насві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да насвістаць.

2. што і без дап. Свістаць (часцей паціху, самому сабе). Насвістваць песню. □ Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сева паціху пачаў насвістваць. Карпаў. // Пра птушак. [Шпак] то заносіў у дзюбцы чарвяка ў шпакоўню, то сядзеў паблізу і насвістваў вясёлыя песенькі. Пальчэўскі. // Пра вецер, мяцеліцу і пад. За акном насвістваў вецер, хвалямі наганяў дождж, усё сцябаў, сцябаў па шыбах. Мыслівец. // Пра машыны, прылады. Вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паадыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

1. Адысці на нейкую адлегласць, у іншае месца — пра ўсіх, многіх. Паадыходзіць убок. Паадыходзілі дзеці ад стала. Паадыходзіць на новыя пазіцыі. □ Жанчыны паадыходзілі ад сваіх [прасніц] і разглядалі на стале фатаграфічную картку. Сабаленка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Адправіцца па свайму маршруту — пра ўсё, многае. Цягнікі паадыходзілі.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Перастаць шчыльна прылягаць, паадставаць у многіх месцах — пра ўсё, многае. Паадыходзілі дзверы. Паадыходзілі завесы на варотах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Прабіцца, прарвацца праз што‑н. з сілай — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мабыць, па гэтай шашы ў мірныя дні і машын хадзіла вельмі мала, бо праз каменне бруку сям-там папрабіваліся чэзлыя зялёныя парасткі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Выступіць на паверхню — пра ўсё, многае. Пачырванеў.. [брыгадзір], аж кроплі поту на носе папрабіваліся. Шынклер.

3. Накалоцца на што‑н. вострае — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салаве́й, ‑лаўя, м.

1. Маленькая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая вылучаецца прыгожым спевам. У адным з найбліжэйшых альховых кустоў .. ізноў зацёхкаў непрыкметны салавей. Брыль.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які славіцца чыстым, прыгожым, пераважна высокім голасам, вакальным майстэрствам. // Іран. Пра гаваруна, балабона, які прыгожа гаворыць, многа абяцае.

3. Разм. Адзін з інструментаў у шумавым аркестры, які складаецца з рэзервуара, запоўненага вадой, і адводнай трубкі, што заканчваецца свістком.

•••

На душы салаўіпра добры, вясёлы настрой.

Пець (залівацца) салаўём гл. пець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справу́нкі, ‑аў; адз. справунак, ‑нка, м.

Разм.

1. Заняткі, справы. [Жонкі] пойдуць па сваіх хатніх справунках, а едучы дахаты, будуць пытацца ў сваіх мужоў, пра што ж гаварылі ў райкоме. Пестрак. У Слуцку, на рыначнай плошчы, зрабіўшы ўсе справункі, сядзеў Кірыла на сваім возе і перакусваў, збіраючыся дадому. Скрыган.

2. Рэч, якую хто‑н. каму‑н. справіў, купіў; абноўка. Старым, маўляў, ніякіх справункаў не трэба, няхай яны, маладыя, лепш пра сябе ды пра сваіх дзяцей дбаюць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узмацне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўзмацнеў, павялічыўся ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Узмацнелы вецер. / Пра голас, гукі. Першы, узмацнелы голас мне пачуўся цёткі Ганны: — Давайце ўсё ж [клубніку] на Яхімаўскі вазіць. Кавалёў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Узмацнелая дружба. // Які стаў больш трывалым, цвёрдым. Узмацнелы лёд.

2. Які стаў больш здаровым, моцным. Узмацнелы падлетак.

3. Які атрымаў больш шырокі размах і арганізаванасць. Партызанскія злучэнні, узмацнелыя ў барацьбе з ворагам, усё больш набывалі рысы высокаарганізаванай арміі. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.

1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.

2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.

3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згры́зці, -зу́, -зе́ш, -зе́; -зём, -зяце́, -зу́ць; згры́з, -зла; згры́зены; зак.

1. што. З’есці грызучы.

З. сухар.

2. што. Сапсаваць грызучы.

З. аловак.

3. перан., каго (што). Змучыць (пра гора, сумненне і пад.).

|| незак. згрыза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

і́масць, -і, ж.

1. Форма ветлівага звароту да таго, каго лічаць вышэйшым па званні, становішчы ў грамадстве і пад. (уст).

Скажыце, і., што там здарылася.

2. Пра жонку блізка знаёмага суразмоўцы (разм., іран.).

Як там твая і. маецца?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ірдзе́ць і (пасля галосных) рдзець, 1 і 2 ас. не ўжыв., -дзе́е; незак.

Рэзка вылучацца (пра што-н. чырвонае), чырванець; быць ярка-чырвоным ад чаго-н.

Ірдзеюць сцягі.

Неба ірдзее.

|| наз. ірдзе́нне і (пасля галосных) рдзе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)