БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобл., на мяжы з Валынскай вобласцю Украіны, за 30 км на ПдЗ ад г. Драгічын. Пл. 5,2 км², даўж. 3,48 км, найб. шыр. 2,78 км, найб. глыб. 11,6 м, даўж. берагавой лініі 11 км. Пл. вадазбору 107 км².

Схілы катлавіны спадзістыя, выш. да 3 м, пад мяшаным лесам. Вакол возера невял. пясчаныя ўзгоркі. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапель. На паўд. плёсе — востраў. Упадае канал на ПдЗ з воз. Валянскае, на Пн выцякае Белаазерскі, на ПнУ — Жыроўскі каналы (злучаюць возера з Дняпроўска-Бугскім каналам).

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 14 км на ПдУ ад г. Бяроза, каля г. Белаазерск. Пл. 5,06 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,9 м. Пл. вадазбору 43 км².

Катлавіна круглаватая, выцягнутая з ПнЗ на ПнУ; схілы спадзістыя, пясчаныя, месцамі пад лесам; берагі забалочаныя. Дно плоскае, глеістае. Зарастае. Уздоўж берагоў палосы трыснягу, чароту, рдзестаў. Упадаюць 4 канавы, сцёк праз канаву ў Ясельду. Выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Бярозаўскай ДРЭС і эксперым. база па развядзенні крэветак. Уваходзіць у зону адпачынку Белаазерскае.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА, Бельскае возера,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны, у міжрэччы рэк Выдрыца і Ладасна, за 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 1,52 км², даўж. 2,12 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі 6,65 км. Пл. вадазбору 20,5 км².

Схілы катлавіны выш. 6—9 м, на Пн да 16 м. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд сплавінныя. Мелкаводдзе спадзістае, дно плоскае, уздоўж берага пясчанае. Бяссцёкавае. Зарастае ўздоўж берагоў, паласа расліннасці ад 25 да 100 м.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 16 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 1,49 км², даўж. 6,17 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 12,4 м, даўж. берагавой лініі 14,5 км. Пл. вадазбору 13 км².

Схілы катлавіны на З выш. да 20 м, стромкія, на У да 3 м. Берагі зліваюцца са схіламі, паўн. і паўд. забалочаныя. Дно пясчанае, глыбей за 4 м глеістае. Зарастае да глыб. 4 м. Упадаюць 3 ручаі. Выцякае ручай у воз. Астровенскае.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАТУ́Н (Сымон Ціханавіч) (10.5.1937,в. Кавака Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 3.4.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1959). Працаваў журналістам. Друкаваўся з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), паэмы «Барвянае ляда» (1970), прысвечанай памяці ахвяр Хатыні. Рамантычная ўзнёсласць, шчырасць, задушэўнасць, аптыміст. роздум пра месца чалавека ў жыцці — асн. рысы паэзіі Блатуна. Гумарэскі, сатыр. мініяцюры склалі зб. «Калючая шаткаванка» (1971).

Тв.:

Чысціня: Лірыка;

Гумар;

Пераклады. Мн., 1979.

Літ.:

Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978. С. 146—148;

Макарэвіч В. Трывалае карэнне // Полымя. 1980. № 10.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР (Васіль Канстанцінавіч) (1.12.1889, в. Баршчынка Яраслаўскай вобл., Расія — 9.11.1938),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1917 у Чырв. гвардыі. У 1919 камандаваў 51-й дывізіяй у баях супраць Калчака, у 1920 — пры абароне Кахоўскага плацдарма і штурме Перакопа. У 1921—22 галоўнакамандуючы, ваен. міністр і старшыня Ваен. савета Далёкаўсходняй рэспублікі. Пасля грамадз. вайны нач. Ленінградскага ўмацаванага раёна, камандуючы войскамі Укр. ваен. акругі. З 1929 камандуючы Далёкаўсх.: арміяй. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУН (Ян Антонавіч) (н. 1.5.1934, в. Сцяпуры Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1967 у Бел. філіяле энергет. ін-та імя Г.​М.​Кржыжаноўскага, з 1976 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне цеплаэнергетыкі, гідрадынамікі і цепламасаабмену ў дысперсных асяроддзях. Распрацаваў і ўкараніў у вытв-сць метад пульсуючага слоя дысперсных матэрыялаў.

Тв.:

Гидродинамические закономерности существования пульсирующего слоя // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1994. № 3—4.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛАТАЎ (Андрэй Цімафеевіч) (18.10.1738, в. Дваранінава Тульскай вобл., Расія — 16.10.1833),

рускі аграном, раслінавод і пісьменнік. Яго праца «Пра падзел палёў» (1771) — першы дапаможнік па ўвядзенні севазваротаў і арганізацыі с.-г. тэрыторый. Распрацаваў памалагічную сістэму і апісаў больш за 600 сартоў яблынь і груш. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі мінер. жыўлення раслін (1780—84). Склаў першы рус. дапаможнік па марфалогіі і сістэматыцы раслін «Дапаможнік пры пазнанні лекавых раслін» (1781). Распрацаваў прынцыпы лесаразвядзення і лесакарыстання. Аўтар літ. твораў, у т. л. аўтабіягр. запіскі «Жыццё і прыгоды А.​Болатава... (1738—1793)».

А.Ц.Болатаў.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛНЫРА, Болнара,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 40 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 2,7 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 64,6 км².

Схілы катлавіны амаль не выражаны, берагі нізкія, забалочаныя, парослыя лесам. Дно плоскае, глеістае. Расліннасць утварае паласу шыр. да 150 м. Вакол возера паласа балот шыр. да 3 км. Праз возера працякае р. Дражбітка, сцёк па канаве ў р. Свіна.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)