РЫБО́ЗА,

монацукрыд з групы альдапентоз, C5H10O5. Існуе ў выглядзе аптычна актыўных D- і L-формах. Уваходзіць у састаў рыбануклеінавых к-т, нуклеатыдаў, нуклеазідаў, некат. каферментаў, бактэрыяльных поліцукрыдаў, вітаміну B12.

Бясколерны парашок, добра раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў эфіры. Пры ўзнаўленні Р. ўтвараецца 5-атамны спірт рыбітол, які ўваходзіць у састаў рыбафлавіну і некат. каферментаў. Свабодная Р., што ёсць у ежы, не засвойваецца арганізмам чалавека і большасці млекакормячых. Манафосфарны эфір Р.-5-фасфат з’яўляецца прамежкавым прадуктам пентозафасфатнага цыкла абмену вугляводаў, сінтэзуецца ў цытаплазме жывёльных клетак і выкарыстоўваецца ў сінтэзе нуклеатыдаў. У раслінах Р.-5-фасфат удзельнічае ў рэакцыях фотасінтэзу.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карыяга́мія

(ад карыя- + -гамія)

зліццё ядзер мужчынскіх і жаночых палавых клетак (гамет) у ядро зіготы ў працэсе апладнення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

красво́рд

(англ. cross-word)

задача-гульня, у якой фігуру з перакрыжаванымі радамі клетак трэба запоўніць адзіна магчымымі словамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дысеміна́цыя

(лац. disseminatio = рассейванне)

распаўсюджанне мікробаў або пухлінных клетак з першаснага ачага па крывяносных і лімфатычных сасудах арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мезакарыёты

(н.-лац. mesocaryota)

арганізмы, якія па тыпу арганізацыі ядра і клетак з’яўляюцца прамежкавымі паміж пракарыётамі і эўкарыётамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

базафілі́я

(ад гр. basis = аснова + -філія)

здольнасць клетак і тканак жывёлы або расліны афарбоўвацца асноўнымі фарбавальнікамі (параўн. ацыдафілія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гісто́ны

(ад гр. histos = тканка)

група простых бялкоў (пратэінаў), якія змяшчаюцца ў ядрах большасці клетак жывёл і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

апагамі́я

(ад апа- + -гамія)

развіццё зародка з клетак зарастка або зародкавага мяшка ў некаторых кветкавых раслін і папарацей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аксо́н

(гр. akson = вось)

адростак нервовай клеткі (нейрона), які праводзіць нервовы імпульс да органаў і іншых нервовых клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)