КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Аўрамавіч, н. 8.10.1938, в. Халіпы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт. Піша на бел. і рус. мовах. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1961). Працаваў у прэсе. У 1964 пераехаў у Крым, жыве ў Ялце. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў «Млечны шлях» (1969), «Сем калодзежаў» (1976), «Родныя гарызонты» (1982), «Вянок васільковы» (1992). Асн. матывы яго творчасці: любоў да роднай зямлі, адзінства чалавека і прыроды.
М.П.Кенька.
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Анатоль Сяргеевіч) (н. 28.7.1962, в. Асінаўка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі ун-т (1985). З 1990 у час. «Полымя», з 1992 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1985. Аўтар кніг прозы «Першыя сцяжыны» (1987), «Міражы ценяў» (1990), «І тады я памёр» (1993), аповесцей «Адкуль з’явіліся Яны» (1992), «Перакуліся, перакуленае» (1998). У творах спалучае рэаліст. і містычнае (побач з героямі дзейнічаюць ведзьмакі, пярэваратні, русалкі і інш.).
т. 7, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.
Тв.:
Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МБУРАЎ (Пётр Георгіевіч) (1860 — пасля 1917),
бел. архітэктар, прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1885). З 1887 працаваў у Магілёве, у 1888—1917 епархіяльны, у 1892—95 губернскі, у 1895—1914 гар. архітэктар. Пабудаваў гар. т-р (1886—88, гл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, шмат жылых дамоў і культавых будынкаў у Магілёве і Магілёўскай губ.
В.М.Чорнатаў.
т. 7, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў,
у Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Каратышкі. Пластападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жаўтавата-шэрыя, месцамі бураватыя, абжалезненыя, пераважна дробназярністыя, палевашпатава-кварцавыя, участкамі жвірыстыя і гліністыя. Разведаныя запасы 5,66 млн. м³, перспектыўныя — 17,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 11,8—17,4 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 8, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎХУ́ТА (Генадзь Адамавіч) (3.10.1940, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1998),
бел. вучоны ў галіне ядз. тэхнікі і тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1965). З 1965 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. даследаванні па тэхналогіі перапрацоўкі ядз. паліва і адходаў дэзактывацыі, распрацоўцы методык вызначэння ізатопаў стронцыю-90 і трансуранавых элементаў у біял. аб’ектах, вывучэнні трансфармацыі радыенуклідаў у мінералах глебы і магчымасцей іх фіксацыі.
т. 8, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЖЫ́ВАНЬ (Анеля Тадэвушаўна) (1925, хутар каля с. Садовае Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.10.1943),
удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). У 1943 добраахвотна ўступіла ў жаночую роту аўтаматчыкаў 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. Вызначылася 12.10.1943 у час бою каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Калі ў час бамбардзіроўкі загарэлася машына з дакументамі штаба дывізіі, К. кінулася ратаваць дакументы і параненых. Загінула ў агні.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТО́Ў (Леанід Лявонавіч) (н. 7.4.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. спартсмен (вольная барацьба). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1969). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1975 трэнер спартклуба БВА. Чэмпіён Еўропы (1970, Берлін) у цяжкай вазе. Сярэбраны (1969, Мінск) і бронз. (1966, г. Новасібірск, Расія) прызёр чэмпіянатаў СССР. Чэмпіён Беларусі (1964—69) па вольнай барацьбе і ў 1969 — па самба. Шматразовы пераможца і прызёр на міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтвах.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЧКО́Ў (Аляксандр Віктаравіч) (н. 30.6.1952, в. Ваўкавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі с.-г. вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БСГА (1974), дзе і працуе. Навук. працы па распрацоўцы энергарэсурсазберагальных і экалагічна бяспечных тэхналогій і машын для сельскай гаспадаркі.
Тв.:
Механизация возделывания зерновых по интенсивной технологии. Мн., 1990;
Сельскохозяйственные машины. Мн., 1997 (разам з М.В.Чайчыцам, В.П.Буяшовым).
т. 8, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)