паадко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адкапаць адно за другім усё, многае або ўсіх, многіх. Паадкопваць рэчы з зямлі. □ Тых жа [гараджан], што асталіся ў горадзе, засынала, пахавала пад сабой цэгла і жалезабетонная арматура — іх нават не было каму паадкопваць. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Складваць рэчы, збіраючыся ў дарогу. [Андрэй:] — Новы дом будзе гатовы праз месяц. Так што, Марына, ужо можна пачаць пакавацца. Шахавец. Пачала [маці] ператрасаць куфэрак, складваць бялізну, пакавацца: дарога ж не маленькая. Якімовіч.

2. Зал. да панаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрывя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прывязаць усіх, многіх або ўсё, многае, прывязаць што‑н. у многіх месцах. Папрывязваць жывёлу ў стойлах. Папрывязваць яблынькі да калкоў. □ Механікі праверылі сваю машыну, а юныя вандроўнікі папрывязвалі ўсе да аднаго свае рэчы. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́суд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Гаспадарчае начынне для прыгатавання і падачы ежы, пітва. Дзед быў рамеснікам: ён рабіў медны посуд для навакольных жыхароў і браў папраўляць рэчы. Бядуля. Марыя збірала са сталоў пакінуты ўчора посуд і насіла на кухню. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

Разм. Прадаць усю сваю маёмасць, свае рэчы; прадаць і тое, што сабе неабходна. Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк. — [Лосік], кажуць, распрадаецца ўжо і едзе на Урал. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улажы́цца, улажуся, уложышся, уложыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ў што‑н. Усе рэчы ўлажыліся ў чамадан.

2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. за пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызвачанага. Улажыцца ў рэгламент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́пстрыкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Дробныя рэчы дамашняга скарбу. Апроч таго, тут абжыліся, На ногі трохі падняліся; Яшчэ б гадочак пажыць ціха, Але найгоршае тут ліха — Збірай зноў цапстрыкі, трасіся Па каранях з дабром, з сям’ёю, У саму бездараж вясною. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самнамбулі́зм

(фр. somnambulisme, ад лац. somnus = сон + ambulare = хадзіць)

разлад свядомасці, калі чалавек у стане сну аўтаматычна выконвае звычайныя дзеянні (ходзіць, перакладвае рэчы і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ СКАРБ.

Знойдзены ў Брэсце ў 1834. Складаўся з сярэбраных чары і 2 кавалкаў лому, 470 медных солідаў 1659—66 і 87 сярэбраных манет 2-й пал. 17 ст. Рэчы Паспалітай, Прусіі, Саксоніі. Скарб ухаваны ў канцы 17 ст. 39 сярэбраных манет са скарбу захоўваюцца ў Эрмітажы.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)