БУ́ШЧЫК (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 22.5.1948, в. Дзераўная Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—81 выкладчык БПІ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны («Які прыгожы гэты свет», 1976; «Узыходжанне» і «Трынаццаць», 1992), партрэта (Флора Дуднік, 1986, М.​А.​Каралькоў, 1995), пейзажа («Вечар у вёсцы», 1978, «Прастора», 1990, «Тумановы ранак», 1994) і інш. Дамінуючымі ў творчасці з’яўляюцца адвечныя пытанні філасофіі быцця, унутраны свет чалавека («Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай», 1995, і ІНШ.).

Н.​В.​Федасеенка.

М.Бушчык. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай. 1995.

т. 3, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ (Леанід Фёдаравіч) (12.12.1928, г.п. Чаркаскае Данецкай вобл., Украіна — 11.4.1979),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Украіны (1974). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1951). Да 1960 працаваў у Харкаўскім т-ры імя Т.​Шаўчэнкі. У кіно з 1952: «Лёс Марыны», «Максім Перапяліца», «Дарагі мой чалавек», «Добраахвотнікі» і інш. Яго мастацтва адметнае лірызмам, мяккім гумарам. Сярод рэжысёрскіх работ: «У бой ідуць адны «старыя» (і роля Цітарэнкі, 1974), «Аты-баты, ішлі салдаты...» (і роля Святкіна, 1977; за абедзве Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1977). Пра Быкава зняты фільм «...Якога любілі ўсе» (1982).

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́СТРАЯ,

рака ў Беларусі, у Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 688 км². Пачынаецца за 5 км на У ад в. Быстрая Горацкага р-на, вусце каля в. Дрыбін. Асн. прытокі: Рамясцвянка (злева), Дняпрэц, Лебядзёўка, Каліноўка, Жалезня (справа). Цячэ пераважна па Горацка-Мсціслаўскай раўніне.

Даліна трапецападобная, шыр. 800 м — 1 км. Пойма месцамі двухбаковая, шыр. 200—250 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—15 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. 6 км рэчышча ў верхнім цячэнні каналізавана.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́Н (Уладзімір Якаўлевіч) (1.1.1929, в. Сакі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.6.1989),

бел. філосаф, журналіст. Канд. філас. н. (1977). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). Працаваў у рэдакцыях раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», на Бел. радыё. З 1979 у Ін-це філасофіі і права АН БССР. Аўтар работ па гісторыі і крытыцы сіянізму і масонства.

Тв.:

Ползучая контрреволюция: Сионизм. Мн., 1974;

Вторжение без оружия. 3-е изд., испр. и доп. Мн., 1980;

Рассказы о «детях вдовы». 2-е изд., доп. Мн., 1986.

А.​І.​Валахановіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДА́ (Леанід Ігнатавіч) (16.8.1920, с. Новапакроўка Кустанайскай вобл., Казахстан — 26.12.1976),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1972), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Засл. ваен. лётчык СССР (1971). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваенна-паветр. акадэмію (1950), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, аперацый ва Усх. Прусіі і Польшчы. Зрабіў 214 баявых вылетаў. Пасля вайны камандаваў авіяц. палком, дывізіяй, авіяцыяй БВА. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1958—62, 1974—76. Загінуў у аўтакатастрофе разам з Ф.А.Сурганавым.

Л.І.Бяда.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ЦКІ (Аляксей Віктаравіч) (1841, г. Кірылаў Валагодскай вобл., Расія — 1907),

дзеяч асветы, гісторык. Скончыў С.-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1865). З 1879 у Віленскай навуч. акрузе: настаўнік рус. мовы, дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі, нам. папячыцеля акругі. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях педагогікі і нар. асветы. Вывучаў асновы арганізацыі вучобы ў навук. установах піяраў, езуітаў і інш. манаскіх ордэнаў на Беларусі, аналізаваў дзейнасць школ Віцебскай і Магілёўскай губ. у канцы 18 — пач. 19 ст. Стаяў на вялікадзярж. пазіцыях, не прызнаваў самастойнасці бел. нацыі і яе культуры.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́ННІК (Пётр Сяргеевіч) (н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.​С.​Корзун, Л.​У.​Бабіч), група ў в. Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.​А.​Марозаў, У.​В.​Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в. Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Аляксей Андрэевіч) (24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),

савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АН СССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССР па паразіталогіі.

Тв.:

Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;

Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Павел Іванавіч) (26.6.1925, с. Чэлішчава Тацемскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 10.1.1970),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1965), лётчык-касманаўт СССР (1965). Скончыў Ейскае авіявучылішча марскіх лётчыкаў-знішчальнікаў (1945), Ваенна-паветр. акадэмію (цяпер імя Ю.​А.​Гагарына, 1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з А.А.Лявонавым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Узыход-2». У час палёту кіраваў выхадам Лявонава ў космас (упершыню ў свеце). Пры пасадцы выкарыстаў сістэму ручнога кіравання. Працягласць палёту 2,08 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)