А.Нефі, Ю.Набі). Ствараліся таксама трактаты, мемуары, кнігі падарожжаў (Эўлія Чэлебі). У 18 ст. ў суфійскай паэзіі вылучылася творчасць Шэйха Галіба (паэма «Прыгажосць і каханне»). У 1830—70-я г. развівалася т.зв. л-ра Танзімату (пісьменнікі і публіцысты І.Шынасі, Зія-паша, Намык Кемаль, Ахмет Мідхат, С.Шэмсецін і інш.), якая мела асветніцкі характар. Наватарскімі пошукамі вылучалася паэзія А.Х.Тархана і М.Э.Рэджаізадэ. У 1890-я г. пры час. «Serveti fünun» («Багацце навук») узнікла літ. група (кіраўнік паэт Тэўфік Фікрэт). У прозе канца 19 — пач. 20 ст. з’явіліся матывы «маленькага чалавека» (заснавальнік рэаліст. рамана Х.З.Ушаклыгіль, Ахмет Хікмет, Х.Р.Гюрпынар, Р.Мехмет). Пасля младатур. рэвалюцыі 1908 у л-ры акрэсліліся 3 кірункі: асманісты (апявалі эпоху асманскіх заваяванняў і распрацоўвалі пераважна інтымныя матывы; Я.К.Беятлы, Ахмет Хашым); панцюркісты (прапагандавалі тэорыі аб’яднання ўсіх цюркаў у міфічную дзяржаву Туран; З.Гёкальп, Х.Э.Адывар, Мехмет Эмін); прыхільнікі нац. кірунку (рэалістычна адлюстроўвалі адсталасць тур. вёскі; Р.Х.Карай, Ака Гюндзюз, А.Сейфеддзін). Гал. тэма л-ры 1920—30-х г. — нац.-вызв. барацьба тур. народа (раманы «Вогненная кашуля» Адывар, «Садом і Гамора» Я.К.Караасманаглу, «Зялёная ноч» Р.Н.Гюнтэкіна, «Зорка Дыкмена» Акі Гюндзюза, «Незалежнасць» Р.Мехмета). Група т.зв. кемалісцкіх пісьменнікаў аддавала перавагу абароне новых ідэалаў чалавека і грамадства, абгрунтоўвала тэзіс класавай гармоніі і «самабытнага шляху» развіцця Т. Пісьменнікі левага кірунку шукалі шляхі да змены парадкаў, папярэджвалі пра пагрозу фашызму. Рэв.-дэмакр. кірунак у л-ры ўзначальвалі Назым Хікмет Ран, Садры Эртэм, Сабахацін Алі, Суад Дэрвіш. Дэмакр. ідэі развівалі паэты т.зв. Трыножніка (Архан Велі Канык, М.Дж.Андай, А.Р.Харазджу). У 1950—70-я г. ў л-ры Т. праявіліся мадэрнісцкія плыні — «другое новае» ў паэзіі і «новыя раманісты» ў прозе; адначасова ўмацаваліся пазіцыі сац. л-ры (п’есы і вершы Назыма Хікмета, раманы Архана Кемаля, Яшара Кемаля, Факіра Байкурта, п’есы Халдуна Танера, сатыр. апавяданні і п’есы Азіза Несіна і інш.), развіваўся «вясковы раман» (Яшар Кемаль, Махмуд Макал, Факір Байкурт і інш.). Празаік Кемаль Тахір зноў вярнуўся да тэмы нац.-вызв. барацьбы (раманы «Людзі паланёнага горада», «Стомлены баец»). У паэзіі сац. і грамадз. матывы распрацоўвалі Ф.Х.Дагларджа, Б.Неджатыгіль, Б.Р.Эюбаглу. У л-ры 1980—90-х г. вядучае месца займалі творы пісьменнікаў Э.Оза, І.Гюнея, Й.Бекіра, Э.Тоя, Д.Акчама, А.Аз’ялчынера і інш. Развіваюцца драматургія і літ.-знаўства. У 1970 створаны Саюз дзеячаў мастацтваў Т. Паасобныя творы Назыма Хікмета, Сабахаціна Алі, Суада Дэрвіша, С.Шырвані на бел. мову перакладалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, У.Дубоўка, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. Т. захаваліся помнікі першабытнага мастацтва, дзяржаў стараж. Усходу (гл.Хеты, Урарту). У М. Азіі развіваліся культуры, што ўваходзілі ў сістэмы эгейскай і элінскай цывілізацый, дзяржаў эпохі элінізму (гл.Эгейскае мастацтва, Эліністычнае мастацтва), Рым. імперыі, Візантыі (царква св. Ірыны ў Стамбуле, 6 ст.). З утварэннем у 12—13 ст. Сельджукскага (Канійскага) султаната склалася маст. культура, што спалучала мясц. малаазійскія культ. традыцыі з іранскімі, іракскімі, арм. і азербайджанскімі. У гарадах узводзілі манум. палацы, караван-сараі, мячэці (Алаадзіна ў Коньі, 1156—1220), медрэсэ з багатым разным дэкорам на партале (Каратай-медрэсэ ў Коньі, 1252), кампактнымі аб’ёмамі, маўзалеі, лазні. З 14 ст. будавалі велічныя крэпасці з высокімі абарончымі вежамі на берагах праліва Басфор, каля Канстанцінопаля (Анадалухісары, канец 14 ст., Румеліхісары, 1452), інтэнсіўна развіваліся гарады (Бурса, Эдырне). Грамадз. і культавыя пабудовы набылі большую відовішчнасць, ускладненасць прасторавых і пластычных эфектаў, у аздобе інтэр’ераў выкарыстоўвалася паліхромная керамічная абліцоўка: мячэць Ешыль-джамі (Зялёная мячэць; 1413—21, дойлід Хаджы Іваз) і маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі (1420—21) у Бурсе, мячэць Уч Шэрэфелі ў Эдырне (1437—47), грамадскія лазні, крытыя базары. У 15—16 ст. у час росквіту асманскай архітэктуры сфарміравалася нац.буд. школа. У гарадах узводзілі вял. комплексы палацавых, гандл., навуч. і інш. збудаванняў. Вылучаецца комплекс султанскага палаца ў Стамбуле (з 18 ст.наз. Тапкапы): павільёны Чынілі-кёшк (Кафельны павільён; 1472), Ерэванскі (1635), Багдадскі (1638), Мустафы-пашы (1704), Меджыдые (1840), б-ка Ахмеда III (1719), кухні, гарэм, парк, сады; цяпер музей. На аснове візант. дойлідства выпрацаваны тып манум. цэнтрычнай купальнай мячэці з 4 высокімі мінарэтамі па вуглах будынка, з багатай керамічнай абліцоўкай інтэр’ера. Станаўленне класічнай тур. архітэктуры звязана з творчасцю Сінана. У 17 ст.грамадз.буд-ва было ў заняпадзе. Культавае дойлідства апіралася на традыцыі 16 ст. (мячэць Ахмеда I, т.зв. Блакітная мячэць, у Стамбуле, 1609—17, дойлід Мехмет-ага). У 18—19 ст. у буд-ве выявілася сувязь з еўрап. стылямі, развіваліся элементы рэтра і эклектычных вырашэнняў. З сярэдзіны 19 ст. пачалося комплекснае планаванне горадабудаўніцтва паводле зах. узораў. Старыя часткі горада (у Стамбуле, Ізміры і інш.) захавалі ўсх. нерэгулярную планіроўку, у новых ствараліся шырокія праспекты, дзелавыя цэнтры з банкамі, офісамі, атэлямі, біржамі. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. архітэктары імкнуліся надаць нац. характар шляхам капіравання форм сельджукскага і асманскага дойлідства (Этнагр. музей у Анкары, 1927; творчасць Кемаледдзіна, Ведата Тэка). Гарады забудоўваліся паводле генпланаў (Анкара і інш.), будавалі ў духу функцыяналізму, неакласіцызму, а таксама ў сучасных стылях (творчасць С.Х.Эльдэма, Э.Аната і інш.). У 2-й пал. 20 ст. створаны рэгіянальны стыль канструктывізму з выкарыстаннем зах. і ўсх. прынцыпаў: маўзалей Кемаля Атацюрка ў Анкары (1944—53, арх. Анат, А.Арда), атэль «Хілтан» (1952, амер. фірма «СОМ» з арх. Эльдэмам), прамысл. банк (1972, арх. М.Хепгюлер) у Стамбуле. У 1925 створана Аб’яднанне тур. архітэктараў у Стамбуле, у 1954 — Саюз палат тур. інжынераў і архітэктараў у Анкары.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 12—13 ст. развіваліся ткацтва, дыванаробства, маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве. У 16 ст. дасягнула росквіту мастацтва мініяцюры, у якім побач з традыцыйным кірункам іранскай мініяцюры сефевідскага перыяду, акрэсліліся самабытныя рысы (рытмізаваныя шматфігурныя сцэны, рэзкія лініі малюнка, яркія лакальныя колеры; Насух, Асман і інш.). Сярод дэкар. мастацтваў вядучае месца займала арх. (пано і фрызы з плітак з падпаліўнай арнаментальнай размалёўкай) і быт. (пасудзіны са шматколернымі рэалістычнымі кветкавымі матывамі) кераміка. У 16—17 ст. росквіту дасягнулі дыванаробства (цэнтр. Ушак; «медальённыя», «зоркавыя» дываны), маст. апрацоўка косці, скуры, металу. У 2-й пал. 17—18 ст. мініяцюра набыла рысы еўрап. жывапісу, узнік жывапіс (Леўні). Значнае развіццё атрымала каліграфія, цесна звязаная з мініяцюрай. Пад еўрап. уплывам у 2-й пал. 19 ст. жывапісцы працавалі ў духу акадэмізму, рэалізму (Асман Хамдзі, С.Сейіт-бей). У пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм (Н.З.Гюран, І.Чалы, Ф.Дуран, Х.А.Ліфіж), праніклі рысы экспрэсіянізму, кубізму і канструктывізму, з 1950-х г. — абстрактнага мастацтва. Для творчасці шэрагу мастакоў 2-й пал. 20 ст. характэрна спалучэнне вопыту навейшых еўрап. плыней з традыц. відамі мастацтва (М.Аслыер, І.Балабан, Н.Берк, Х.Гезер, Дж.Талу). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Нар. песні ў сваёй аснове дыятанічныя, вызначаюцца ладавай разнастайнасцю. Побач з простымі, пераважна цотнымі, метрамі трапляюцца мяшаныя. Песні часцей выконваюцца унісонна з інстр. суправаджэннем. Нар. танцы звязаны з абрадамі, прац. працэсамі, рэліг. культам. Многія з іх суправаджаюцца ігрой на муз. інструментах, часам са спевамі. Сярод муз. інструментаў: балабан, зурна, кавал (духавыя), кеманча, саз (стр.), давул, дэф, дарабука (ударныя). З канца 16 ст. ў Т. пранікае еўрап. музыка, на якую, у сваю чаргу, паўплывала тур. музыка (гл.Янычарская музыка). У развіццё нац.прафес. музыкі значны ўклад зрабілі Бухуры-задэ Мустафа Ітры-эфендзі (2-я пал. 17 ст.), Дз.Кантэмір, Дж.Даніцэці (1-я пал. 19 ст., яго вучні сталі пачынальнікамі тур. кампазітарскай школы). З 19 ст. развіваецца жанр аперэты. Першая тур. аперэта — «Леблебіджы» («Гандляр гарохам») Т.Чухаджана (1875). У 1930—40-я г. вылучыліся нац. кампазітары: А.А.Сайгун, Дж.Р.Рэй, У.Дж.Эркін, Н.К.Аксес, Х.Ф.Алнар. Сярод вядучых музыкантаў Т. 2-й пал. 20 ст.: кампазітары С.Х.Арэль, Н.Кадалы, М.Сун, Б.Тарджан, Ф.Цюзюн, І.Усманбаш; дырыжоры Рэй, Г.Айкал; піяністы І.Бірэт, Д.Сайдам, М.Фенмен; скрыпачы С.Кан, А.Эрдуран; спевакі А.Баран, А.Гюн, А.Манізадэ, М.Чагалы; выканаўца нар. песень З.Мюрэн; даследчыкі фальклору Арэль, Г.Арансай, Сайгун, М.З.Эзгі. У Т. дзейнічаюць: Анкарская дзярж. опера (1949), Стамбульскі дзярж.т-р оперы і балета (1960), Стамбульскае (1946) і Анкарскае (1953) філарманічныя т-вы, Прэзідэнцкі аркестр у Анкары, Стамбульскі (1945) і Ізмірскі (1962) дзярж.сімф. аркестры, Анкарская (1936), Ізмірская (1951) і Стамбульская дзярж. (1973) і Стамбульская муніцыпальная (1923) кансерваторыі. З 1972 штогод праводзіцца міжнар.муз. «Стамбульскі фестываль мастацтваў».
Тэатр. Пачатак развіцця прафес.т-ра Т. ў традыц. формах нар. творчасці — лялечны і ценявы т-ры (карагёз), плошчавыя гульнявыя прадстаўленні (орта оюну), выступленні апавядальнікаў-імправізатараў (меддахаў). У 19 ст. ў Стамбуле гастраліравалі еўрап.тэатр. трупы. У 1869—84 працаваў т-р «Гедык-паша» (кіраўнік А.Вардавян, псеўд. Гюлю Акоп), у рэпертуары якога п’есы тур. пісьменнікаў (А.Мідхат, Н.Кемаль і інш.), сусв. класіка. Першыя тур. акцёры А.Фехім, А.Неджып і інш. У 1879 А.Вефік-паша стварыў т-р у г. Бурса (існаваў 3 гады), у які ўвайшлі і акцёры т-ра «Гедык-паша». На мяжы 19—20 ст. вылучаўся т-р «Тулуат» (Т-р імправізацыі). Пасля 1908 з’явіліся паўпрафес. і аматарскія т-ры. У 1914 у Стамбуле адкрыўся нац.т-р «Дарульбедайі Асмані» (Асманскі храм мастацтва, з 1934 — Гар.т-р), які з 1927 узначальваў М.Эртугрул. Ставіліся п’есы Фарука Нафыза, Бехчэта Кемаля Чаглара, Назыма Хікмета і інш. Пасля 1923 узніклі т-ры ў Анкары, Адане, Ізміры і інш., у 1934 — дзіцячы т-р. Некат. трупы папулярызуюць стараж. мастацтва карагёз і орта оюну. У 1960-я г. павялічылася колькасць прыватных т-раў. У рэпертуары пераважае нац. драматургія, ставяцца п’есы замежных аўтараў. Сярод дзеячаў сцэны: Б.Алчан, Дж.Гёкчэр, М.Джанава, Э.Джэзар, Х.Дармен, В.Забу, І.Кентэр, Г.Суруры, Эркал і інш.Штогод праводзіцца Стамбульскі тэатр. фестываль. У 1993 традыц.т-р ценяў «Карагёз» удзельнічаў у 2-м Міжнар. фестывалі т-раў лялек у Мінску.
Кіно. У 1914 аператар Ф.Узкынай зняў першы дакумент. фільм. З 1915 відавыя і дакумент. фільмы здымала Цэнтр. армейскае ўпраўленне па пытаннях кінематаграфіі. Першыя маст. фільмы — «Пяцярня» і «Лазутчык» (1917, рэж. Седат Сімаві). У 1919—22 кінематаграфіяй кіравала Т-ва дапамогі інвалідам і ветэранам вайны. Сярод пастановак: «Гувернантка» (1919) і «Біназ» (1920, рэж. абодвух А.Фехім), трылогія «Настаўнік Біджан-эфецдзі», «Сон Біджан-эфендзі» і «Эканом Біджан-эфендзі» (1921, рэж. Ш.Карагёзаглу). У 1919 браты К. і Ш. Седэнь стварылі ў Стамбуле першую кінафабрыку па пракаце фільмаў (з 1922 кінастудыя «Кемаль-фільм»). Яе гал.рэж. М.Эртугрул экранізаваў некалькі аперэт, зняў карціны на гіст. і тагачасныя тэмы («Вогненная кашуля», 1923, і інш.), у 1928 ён узначаліў кінафірму «Іпек-фільм», дзе зняў першы гукавы фільм «На вуліцах Стамбула» (1931) і кінааповесць «Нацыя прачынаецца» (1933). У 1950—60-я г. ў кіно Т. распрацоўвалася сац. праблематыка: «Белая хустка», «Чырвоная рака» (1955, 1967, рэж. Л.Акад), «Помста змей» (1962, рэж. М.Эрксан), «Бясконцая дарога» (1965, рэж. Д.Сахыраглу) і інш. Значная з’ява ў кінематографе Т. 1970-х г. — фільмы рэж., акцёра і прадзюсера І.Гюнея: «Надзея» (1970), «Смутак», «Бацька» (абодва 1971), «Неспакой» (1975), «Дарога» (1981, з Ш.Гёрэнам, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і інш. У 1980-я г. кіно Т. выйшла на міжнар. арэну. Найб. значныя фільмы 1990-х г. атрымалі прызы міжнар. і нац. фестываляў: «Бердэль» (1990, рэж. А.Йылмаз), «Piano, piano, свавольнік!» (1991, рэж. Т.Башаран) і «Блакітнае выгнанне» (1992, рэж. Э.Кірал), «Маё дзяцінства» (1993, рэж. М.Юн), «Хамам» («Турэцкая лазня») (1996, рэж. Ф.Азпетэк), «Лодачнік» (1999, рэж. Б.Ільхан). З 1955 развіваецца жанр навук. і навуч. фільмаў. З 1964 штогод праводзяцца нац. кінафестывалі ў Антальі і Адане. У 1975 створаны Ін-т кінематаграфіі і тэлебачання.
Літ.:
Турция: Новые тенденции экон. развития в 80-е гг.М., 1991;
Новичев А.Д. История Турции. Т. 1—3. Л., 1963—73;
Новейшая история Турции. М., 1968;
Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983;
Миллер А.Ф. Турция: Актуальные пробл. новой и новейшей истории. М., 1983;
Гачечиладзе Р.Г. Турция. М., 1983;
Данилов В.И. Политическая борьба в Турции, 50-е—нач. 80-х гг. XX в.: (Политич. партии и армия). М., 1985;
Турция: История и современность: Сб. ст.М., 1988;
Петросян Ю.А. Османская империя: могущество и гибель: Ист. очерки. М., 1990;
Кинросс Л. Расцвет и упадок Османской империи: Пер. с англ.М., 1999;
Алькаева Л., Бабаев А. Турецкая литература: Краткий очерк. М., 1967;
Утургаури С. Турецкая проза 60—70-х гг.М., 1982;
Гусейнов А.А. Турецкое кино. М., 1978.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Дз.У.Івасік (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Турцыі.Да арт.Турцыя. Краявід на Армянскім нагор’і.Да арт.Турцыя. На ўзбярэжжы Эгейскага мора.Да арт.Турцыя. Царква святой Ірыны ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Партал Каратай-медрэсэ ў г. Конья.Да арт.Турцыя. Маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі ў Бурсе.Да арт.Турцыя. Комплекс палаца Тапкапы ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Этнаграфічны музей у Анкары.Да арт.Турцыя. Крэпасць Румеліхісары.Да арт.Турцыя. Мячэць Селіма II у Эдырне. Архітэктар Сінан.Да арт.Турцыя. Дыван. 15 ст.Да арт.Турцыя. Цырыманіяльны трон. 16 ст.Да арт.Турцыя. Насух. Мініяцюра кнігі Сулеймана. 16 ст.Да арт.Турцыя. Каліграфічная кампазіцыя ў выглядзе птушкі. 17 ст.Да арт.Турцыя. Стамбульскі дзяржаўны т-р оперы і балета. Сцэна з аперэты «Цыганскі барон» І.Штрауса.Да арт.Турцыя. Прэзідэнцкі сімфанічны аркестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana), Рэспубліка Батсвана,
(Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia), Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia),
дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНА-ХІМІЧНАЯ СЫРАВІНА.
Па прамысл. запасах калійных солей (каля 10 млрд.т) Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце. Радовішчы калійных солей стратыграфічна звязаны з фаменскай (верхні дэвон) саляноснай фармацыяй. Разведаны 3 асн. радовішчы: Старобінскае, Петрыкаўскае і Акцябрскае. На Старобінскім радовішчы развіты 4 гарызонты, з якіх 2-і і 3-і распрацоўваюць 4 рудаўпраўленні РУП ВА «Беларуськалій». Калійныя солі там сільвінітавыя чырвонакаляровыя, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя. У рудзе да 28% KCl, 5—9,5% нерастваральнага ў вадзе астатку, 0,15—0,3% MgCl2. Запасы калійных солей на 4 шахтавых палях па катэгорыях A + B + C1 2,6 млрд.т і па катэгорыі C2 600 млн.т. У 2002—03 пачата доследна-прамысл. распрацоўка гліністых сільвінітаў 1-га гарызонту і будаўніцтва новага Чырвонаслабодскага рудніка. На Петрыкаўскім радовішчы прамысл. 4-ы гарызонт, глыб. яго залягання 515—1200 м; калійныя солі (сільвініты) бледна-ружовыя і стракатакаляровыя з украпваннямі карналіту. Колькасць KCl дасягае 40%. Руды характарызуюцца адносна высокімі канцэнтрацыямі MgCl2 (1,5—4%) і нізкімі нерастваральнымі астаткамі (0,5—1,5%). Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 2,12 млрд.т. Акцябрскае радовішча папярэдне разведана ў 1993—97. Прамысл. калійныя гарызонты 0-8 і 0-9 складзены з чырвонакаляровых сільвінітаў, якія маюць KCl да 39%, MgCl2 0,12%, нерастваральны астатак 5% і больш. Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 637 млн.т, калійна-магніевых (карналіт) па катэгорыі C2 1,1 млрд.т.
У Прыпяцкім прагіне выяўлены шэраг рудных участкаў: Нежынскі — 5-е шахтавае поле з запасамі калійных солей па катэгорыі C1 1,86 млрд.т і C2 200 млн.т; Смолаўскі — 6-е шахтавае поле з запасамі па катэгорыі C1 900 млн.т і C2 900 млн.т; Капаткевіцкі, Жыткавіцкі, Драздоўскі і інш.
Каменная соль у Прыпяцкім прагіне выяўлена ў 2 саляносных фармацыях: ніжняй (верхнефранскай) і верхняй (сярэдне-верхнефаменскай). Магутнасць ніжняй фармацыі да 1,6 км, верхняй — да 3,5 км і больш, якія пашыраны на пл. больш за 26 тыс.км². Геал. запасы каменнай солі практычна невычарпальныя. Разведаны Давыдаўскае, Старобінскае і Мазырскае радовішчы з агульнымі запасамі больш за 22 млрд.т. Давыдаўскае радовішча (Светлагорскі р-н) мае магутнасць пластоў каменнай солі 2—70 м, з сярэдняй колькасцю NaCl 78,3—99,3%; прамысл. запасы больш за 20 млрд.т (зараз не выкарыстоўваюцца). На Старобінскім радовішчы выяўлена 6 пластоў каменнай солі магутнасцю 4,1—28,2 м і колькасцю NaCl больш за 98%, якія залягаюць на глыб. 361,5—844 м. Прамысл. запасы больш за 750 млн.т. З 1993 на 1-м шахтавым полі распрацоўваецца пласт каменнай солі ў падтоўшчы, ніжэйшай за 2-і калійны гарызонт, дзе штогод здабываецца 350—550 тыс.т (кухонная, кармавая, тэхнічная). Прамысл. запасы Мазырскага радовішча каля 600 млн.т NaCl. На яго базе працуе (з 1982) Мазырскі солевыварны камбінат па тэхналогіі, засн. на падземным растварэнні солі праз свідравіны і яе выпарванні з ачышчанага расолу. Штогадовая вытв-сць кухоннай солі «Палессе» да 360 тыс.т. У Прыпяцкім прагіне ёсць шэраг высокаперспектыўных участкаў (Шастовіцкі, Скрыгалаўскі, Паўд.-Капаткевіцкі, Акцябрскі, Амелькаўшчынскі і інш.) з прагнознымі рэсурсамі 1—6 млрд.т каменнай солі на кожным з іх.
У Беларусі вядомы 2 фасфарытаносныя басейны: Сожскі і Прыпяцкі. Сожскі басейн займае паўд.-ўсх. схіл Аршанскай упадзіны і распасціраецца паза межы рэспублікі ў Смаленскую вобл. Расіі. Фасфарытавыя руды стратыграфічна прымеркаваны да сенаманскага яруса верхняга мелу. Прадукцыйныя кварцава-глаўканітавыя пяскі, у іх ёсць жаўлакі фасфарытаў, пясчана-жаўлаковы матэрыял і зрэдку суцэльная фасфарытавая пліта. Папярэдне разведаны Мсціслаўскае (Мсціслаўскі р-н) і Лабковіцкае (Крычаўскі р-н) радовішчы фасфарытаў. Іх агульныя запасы па катэгорыях C1 + C2 больш за 400 млн.т. Глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Мсціслаўскім радовішчы 5,3—46,3 м, магутнасць у асноўным 1,1—1,8 м; на Лабковіцкім радовішчы адпаведна 20,5—40,8 м і 0,10—3 м. Колькасць P2O5 — 0,9—18,2% па свідравінах і 6—7,6% у падліковых блоках. Здабыча фасфарытавых руд магчыма кар’ерным, шахтавым спосабамі і метадам гідраздабычы праз свідравіны. Руды абодвух радовішчаў прыдатныя для вытв-сці фасфарытнай мукі. Прыпяцкі басейн размешчаны ў межах паўд. схілу Падляска-Брэсцкай упадзіны. Прадукцыйныя глініста-алеўрытавыя палеагенавыя адклады. У 1986—91 выяўлены Арэхаўскае (Драгічынскі р-н) і Прыгранічнае (Маларыцкі р-н) радовішчы. Прадукцыйныя пясчана-жаўлаковыя адклады змяшчаюць каля 39% фасфарытавых жаўлакоў. Запасы руды па катэгорыі C2 больш за 95 млн.т. Сярэдняя глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Арэхаўскім радовішчы 31,7 м. Магутнасць пластоў на абодвух радовішчах 1,58—1,8 м. У рудзе 4,4—9,9% P2O5 на Арэхаўскім, каля 6,43% на Прыгранічным радовішчах.
Э.А.Высоцкі.
Геалагічнае агаленне водна-ледавіковых адкладаў на беразе р. Нарач каля в. Папоўцы Вілейскага раёна.Горная вырабатка (штрэк) на Старобінскім радовішчы калійных солей.Старобінскае радовішча калійных солей. Вываз руды з горнай вырабаткі.Кар’ер «Высокае» па здабычы мелу і мергелю для Беларускага цэментнага завода ў г. Касцюковічы