СХАЛА́СТЫКА (лац. scholastica ад грэч. scholasticos школьны),
сярэдневяковая філасофія, прадстаўнікі якой імкнуліся да тэарэт. абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. Найб. развіццё мела ў Зах. Еўропе. Схаласты імкнуліся ўмацаваць хрысціянства шляхам навук. абгрунтавання рэліг. светапогляду — сінтэзу асн. ідэй сусв. філасофіі і інтэрпрэтацыі іх зместу паводле канонаў хрысц. дагматыкі. Яны сцвярджалі, што пастулаты веры даступныя розуму і падтрымліваюцца лагічнымі доказамі. У межах С. абмяркоўваліся праблемы рэальнага быцця, суадносін мыслення і рэчаіснасці, агульных паняццяў (універсалій) і іх прыроды анталагічнага і гнасеалагічнага статуса. У аснову С. пакладзены вучэнні ант. мысліцеляў Платона, Арыстоцеля, араб. філосафаў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. У эвалюцыі С. вылучаюць 3 перыяды: ранні, «класічны» і позні.
Ранняя С. (11—12 ст.; П.Абеляр, Гільём з Шампо, І.Расцэлін і інш.) развівалася пад уплывам неаплатанізму, у яе межах у т.зв. «спрэчцы пра універсаліі» вылучыліся 3 кірункі: рэалізм, наміналізм, канцэптуалізм. «Класічная» С. (12—13 ст.) знаходзілася пад уплывам філасофіі Арыстоцеля. Развівалася ў сярэдневяковых ун-тах; яе цэнтр — Парыжскі ун-т. У «класічнай» С. вылучыліся «артадаксальны» кірунак, які пры дапамозе анталогіі Арыстоцеля абгрунтоўваў існаванне душы (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) і «ератычны» (авераізм), які адмаўляў асабістую душу і сцвярджаў, што існуе толькі адзіная безасабовая душа. Позняя С. (13—14 ст.; І.Дунс Скот, У.Окам і інш.) характарызуецца адыходам ад рацыяналізму ў абгрунтаванні рэліг. светапогляду, валюнтарызмам, крытыкай вучэння Фамы Аквінскага, прызнаннем супярэчнасці паміж рэліг. і рацыянальным пазнаннем (тэорыя дваістасці ісціны). У эпоху Адраджэння С. перажывае крызіс. Новы ўздым С. адбыўся ў часы Контррэфармацыі, гал. чынам у Іспаніі (Ф. дэ Віторыя, Ф.Суарэс, Г.Васкес, М.Маліна і інш.). У эпоху Асветніцтва ідэі С. трацяць свае пазіцыі. Аднаўленне схаластычных традыцый рацыянальнага абгрунтавання рэліг. ісцін з канца 19 ст. звязана з філасофіяй неатамізму.
Літ.:
Время, истина, субстанция: от антич. рациональности к средневековой. М., 1991;
Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Кн. 2. СПб., 1994;
Абеляр П. Теологические трактаты: Пер. с лат. М., 1995;
Неретина С.С. Верующий разум: К истории средневековой философии. Архангельск, 1995;
Коплстон Ф.Ч. История средневековой философии: Пер. с англ. М., 1997;
Антология философии Средних веков и эпохи Возрождения. М., 2001.
В.І.Боўш.
т. 15, с. 304