О́КЛЕНД (Auckland),
горад у Новай Зеландыі, на Паўн. в-ве. Знаходзіцца на перашыйку, які злучае п-аў Окленд з асн. часткай Паўн. в-ва. Засн. ў 1840. 910,2 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1998). Буйнейшы марскі порт у зал. Хаўракі Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Асн. прамысл. цэнтр краіны (каля 1/3 прамысл. прадукцыі краіны). Прам-сць: маш,буд., у т. л. трансп., с.-г., эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая, гал. чынам малочная і мясная. Ун-т (з 1882). Галерэя мастацтваў. Музей маарыйскага мастацтва.
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАНДРЭ́У (Papandreu) Андрэас (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу, унук З.Мінейкі. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТСМУЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1905.
Завяршыў руска-японскую вайну 1904—05. Падпісаны 5 вер. ў Портсмуце (ЗША) старшынёй кабінета міністраў Расіі С.Ю.Вітэ і міністрам замежных спраў Японіі Д.Камура пры пасрэдніцтве прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Паводле дагавора Расія ўступала Японіі арэндныя правы на Ляадунскі п-аў з гарадамі Порт-Артур і Дальні, Паўд.-маньчжурскую чыгунку ад Порт-Артура да Чанчуня; паўд. ч. в-ва Сахалін (да 50-й паралелі), Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Бакі абавязаліся вывесці свае войскі з Маньчжурыі, Расія згаджалася заключыць з Японіяй канвенцыю па рыбнай лоўлі.
т. 12, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МА (стараж.-інд. цёмны),
у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнай гал. аб’ект культу. Паводле стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.
т. 13, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАВІ́НЫ, склавы, славіны,
адзін са стараж. славянскіх саюзаў плямён. Упамінаюцца гоцкім гісторыкам Іарданам (6 ст.) і ў візант. крыніцах разам з іх слав. суседзямі пад назвай анты. Магчыма, гэтыя два народы паходзяць ад венедаў, вядомых у больш ранніх антычных працах. С. з антамі жылі на Сярэднім і Ніжнім Дунаі 1 на прылеглых тэрыторыях, у 6—7 ст. засялялі Балканскі п-аў, у т. л. тэр. сучасных Балгарыі, Славакіі, Паўн. Грэцыі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй і інш. У саюзе з інш. слав. плямёнамі вялі войны супраць Візантыйскай імперыі і качэўнікаў.
Л.Д.Побаль.
т. 14, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЕЙМА́Н I КАНУНІ́ (Süleyman I Kanunî), Сулейман Заканадавец (у еўрап. л-ры — Сулейман Пышны, Вялікі; 27.4.1495—6.9.1566),
турэцкі султан [1520—66]. Вёў заваёўніцкую палітыку, пры ім Асманская імперыя дасягнула найб. магутнасці. Пад яго кіраўніцтвам тур. армія ў 1521 узяла Бялград, разбіла венграў у Мохацкай бітве 1526, у выніку якой б.ч. Венгрыі далучана да Асманскай імперыі. У 1530-я г. ім заваяваны Ірак, в-аў Родас, Трыпалітанія, Алжыр, вёў войны з Іранам за авалоданне Закаўказзем. Пры ім складзены збор законаў (кануннаме). Значную частку багаццяў траціў на будаўніцтва палацаў, культавых збудаванняў і інш.
т. 15, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЁТО́МІ Хідэёсі (1536—15.9.1598),
японскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Напачатку паплечнік палкаводца Н.Ода ў войнах за аб’яднанне Японіі. Пасля смерці Ода ў 1582 сканцэнтраваў у сваіх руках усю дзярж. ўладу, застаючыся фармальна канцлерам (кампаку). Завяршыў аб’яднанне Японіі, падпарадкаваўшы ў 1587 в-аў Кюсю, у 1590 — паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю. Рабіў захады па замацаванні прывілеяванага становішча самураяў. Правёў шэраг мерапрыемстваў па рэстаўрацыі прыгонніцтва. Праводзіў агрэсіўную знешнюю палітыку, вёў вайну супраць Карэі, але пацярпеў паражэнне (гл. Імдзінская вайна 1592—98).
Літ.:
Искендеров А.А.Тоётоми Хидэёси. М., 1984.
т. 15, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ЛЕС (Wallace) Алфрэд Расел (8.1.1823, Аск, графства Монмутшыр, Вялікабрытанія — 7.11.1913),
англійскі прыродазнавец; адзін са стваральнікаў тэорыі натуральнага адбору (адначасова з Ч.Дарвінам) і заснавальнікаў зоагеаграфіі. У 1848—52 разам з Г.У.Бейтсам даследаваў берагі рэк Амазонка і Рыо-Негра, у 1854—62 — Малайскі архіпелаг, дзе сабраў больш за 125 тыс. заал., бат. і геал. узораў, правёў антрапал. даследаванні, склаў слоўнікі 75 дыялектаў. Удакладніў, што па Малайскім архіпелагу праходзіць мяжа («лінія У.»), якая вылучае зоагеаграфічна в-аў Сулавесі ад інш. астравоў архіпелага. Навук. працы па заалогіі, біягеаграфіі, геалогіі, антрапалогіі, этнаграфіі.
т. 16, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСКІМО́СЫ,
этнічная супольнасць, група народаў Арктыкі: на Алясцы (ЗША, 38 тыс. чал.) і ў Паўн. Канадзе (28 тыс. чал.; саманазва ў Амерыцы інуіт), Даніі (в-аў Грэнландыя, саманазва каладліт, 47 тыс. чал.) і Рас. Федэрацыі (Чукоцкая аўт. акруга Магаданскай вобл., 1,5 тыс. чал.; саманазва юпігыт, югыт — «сапраўдныя людзі»). Агульная колькасць 115 тыс. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Гавораць на эскімоскай мове. Гал. традыцыйны занятак — паляванне на марскога звера, займаюцца таксама рыбалоўствам, збіральніцтвам, паляваннем у тундры. Э. захоўваюць традыц. вераванні, шаманізм, ёсць хрысціяне.
т. 18, кн. 1, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дагеста́нцы, ‑аў; адз. дагестанец, ‑нца, м.; дагестанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. дагестанкі, ‑нак; ж.
Насельніцтва Дагестанскай АССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)