абся́г, ‑у, м.
1. Прастора, якую можна акінуць, ахапіць вокам; абшар; далягляд. Адсюль, з пагорка, перад чалавекам раскрываецца ўвесь абсяг. Даніленка. Палікар Сцяпанавіч, як сядзеў, адразу ўспомніў учарашні абсяг палёў навокал. Грамовіч.
2. перан. Сфера, галіна дзейнасці каго‑, чаго‑н. Увесь абсяг маіх інтарэсаў у асноўным абмяжоўваўся пытаннямі культуры. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтэліге́нцыя, ‑і, ж.
Грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай, пераважна складанай творчай працай, развіццём і распаўсюджаннем культуры. Савецкая інтэлігенцыя. Народная інтэлігенцыя. // зб. Людзі, якія належаць да гэтага сацыяльнага слоя; інтэлігенты. Тэхнічная інтэлігенцыя. Сельская інтэлігенцыя. □ У той час, калі сябры купаліся, на ганку фельчарскага пункта сядзеў гурток панямонскай інтэлігенцыі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паскара́льнік, ‑а, м.
1. Спец. Прыстасаванне для павелічэння хуткасці руху, працэсу. Пускавы паскаральнік. Пнеўматычны паскаральнік.
2. Рэчыва, якое паскарае некаторыя працэсы.
3. перан. Тое, што дапамагае руху наперад, паскарае развіццё чаго‑н. Далучэнне працоўных мас да скарбніц культуры, літаратуры і мастацтва з’яўляецца магутным паскаральнікам пры выпрацоўцы высокай камуністычнай свядомасці. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэстаўра́цыя, ‑і, ж.
1. Аднаўленне і ўмацаванне старых ці пашкоджаных помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры. Рэстаўрацыя карціны. Рэстаўрацыя замка. □ Завершана рэстаўрацыя помніка старажытнарускай архітэктуры — Камянецкай абарончай вежы. «ЛіМ». Наша дзяржава асігнуе вялікія сродкі на даследаванне, рамонт, рэстаўрацыю і кансервацыю архітэктурных помнікаў. «Помнікі».
2. Аднаўленне ранейшага, звергнутага палітычнага ладу. Рэстаўрацыя капіталізму.
[Лац. restauratio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цывіліза́цыя, ‑і, ж.
1. Узровень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры, дасягнуты якой‑н. грамадскай фармацыяй. Антычная цывілізацыя. Сучасная цывілізацыя. □ [Касовіч] хацеў адшукаць вытокі элінскай цывілізацыі. «Маладосць».
2. Культура, прагрэс, асвета. Кожны чацвёрты жыхар .. [Беларусі] заплаціў сваім жыццём за нашу перамогу [у Вялікай Айчыннай вайне], за выратаванне цывілізацыі. Бугаёў.
3. Спец. Ступень грамадскага развіцця, наступная пасля варварства.
[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпале́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шпалеры, шпалераў (у 1, 2 знач.), прызначаны для шпалераў. Шпалерная фабрыка. // Які з’яўляецца шпалерай, шпалерамі. Шпалерны дыван. Шпалерная папера.
2. Звязаны з вырошчваннем сельскагаспадарчых і садовых культур пры дапамозе шпалераў (у 3 знач.). Шпалернае садаводства. // Які вырошчваецца пры дапамозе шпалераў. Шпалерныя культуры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эліта́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны, належыць да эліты (у 2 знач.). Элітарная адукацыя.
2. Звязаны з буржуазнымі тэорыямі аб натуральным дзяленні грамадства на выбраную меншасць, прызваную займаць у ім пануючае становішча, і масу народа. Элітарныя ідэі.
•••
Элітарная культура — культура для выбраных, якая супрацьпастаўляецца буржуазнымі ідэолагамі т. зв. масавай культуры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акультура́цыя
(англ. acculturation, ад лац. аd = да + cultura = асвета, развіццё)
працэс узаемаўплыву культур, успрымання адным народам культуры іншага народа.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
негрыцю́д
(фр. nègritude, ад лац. niger = чорны)
сістэма нацыянальных поглядаў, якая прапагандуе ідэю перавагі негрыцянскай культуры і яе носьбітаў над культурай белай расы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І УНІВЕРСА́ЛЬНАЕ ў мастацкай культуры,
дыялектычнае адзінства нацыянальнай самабытнасці і агульналюдскіх духоўных каштоўнасцей у маст. культуры розных народаў і рэгіёнаў. Склалася ў працэсе гіст. развіцця нацый ва ўмовах міжнар. кантактаў, эканам., паліт. і духоўна-творчага ўзаемадзеяння. Нац. самабытнасць глыбока выявілася ў фальклоры, традыц. культуры, мове, выяўл. сродках, каларыце, тыпажы, інтанацыі. Універсалізм дамінуе на ўзроўнях маст. архетыпаў, сюжэтных схем, матываў і эпахальных стыляў.
Праблема гарманічнага спалучэння Н. і у. ўзнікла ля вытокаў хрысц. цывілізацыі. у рэчышчы якой адбывалася паступовае пераадольванне палярызацыі «сваіх» і «чужых», «выбранага народу» і «варвараў». Арганізаваная ў дзяржаву нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да культ. здабыткаў інш. народаў. Пазітыўная плённасць іншанац. уплываў абмяжоўваецца крайнімі пунктамі: па-за межамі аднаго з іх — недастатковасць іншанац. уздзеянняў, што вядзе да ізаляцыі і застою, па-за межамі другога пункта — празмернасць іншанац. уплываў, якая вядзе да разбурэння нац. культуры, яе выпадзення з кантэксту універсальнай культуры. Аптымальная палітыка ў сферы міжнац. сувязей заключаецца ў гарманізацыі нац. асновы і універсальных кампанентах культуры.
На Беларусі суадносіны Н. і у. ў культуры мяняліся на розных этапах яе развіцця. У 10—13 ст. культура развівалася пад уплывам візант. тыпу хрысц. цывілізацыі, выявіла спецыфічныя для ўсходнеслав. рэгіёна асаблівасці. У 14—18 ст. адбываўся сінтэз нац. традыцыі і еўрап. маст. уплываў, сфарміраваліся рэгіянальныя разнавіднасці стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. У 19—20 ст. адраджэнне бел. маст. культуры адбывалася на аснове нац. традыцый і выкарыстання вопыту сусв. класічнай культуры (гл. Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцьці і культуры // Мастацтва. 1995. № 6—7.
У.М.Конан.
т. 11, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)