АСТРО́ЖСКАЯ ШКО́ЛА, Грэка-славяна-лацінская калегія,

першая школа вышэйшага ўзроўню на Украіне. Засн. каля 1576 К.В.Астрожскім у мяст. Астрог (цяпер горад у Ровенскай вобл.), вядомая пад назвай «акадэмія». Была асв. цэнтрам антыкаталіцкага кірунку. Выкладалі слав., грэч., лац. мовы, граматыку, арыфметыку, рыторыку, логіку, музыку, харавыя спевы. Першы рэктар — Г.​Сматрыцкі. Пры школе дзейнічалі Астрожская друкарня і навук.-літ. гурток, члены якога выдавалі навуч. дапаможнікі, помнікі грэка-візант. пісьменства, палемічныя творы. Астрожская школа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва і арганізацыі школ, зрабіла ўплыў на адкрытыя пазней брацкія школы ў Львове, Кіеве, Вільні, Брэсце і інш. Спыніла дзейнасць у 1636.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЗАР (Windsor),

Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс. ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст. Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.

Да арт. Віндзар. Уваход у замак.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ (Антон Канстанцінавіч) (6.6.1910, в. Казлы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1980),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Віленскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1950—71). Даследаваў помнікі татара-мусульманскага пісьменства на бел. мове («Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма», 1968), фанетыку, графіку і арфаграфію судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566—67. Выявіў 24 рукапісныя кнігі 17 — пач. 20 ст. на бел. мове араб. пісьмом. Працы Антановича паказваюць суадносіны бел. літ. і жывой гутарковай мовы розных часоў, фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці нар. бел. гаворак.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр. б. базыльянскага манастыра ў в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),

старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМХА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з семітахаміцкіх моў (семіцкая група). Пашырана ў Эфіопіі (дзярж. мова) і некат. сумежных краінах (Самалі, усх. раёны Судана). Генетычна блізкая да эфіопскай мовы — геэз (мёртвая мова эпіграфікі і хрысц. л-ры Эфіопіі). У амхарскай мове вылучаюць 3 дыялекты: шаанскі (аснова літ. мовы), гаджамскі і гандарскі. У фанетыцы 7 галосных і 28 зычных фанем. Для імяннога словаўтварэння характэрна словаскладанне, для сінтаксісу — фіксаваны парадак слоў з выказнікам у канцы сказа. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 14 ст. Літ. Амхарскай мовы развіваецца з 19 ст. і карыстаецца складовым эфіопскім пісьмом.

Літ.:

Титов Е.Г. Современный амхарский язык. М., 1971.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,

манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн. Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).

Барысаў камень каля Сафійскага сабора ў Полацку.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙРА́М-АЛІ́,

горад у Туркменістане, цэнтр раёна ў Марыйскай вобласці. У Мургабскім аазісе. Засн. ў 1886. Чыг. станцыя. Лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. З 1933 дзейнічае як кліматычны курорт. Клімат рэзка кантынентальны з мяккай зімой і гарачым летам. Сезон з крас. да лістапада спрыяльны для лячэння хворых з хранічнымі запаленнямі нырак, у астатні час — для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб. У будынку б. царскай сядзібы (канец 19 ст.) санаторый з аддз. для падлеткаў. У наваколлі помнікі стараж. архітэктуры, у т. л. маўзалей, рэшткі мячэцяў і палацаў 7—15 ст., гарадзішчы.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́ (Bali),

востраў у Малайскім архіпелагу, самы заходні з Малых Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Абмываецца на Пн морам Балі і на Пд Індыйскім ак. Пл. 5,6 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 3142 м (вулкан Агунг). Берагі стромкія, парэзаны слаба. Клімат субэкватарыяльны. Схілы гор пад трапічнымі лясамі (пальмы, цікавае дрэва). На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць рыс, каву, какаву. Асн. гарады: Дэнпасар, Сінгараджа. Стараж. цэнтр інданезійскай і індуісцкай культуры («востраў тысячы храмаў», арх. помнікі «Каралеўскія магілы», 11 ст., і «Слановая пячора», каля 13 ст.), нар. мастацтва (разьба па дрэве і косці, маскі, дэкар. тканіны і інш.) і турызму.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́НЦАЎ (Віктар Кірылавіч) (н. 28.8.1947, Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1968), Бел. тэатр. маст. ін-т (1978). Сярод манум. твораў фрэска «Сынам зямлі беларускай» (1981), вітраж «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1988), мазаіка «Партрэты асветнікаў» (1989), станковых работ («Мікола Гусоўскі», 1980; «Выклік кінуты. С.​Будны», 1981; «Асветнікі», 1989; «Кірыла Тураўскі», 1990; «На радзіме. М.​Багдановіч», 1991), пейзажаў («Вераснёўскія туманы», «Мікалаеўшчына. Свята», «Зімовы дзень»), нацюрмортаў («Пара сенажаці», «Апошнія кветкі»). Значнае месца ў яго творчасці займае чарнобыльская тэма (цыкл «Зона», 1989). Палотны мастака адметныя сімволіка-алегарычным гучаннем, драм. напружанасцю, каларыстычнымі кантрастамі. Іл. гл. да арт. Вітраж.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)