РУМА́ЧЫК (Іван Іванавіч) (24.7.1951, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1998). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1974). З 1974 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, прафілактыкі і мерах барацьбы з туберкулёзам с.-г. жывёлы і птушак.
Тв.:
Микробактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з А.А.Саланенкам);
Праяўленне алергічных рэакцый у жывёлы ў залежнасці ад кратнасці ўвядзення туберкуліну і тэрмінаў уліку рэакцый // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),
частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.
А.А.Ярашэвіч.
Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл.арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс.чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),
горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс.ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд.метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел.гіст.т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.
Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс.ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс.ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс.ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТЭ́ЛЬ (Пятро) (Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед.ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.Канапніцкай, Б.Пруса, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, М.Лермантава, А.Пушкіна, І.Франко, Т.Шаўчэнкі, Б.Брэхта, І.В.Гётэ, Ф.Шылера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гараднянская кераміка. Ганчарны посуд з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ПУЦЬ,
рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал.снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.