відно́ 1, безас. у знач. вык.

1. Пра наяўнасць дастатковага святла, асвятлення; светла. Пачынае вечарэць, і пакой напаўняе шэры змрок. Толькі каля акна, дзе я сяджу з кніжкай, яшчэ відно. Каршукоў. На вуліцы ўжо было відно. Прачыналася ў скверы птаства. Сабаленка. Хоць.. [маладзік] быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было.. відно. Гартны.

2. Тое, што і відаць (у 1, 3 знач.). Уперадзе.. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Адразу было відно, што.. [Стафанковіч] штосьці цяжкае перажыў апошнімі часамі. Чорны.

відно́ 2, а́, н.

Світанне, досвітак. Пад самую раніцу.. [Лёня] прачнуўся і ніяк не мог дачакацца відна. Ваданосаў.

•••

Ад відна (і) да цямна — з усходу да заходу сонца, з ранку да вечара. Мужчыны.. і жанчыны.. ад відна да цямна працавалі на лузе. Паслядовіч.

Да відна — да світання, да ўсходу сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зе́лень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зеленьсветла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грыф 1, ‑а, м.

1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.

2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.

[Грэч. gryps.]

грыф 2, ‑а, м.

1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.

2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.

[Ням. Griff.]

грыф 3, ‑а, м.

1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.

2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.

[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ружо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.

2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.

3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.

•••

Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.

У ружовым святле гл. святло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЛІ́ВА, глазура,

шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.

Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.

На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.

Літ.:

Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.

М.​Р.​Казарог, У.​В.​Угрыновіч.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gellсветла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ран ‘шарон, цвёрды слой снегу пасля адлігі’ (Нас., Гарэц., Касп.; докш., Гіл., Янк. Мат.), се́ран, се́рен, се́рана, сяро́н, сяру́н, серані́ла, серанок, се́рань ‘тс’ (Сл. ПЗБ; віц., маг., гом., ЛА, 2), се́рън ‘тс’ (Нар. сл.), серано́к (Бяльк.), сі́рна (Шатал.) ‘тс’. Укр. сере́н, рус. серён, се́рен, се́рень ‘тс’, ст.-рус. серенъ ‘шарон’, серенъ ‘белай масці (аб кані)’, рус.-ц.-слав. срѣнъ ‘белы’, польск. śron, śrzon, szron ‘іней, шэрань’, чэш. stříň ‘першы тонкі лёд на вадзе’, славац. srieň ‘іней, шэрань’, славен. srȇň, srẹ̑nj ‘іней; шарон’. Прасл. *sernъ або *sernь. Роднасныя літ. ser̃kšnas, šer̃kštasсветла-шэры’, лат. sērns, sērksnis м. р., sę̄rsna ж. р. ‘шэрань; іней, галаледзіца; шарон’, ст.-ісл. hjarn ‘замёрзлая маса снегу’; гл. Траўтман, 303; Мюленбах—Эндзелін, 3, 722, 820. 831; Торп, 78; Фасмер, 3, 608; Махэк₂, 588. Сной₁ (602) славянскія словы і роднасныя ўзводзіць да і.-е. *kʼer‑s‑no ‘светлы, шэры’. Борысь (607) удакладняе, што слав. *sernъ — гэта субстантываваны прыметнік *sernь ‘белы, сіваваты’, а дыял. *srenь — той жа прыметнік, субстантываваны пры дапамозе суф. ‑jь (*sern‑jь). Выказаную здагадку Тапарова (Балтийские яз., 46) адносна магчымага запазычання рус. се́рин ‘шарпак’ з літоўскай адводзіць Анікін (Опыт, 275), бачачы паміж ім і літ. šer̃kšnas толькі генетычную сувязь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́н 1, ‑а, м.

1. Парадная гасціная або зала для прыёму гасцей у арыстакратычным доме. // Камфартабельна абсталяванае памяшканне для пасажыраў па параходзе, у поездзе, а таксама агульная гасціная ў атэлі, гасцініцы і пад. У музыкальным салоне На цеплаходзе «Латвія» Сабраліся пасажыры — Вандроўнікі знатныя. Калачынскі.

2. Літаратурны або грамадска-палітычны гурток з вядомых асоб арыстакратычнага асяроддзя, якія пастаянна збіраліся ў прыватным доме. Міцкевіч быў у салоне Саламеі Бэкю, прысвяціў гаспадыні верш і прыхільна адгукнуўся аб паэтычных практыкаваннях яе сына. Лужанін.

3. Зала для дэманстрацыі і продажу прадметаў гандлю. Салон жаночага адзення. Салон абутку. // Магазін мастацкіх вырабаў і твораў мастацтва. Разоў з пяць абышла.. [Муза Сымонаўна] салон, аднак усе карціны здаваліся ёй не такімі, якую б хацеў мець у сваім кабінеце Пятро Іванавіч. Арабей.

4. Памяшканне для пасажыраў у аўтобусе, тралейбусе і пад. У салоне самалёта было прасторна і светла. Хадкевіч.

5. Зала, памяшканне спецыяльнага прызначэння. Дамскі салон-цырульня.

•••

Салон-вагон — пасажырскі вагон, у адной палавіне якога размешчаны купэ, а ў другой — агульная зала для пасажыраў.

[Фр. salon.]

сало́н 2,

гл. салоны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стальны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.

2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.

3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)