«РО́ДНЫ КРАЙ»,

газета, якая выдавалася Цэнтр. бел. радай Гродзеншчыны з 22.6 да 10.7.1919 у Гродне на бел. мове. Адлюстроўвала пазіцыі бел. эсэраў. Вызначальныя ў газеце — незалежніцкія матывы. Дамагалася бел. дзяржаўнасці, свабоды ад усякага ціску звонку, апелявала да патрыят. пачуццяў насельніцтва, якія павінны яднаць яго дзеля супраціўлення акупацыі. Пратэставала супраць паланізатарскіх акцый польскіх улад. Патрабавала стварэння бел. войска, развіцця бел. школьніцтва, т-ра. Пісала пра заключэнне міру ў Версалі, пра заснаванне ў Гродне Грамады бел. моладзі, яе культ.-асветную праграму Публікавала гіст. матэрыялы, вершы і прозу мясц. аўтараў. У газеце друкаваліся пад псеўданімамі Б.​Тарашкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мядзёлка. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНШЭЙН (Давід Іосіфавіч) (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.

Э.​Р.​Іофе.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗІНГ (Барыс Львовіч) (5.5.1869, С.-Пецярбург — 20.4.1933),

расійскі фізік і вынаходнік, заснавальнік электроннага тэлебачання. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1891). У 1894—1918 і з 1924 у ВНУ Ленінграда, з 1931 у Архангельскім лесатэхн. ін-це. Адначасова з 1924 у Ленінградскай эксперым. эл.-тэхн. лабараторыі, у 1928—31 у Цэнтр. лабараторыі правадной сувязі. Навук. працы па электрадынаміцы і радыёфізіцы. Вынайшаў першую электронную сістэму стварэння і перадачы тэлевізійнага відарыса (1907), дзе выкарыстаў электронна-прамянёвую трубку і безынерацыйны фотаэлемент. Здзейсніў перадачу тэлевізійнага відарыса на адлегласць і прадэманстраваў яго прыём (1911). Стварыў больш за 120 розных схем і сістэм тэлевізійнай апаратуры.

Літ.:

Горохов П.К. Б.​Л.​Розинг — основоположник электронного телевидения. М., 1964.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ,

апазіцыйны паліт. рух у асяроддзі партуг. афіцэраў, які падрыхтаваў і ажыццявіў Партугальскую рэвалюцыю 1974. Узнік у вер. 1973 як лабісцкая арг-цыя прафес. вайскоўцаў; з канца 1973 палітызаваўся, да сак. 1974 наз. Рух капітанаў. У сак.—крас. 1974 «цэнтр. камісія» руху распрацавала план узбр. выступлення супраць аўтарытарнага рэжыму М.​Каэтану (пераемнік дыктатара А.Салазара). Абапіраўся на капітанаў (каля 2 тыс. чал. у 1974) і інш. афіцэраў партуг. узбр. сіл. Пасля перамогі рэвалюцыі (крас. 1974) праграма руху (у т. л. дэмакратызацыя дзярж. ладу, спыненне вайны у афр. калоніях Партугаліі) прызнана праграмай Часовага ўрада Партуг. Рэспублікі. У снеж. 1975 рэарганізаваны, страціў паліт. значэнне.

Літ.:

Гл. пры арт. Партугальская рэвалюцыя 1974.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСКАЕ ВО́ЙСКА,

цяжкаўзброеная конніца, якая з’яўлялася гал. сілай феад. армій Зах. і Цэнтр. Еўропы ў 11—14 ст. Р.в. складалі рыцары з дробнамаянтковых і сярэдніх феадалаў, іх узбр. слугі — конныя і пешыя лучнікі, капейшчыкі (пікінёры) і пажы. Узбраенне: меч, цяжкае кап’ё (піка), а часам сякера на доўгім дзяржанні, булава або паліца; у якасці засцерагальнага ўзбраення — латы. Ніжэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай Р.в. было кап’ё, у якое ўваходзілі рыцар, збраяносец, конныя і пешыя лучнікі і пажы; вышэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай — сцяг (уключаў 25—80 коп’яў). Бой Р.в. зводзіўся гал. чынам да адзінаборства рыцараў. Найб. развіцця Р.в. дасягнула ў 11—13 ст. (гл. Крыжовыя паходы). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р.в. паступова страціла сваё значэнне.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГУЛЯ́РНЫ ПАРК, французскі парк,

тып парку, для якога характэрны строгая геам. планіроўка, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі, радковыя пасадкі дрэў, баскеты, шырокія партэры з газонамі ці кветкавым арнаментам, басейны, каналы, фантаны. Цэнтр. месца ў Р.п. займаў палац (замак), ад якога разыходзіліся прамыя алеі. Перад ім звычайна знаходзіліся партэры, вадаёмы і каналы. Выразныя прасторавыя акцэнты ўносілі шматлікія скульптуры, абеліскі, малыя арх. формы. Р.п. з’явіліся ў 17 ст. ў Францыі (парк у Версалі, арх. К.Ленотр). У перыяд класіцызму (18 ст.) пашыраны ў Расіі (паркі гарадоў Петрадварэц, Ламаносаў Ленінградскай вобл., Летні сад у С.-Пецярбургу). На Беларусі вядомыя Р.п.: Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, парк у в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

т. 13, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛЮ́ ((Reclus) Жан Жак Элізэ) (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),

французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМЕ́НКА (Мікалай Сцяпанавіч) (5.12.1923, Мінск — 25.6.1995),

расійскі вучоны ў галіне буд. механікі. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1979). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча ў Ленінградзе (1946). З 1946 у Цэнтр. НДІ (у 1971—84 нам. дырэктара), адначасова з 1951 у Ленінградскім ун-це. З 1984 нам. старшыні Прэзідыума Санкт-Пецярбургскага цэнтра і з 1988 дырэктар-арганізатар Ін-та праблем транспарту Рас. АН. Навук. працы па механіцы дэфармавальнага цвёрдага цела, буд. механіцы карабля, статыцы і дынаміцы інж. збудаванняў, фундаментальных праблемах трансп. сістэм і трансп. працэсаў. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Прочность и устойчивость пластин и оболочек судового корпуса. Л., 1967 (разам з К.​Г.​Абрамянам, У В.​Сарокіным).

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМБУ́К (Іван Елісеевіч) (28.7.1919, в. Рог Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 27.5.1979),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Томскае артыл. вучылішча (1945), Ваенна-інж. радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Агнявы ўзвод артыл. палка на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў ліп. 1943 у баях на Арлоўска-Курскім напрамку, дзе 3 дні адбіваў контратакі варожых танкаў і пяхоты, у час фарсіравання Дзясны, Дняпра і Прыпяці агнём гармат садзейнічаў пераправе і наступленню палка. Да 1960 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце. Гаўбіца, разлікам якой камандаваў С., экспануецца ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)