АРЛО́Ў (Аляксей Рыгоравіч) (5.10.1737, с. Любліна Цвярской вобл. — 5.1.1808),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Ген.-аншэф (1769), граф (1762). Брат Р.Р.Арлова. Адзін з гал. удзельнікаў дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У званні сяржанта атрымаў чын ген.-маёра (1762), аказваў вял. ўплыў на дзярж. справы. З 1769 камандаваў рас. эскадрай у Міжземным моры. За перамогі над турэцкім флотам каля Наварына і ў Чэсменскім баі 1770 атрымаў тытул Чэсменскага. З 1775 у адстаўцы. У маёнтках Арлова выведзена арлоўская рысістая парода верхавых коней.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік рус. архітэктуры. Засн. ў канцы 14 ст., пабудаваны ў 1-й пал. 16 ст. ў пас. Барысаглебск каля г. Растоў (Яраслаўская вобл.). Вакол цэнтр. прамавугольнай плошчы — сабор Барыса і Глеба (1522—24, прыпісваецца арх. Р.​Барысаву), трапезная (з царквой Благавешчання; 1524—26, арх. Барысаў; перабудавана ў 17 ст.), келлі (16 ст.), званіца (1680). Манастыр абкружаны сценамі з 14 вежамі і 2 цэрквамі 17 ст. Прамавугольныя ў плане сцены з сіметрычна пастаўленымі брамамі і вежамі надаюць ансамблю рысы рэгулярнасці, а свабоднае размяшчэнне багатых пабудоў — жывапісны выгляд.

Брама Барысаглебскага манастыра.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎШЧЫНСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1854—81 у маёнтку Барысаўшчына паблізу в. Чарняўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Працаваў на пакладах мясц. балотных рудаў. У 1863 дзейнічалі 4 паравыя машыны, домна, у 1868 — 3 домны, пудлінгавая печ, вагранка, 2 крычныя горны. Вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае), у 1863—72 — адліўкі, машыны, у т. л. паравыя. Працавала 437 чал., выплаўлялася да 120 тыс. пудоў чыгуну (1867), штогод выраблялася па 20—72 тыс. пудоў сталі і жалеза. На Усерасійскай выстаўцы (Масква, 1870) прадукцыя адзначана бронзавым медалём.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.​Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙКА (Аркадзь Аляксандравіч) (26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.

А.А.Барэйка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),

дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.

Баскет.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АН СССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз. хім. навук АН СССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Сборник избранных трудов. Л., 1937.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШТАВО́Й (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1980 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.

Тв.:

Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, А.​Н.​Вісловічам).

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².

Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 у в. Белагруда (Лідскі р-н Гродзенскай вобл.), на высокім беразе р. Дзітва. 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і 5-граннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Сіметрыя гал. фасада вылучана высокім арачным парталам уваходу, галерэяй і акном-ружай над ім. З цэглы вымураваны лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы, профілі і раскрапоўкі. Аркі і люнеты ў інтэр’еры ўпрыгожаны фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. У завяршэнні нефа манументальны на высокім цокалі 2-ярусны шматкалонны алтар у стылі неакласіцызму, над уваходам хоры.

Белагрудскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)